Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падатковая патрабуе ў праабаронцы «Вясны» дэклярацыю за 7 гадоў


Тацьцяна Равяка
Тацьцяна Равяка

Падатковая інспэкцыя патрабуе ад праваабаронцы Тацяны Равякі справаздачу аб прыбытках і маёмасьці за пэрыяд з 2004 па 2010 год.

Праваабаронцы лічаць гэта чарговай праявай ціску.

Тацяна Равяка: «Вялікі кавалак часу я мушу на гэта патраціць, каб сабраць усе неабходныя паперы. Бо гэта значны пэрыяд — 7 гадоў.

Я гэта абавязкова зраблю, хоць ад мяне патрабуюць справаздачу да 3 кастрычніка. Але буду прасіць, каб мне далі большы тэрмін.

У гэтых дакумэнтах я ня маю намеру даваць справаздачу пра тыя сродкі, якія выяўленыя ў межах судовага працэсу над Алесем Бяляцкім. Гэта тыя сродкі, якія былі выдзеленыя мне на праваабарончую дзейнасьць і якія былі патрачаныя менавіта на гэта. Я не адмаўляла гэтыя сумы ў судовым працэсе. Ад сваіх паказаньняў я адмаўляцца ня буду. Але справаздачыцца перад падатковай за гэтыя грошы я не змагу, бо гэтыя грошы патрачаныя ня мной асабіста.

Я гэта ўспрымаю як дадатковы ціск».
Я ня маю намеру даваць справаздачу пра тыя сродкі, якія выяўленыя ў межах судовага працэсу над Алесем Бяляцкім

«Вясна» адзначае, што цягам году беларускія спэцслужбы цікавіліся ўдзельнікамі школаў правоў чалавека, якія арганізоўвае праваабарончы цэнтар.

Тацьцяна Равяка: «Школы правоў чалавека — гэта нашая традыцыйная асьветніцкая праграма для студэнтаў і моладзі. Яна праводзіцца ўжо 7 гадоў. У гэтым годзе ў нас было 4 групы, гэта больш за 80 чалавек. І частку ўдзельнікаў ужо выклікалі ў КДБ у розных рэгіёнах Беларусі. І пыталіся ня толькі пра зьмест праграмы, пра трэнэраў, але і пра фінансаваньне праграмы. А таксама пра тое, ці не атрымлівалі яны самі грошы ад кіраўніцтва праграмы і каардынатараў. Пытаньні фінансавай дзейнасьці праваабаронцаў застаюцца пад шчыльнай увагай супрацоўнікаў і спэцслужбаў, і вось ізноў падатковай інспэкцыі».

Тацяна Равяка адзначыла, што «Вясна» зазнае надзвычайны ціск з боку ўладаў:

«Кіраўнік нашай арганізацыі (Алесь Бяляцкі. — РС) знаходзіцца ў турме. У нас няма юрыдычнага статусу, арганізацыя ліквідаваная. У нас канфіскаваны офіс. І тое, што мы дагэтуль у ім знаходзімся, гэта ўжо цуд. Бо офіс юрыдычна нам не належыць. Пастаянная ўвага да супрацоўнікаў нашай арганізацыі і перасьлед намесьніка старшыні Валянціна Стэфановіча, і вось мяне цяпер. Гэта не таму, што я проста Тацяна Равяка. А таму, што я працавала, працую і буду працаваць у „Вясьне“. Нягледзячы ані на што».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG