Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Равяку апытваў у КДБ чалавек з двума прозьвішчамі


Тацяна Равяка
Тацяна Равяка

Праваабаронца Тацьцяна Равяка апавяла Радыё Свабода падрабязнасьці свайго паходу ў КДБ. Найперш, яе зьдзівіла, што выклік быў зьвязаны не з праваабарончай дзейнасьцю, а з кампаніяй па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў

Равяка: «Для мяне гэта было, канечне, нечаканасьцю, я думала, што гэта будзе зьвязана з маёй праваабарончай дзейнасьцю, але не з канкрэтнай публікацыяй, якая была разьмешчана на сайце „Вясны“ 15 жніўня. Мяне апытвалі — як яны назвалі — як упаўнаважанага прадстаўніка праваабарончага цэнтру „Вясна“ ў сувязі з публікацыяй, якая называецца „У Магілёве КДБ умешваецца ў выбарчы працэс“.

Асноўнае пытаньне было — ці правярала я гэтую інфармацыю ў мясцовым аддзяленьні КДБ. Я адказала, што не правярала і выказала сумнеў, што мне далі б сапраўды праўдзівы адказ адносна дзеяньняў супрацоўнікаў, калі яны на самой справе былі такімі, як апісана ў інфармацыі. Было пытаньне: ці разумею я, што калі гэтая інфармацыя не пацьвердзіцца, то, разьмяшчаючы яе, я тым самым дыскрэдытую ня толькі органы бясьпекі як дзяржаўны орган, але і ўсю Рэспубліку Беларусь, бо інфармацыю чытаюць ня толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. На маё пытаньне — ці ня хочуць яны ў зьвязку з гэтым вынесьці мне папярэджаньне або ўзбудзіць справу ў сувязі з дыскрэдытацыяй Рэспублікі Беларусь, яны сказалі, што пакуль пра гэта пытаньне не стаіць».

У сваю чаргу, як адзначае спадарыня Равяка, мэтады дзеяньняў супрацоўнікаў КДБ выклікаюць ня меней пытаньняў. Яна згадвае, што супрацоўнік, які ўручаў ёй позву, летась праводзіў ператрус у офісе «Вясны». І тады ён фігураваў зусім пад іншым прозьвішчам:

«Хацела б адзначыць, што адносна таго чалавека, які прадставіўся мне сёньня як капітан Рубінаў, у мяне вялікі сумнеў, што гэта сапраўды ён. Бо гэты чалавек як Аляксандар Мацкевіч — а не Аляксандар Рубінаў — прысутнічаў пры правядзеньні ў нас ператрусу 17 студзеня 2011 году. Так што ў мяне, у сваю чаргу, ёсьць пытаньні да КДБ адносна праўдзівасьці той інфармацыі і тых зьвестак, якія яны даюць людзям, якіх апытваюць па розных справах. Зараз я хацела б вось на гэтым акцэнтаваць увагу: якім чынам я буду дбаць пра імідж КДБ, калі яны самі, нават называючы свае прозьвішчы, хлусяць?».

Праваабаронцу Тацьцяну Равяку выклікалі ў КДБ раніцай 17 жніўня.


Аляксандар Мацкевіч, ён жа — Аляксандар Рубінаў. Здымак з сацыцыльнай сеткі Facebook
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG