Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракапенка і Францкевіч адмовіліся пісаць прашэньні аб памілаваньні


Арцём Пракапенка
Арцём Пракапенка

На палітвязьняў-анархістаў пачаўся новы віток ціску, каб прымусіць іх напісаць прашэньні аб памілаваньні, нягледзячы на тое, што ўсе яны абвешчаныя злоснымі парушальнікамі рэжыму. Арцёма Пракапенку, як і Ігара Аліневіча, пазбавілі кароткатэрміновага спатканьня з роднымі.

З шасьці асуджаных анархістаў прашэньне аб памілаваньні напісаў толькі Павал Сырамалотаў, які адбывае 7-гадовае пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 19. Арцём Пракапенка, які быў асуджаны разам з Сырамалотавым і Васьковічам па адной справе — за спробу падпалу дзьвярэй Бабруйскага КДБ, прашэньне падпісаць адмовіўся, паведаміла маці Арцёма спадарыня Віялета:

«Я яму казала, што Павал напісаў прашэньне, я раней ведала пра гэта. Арцём таксама кажа, што, падобна, дакладна напісаў, бо яму кіраўніцтва ставіла ў прыклад Пашу: маўляў, пішы і ты. Але Арцём кажа, што дарма Паша гэта зрабіў. Я ня раз яго прасіла напісаць, бацька ўвесь час кажа, што трэба падпісваць, каб выйсьці адтуль. Але ён кажа: „Не, я ня буду“. І ўсё...»

Віялета Пракапенка распавяла, што яе сын таксама стаў злосным парушальнікам рэжыму і за гэта яго пазбавілі спатканьня з роднымі:

«7 ліпеня павінна было быць тэлефанаваньне, але ён не пазваніў. Прачакала цэлы вечар. Ня ведаю, дзе ён, што зь ім і як. Акрамя ранейшых пакараньняў, яго цяпер пазбавілі кароткатэрміновага спатканьня. Мы зьбіраліся пры канцы ліпеня на спатканьне, а зараз яго забаранілі».

Аляксандар Францкевіч
Аляксандар Францкевіч
Маці Аляксандра Францкевіча, які адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі, спадарыня Тацяна распавяла, што на яе сына таксама ціснуць:

«Да Сашы зноў прыяжджаў сьледчы, які яго арыштоўваў, Літвінскі, і прапанаваў зноў пакаяцца і напісаць прашэньне. Ведаю дакладна, што пакуль ён нічога не пісаў. Яго і начальнік зоны выклікаў да сябе, казаў — маўляў, „пашкадуй маці“. Хоць я з начальнікам зоны ні разу ня бачылася. Ідзе такі ціск зноў, каб падпісвалі прашэньні. Алё ён нічога ня хоча падпісваць».

Мікалай Дзядок
Мікалай Дзядок
Жонка Мікалая Дзядка, які адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі № 17, Валерыя Хоціна кажа, што ведае пра новыя захады наконт памілаваньня, але да яе мужа ніхто не прыяжджаў:

«Пра Колю я такога ня ведаю. Альбо ён ня можа паведаміць, альбо, хутчэй за ўсё, ніхто не прыяжджае, таму што зразумелі, што няма сэнсу».

Мікалай Дзядок на паўгода зьмешчаны ў так званае «памяшканьне камэрнага тыпу», камэру-адзіночку за тое, што не пагадзіўся выходзіць на працу ў суботу. Зараз ён напісаў скаргу на незаконнае, на яго погляд, зьмяшчэньне ў ПКТ. Трымаецца бадзёра, хоць гэта і няпроста, бо па натуры Мікалай — чалавек надзвычай актыўны, кажа ягоная жонка Валерыя:
Я атрымліваю чарговае пакараньне, таму што яны слабыя.

«Яму цяжкавата аднаму знаходзіцца пастаянна, тым больш што на працу цяпер ня водзяць. Але ўсе лісты — і да мяне, і да бацькоў — аптымістычныя. Усякі ціск на яго дзейнічае наадварот: маўляў, я атрымліваю чарговае пакараньне, таму што яны слабыя. Піша, вельмі сьмяяўся, калі маці ў адказ з калёніі прыйшоў ліст, што яго перавялі з Магілёва ў Шклоў з той прычыны, што ён дрэнна ўплываў на астатніх зьняволеных. Мікалай казаў: «Для мяне гэта быў проста камплімэнт». Ён і нас рыхтаваў, і сам быў гатовы да рэпрэсіяў. Ён як толькі пераехаў у Шклоўскую калёнію, і нам сказаў, што, маўляў, чакайце, я хутка пераеду ў „крытую калёнію“».

Пакуль Мікалай як злосны парушальнік рэжыму знаходзіцца ў адзіночцы Шклоўскай калёніі. У магілёўскай «крытай турме» № 4 адбывае пакараньне Яўген Васьковіч. Родныя Яўгена ня ведаюць, ці прапаноўвалі яму пісаць прашэньне аб памілаваньні, як іншым палітвязьням.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG