Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь не гатовая бачыць Кіргізстан у Мытным саюзе


Пасольства Беларусі ў Кіргізстане
Пасольства Беларусі ў Кіргізстане

Такую пазыцыю Беларусь захавае да «ўрэгуляваньня палітычных пытаньняў» — заявіў пасол у Казахстане Валер Брылёў.

Паводле інфармацыі агенцтва Tengrinews.kz, Валер Брылёў лічыць, што гэта «палітычны момант, і вельмі балючы для Беларусі. «Вы ведаеце, якія адносіны там былі, што адбывалася каля нашага пасольства, шкло білі... Кіргізстан патрабуе выдачы экс-прэзыдэнта і яго брата. Гэтая тэма складаная. Яна, мякка кажучы, засмучае беларускі бок».

Аляксандар Лукашэнка яшчэ 1 верасьня паставіў пад пытаньне хуткае далучэньні Кіргізстана да Мытнага саюзу.

Аднак да дыпляматычнага скандалу паміж Беларусьсю і Кіргізстанам жаданьне апошняга далучыцца да Мытнага саюзу ўсяляк віталася.

5 верасьня Генпракуратура Беларусі адмовіла Кіргізстану ў выдачы Джаныша Бакіева, малодшага брата былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева.

«З улікам падзеяў, якія адбыліся ў Кіргіскай Рэспубліцы, і характару абвінавачаньняў, якія выстаўляюцца Дж. Бакіеву, беларускі бок лічыць, што запыт пра выдачу зьвязаны зь перасьледам яго па прыкмеце палітычных перакананьняў, таму запыт Генэральнай пракуратуры Кіргіскай Рэспублікі пра выдачу Дж. Бакіева пакінуты без задавальненьня», — паведаміў афіцыйны сайт Генэральнай пракуратуры Беларусі.

17 жніўня ў цэнтры Менску ў кавярні «Грунвальд» актывіст апазыцыйнага руху Беларусі «Гавары праўду» Міхась Пашкевіч сфатаграфаваў малодшага брата экс-прэзыдэнта Кіргізстана Джаныша Бакіева які выходзіў з кавярні ў суправаджэньні двух чалавек.

Паводле МУС Кіргізстана, на менскіх здымках былі зафіксаваныя Джаныш Бакіеў, Тахір Рысаліеў (былы намесьнік Службы дзяржаўнай аховы), Рустам Сайдуеў (блізкі сябар Максіма Бакіева, брата Курманбека Бакіева).

Кіргіскія ўлады сьцьвярджаюць, што гэтыя тры асобы зьяўляюцца падазраванымі ў справе патройнага забойства ў Кіргізстане ў 2009 годзе: былога кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Кіргізстана Мэдэта Садыркулава, кіроўцы Кубата Сулайманава і дырэктара Міжнароднага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Сяргея Сьлепчанкі.

7 красавіка 2010 году быў скінуты рэжым другога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які, у сваю чаргу, прыйшоў да ўлады пасьля выгнаньня 24 сакавіка 2005 году свайго папярэдніка Аскара Акаева. Палітычны прытулак у Беларусі сям’я Курманбека Бакіева атрымала дзякуючы асабістаму распараджэньню Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG