Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Датэрміновае галасаваньне трэба адмяніць»


Сяргей Альфер
Сяргей Альфер

Чым небясьпечна датэрміновае галасаваньне, чаму апазыцыя і праваабаронцы заклікаюць выбаршчыкаў ня браць у ім удзел? Якія зьмены варта ўнесьці ў заканадаўства, каб там было менш магчымасьцяў для парушэньняў і неадназначнага тлумачэньня нормаў законаў?

На гэтыя пытаньні адказвае экспэрт у выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер.

Цыганкоў: Чаму датэрміновае галасаваньне. На думку праваабаронцаў і назіральнікаў, стварае для ўладаў асаблівыя магчымасьці для фальсыфікацыяў? У чым гэта выяўляецца?

Альфер: Па-першае, улады актыўна выкарыстоўваюць адміністратыўны рэсурс, каб запрасіць выбаршчыкаў на ўчасткі для датэрміновага галасаваньня.

Па-другое, сёньня ўжо зьяўляецца новая тэндэнцыя, калі выбарчыя камісіі запісваюць зьвесткі пра тых, хто прагаласаваў, неадпаведна рэальнай колькасьці. Як паведамілі назіральнікі на адным з участкаў, было 6 чалавек, яны адлучыліся на 15 хвілінаў, стала 66 чалавек. Праводзіцца палітыка на павялічэньне колькасьці выбаршчыкаў, якія бяруць удзел у датэрміновым галасаваньні. У першы дзень зафіксавана 2-3 працэнты, у другі дзень, я думаю, будзе ўжо 6-7 працэнтаў, а па стану на 22 верасьня будзе каля 25 працэнтаў.

Прычына гэтага відавочная: датэрміновае галасаваньне — найменш кантраляваны від галасаваньня. Адзінае, што могуць зрабіць назіральнікі — гэта адсачыць колькасьць выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі. Гэта іхні пэрсанальны падлік, і калі ён не супадае з падлікам выбарчай камісіі, то камісія заўсёды потым мае рацыю.

Цыганкоў: Гучаць галасы, што ўлічваючы ўсе гэтыя асаблівасьці, варта было б увогуле адмяніць датэрміновае галасаваньне — прынамсі, да таго моманту, пакуль у Беларусі не ўсталявалася трывалая дэмакратыя? Ці згодныя вы з такім падыходам?

Альфер: Безумоўна, згодны. Ва ўсіх варыянтаў зьменаў выбарчага заканадаўства, якія я рыхтаваў, я стаяў за тое, што на час пераходу Беларусі да дэмакратыі выбарчае права трэба зьмяніць такім чынам. Каб усе суб’екты выбарчага працэсу мелі мінімальныя магчымасьці парушыць гэтае заканадаўства. Каб правапрымяненьне было максымальна канкрэтным, без варыянтаў.

Датэрміновае галасаваньне — нармальная норма для краінаў з трывалай дэмакратыяй, дзе пытаньне парушэньне выбарчага заканадаўства зьяўляецца нонсэнсам. На сёньня ў Беларусі трэба, каб галасаваньне праходзіла ў адзін дзень. І каб у выбарчых камісіях былі прадстаўнікі ўсіх бакоў — і апазыцыі, і ўлады.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG