Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуды актывістам «Зьмены»: арышты і штраф

абноўлена

 Вінаградаў: Я сяджу суткі праз трое
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:39 0:00
Наўпроставы лінк

Вінаградаў: Я сяджу суткі праз трое

Суд Фрунзенскага раёну Менску разглядаў адміністратыўныя справы супраць Паўла Вінаградава, Аляксандра Арцыбашава, Ганны Курловіч і Ягора Віняцкага, якія 18 верасьня спрабавалі правесьці ў Менску пікет за байкот выбараў..

16:00 Паўлу Вінаградаву далі 12 сутак арышту. Зь іх за пікетаваньне — 7, за брыдкаслоўе — 5.

Як тлумачыў судзьдзі Натальлі Каровінай Павал Вінаградаў, ён як давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Арцёма Лявы падаў у вызначаны тэрмін заяўку на пікет. Павал ведаў, што Лява зьбіраецца здымацца з выбараў, таму яны дамовіліся, што заяву пра гэта кандыдат падасьць праз гадзіну пасьля пачатку пікету. Пра тое, што а 12 гадзіне дня, калі пачаўся іх пікет, Цэнтравыбаркам зьняў Арцёма Ляву з выбараў, Павал Вінаградаў і ягоныя сябры, як яны кажуць, ня ведалі. «Мы ўсталявалі інфармацыйны стэнд з партрэтам Лідзіі Ярмошынай і яе зацытаванымі словамі: „Не хадзі на выбары — вары боршч“, расьцягнулі плякат „Галасуй — не галасуй“ і паставілі стол, на якім была каструля са смачным баршчом, — зьбіраліся ім частаваць мінакоў».

Вось што было далей, са словаў Паўла Вінаградава:

«Прыкладна а 12.10 на нас накінуліся міліцыянты ў цывільным, пахапалі журналістаў з камэрамі і актывістаў, зацягнулі ў аўтобус і адвезьлі ў міліцыю».

Суд, аднак, палічыў, што актывіст парушыў парадак правядзеньня вулічных акцыяў, і прысудзіў за гэта 7 сутак арышту. Яшчэ 5 сутак Павал атрымаў за тое, што нібыта брыдкасловіў на вуліцы падчас затрыманьня. Гэта пацьвердзілі ў судзе міліцыянты Аляксей Кавалеўскі і Міхал Дубоўскі, якія яго затрымлівалі. Пры гэтым яны давалі супярэчлівыя паказаньні наконт часу затрыманьня. Адзін казаў пра 12.30, другі пра 12.15. Між тым, паводле Паўла Вінаградава, затрымалі яго літаральна праз 10 хвілін пасьля пачатку пікету — гэта было ў 12.10. Вінаградаў прапанаваў суду прагледзець відэа тых падзей, каб пераканацца, што сьведкі хлусяць. Відэа сябры актывіста гатовыя былі паказаць з ноўтбука проста на працэсе. Але судзьдзя Натальля Каровіна ад прагляду адмовілася. «Невядома, хто здымаў», — сказала судзьдзя.

Павал Вінаградаў пасьля працэсу змог сказаць некалькі словаў журналістам. У прыватнасьці, ён распавёў, што на Акрэсьціна зараз холадна і сыра, але на гэта ён не зьвяртае ўвагі:

«На Акрэсьціна 23-га верасьня таксама будзе галасаваньне. Паколькі мы там са „Zмены“ апынуліся, то вырашылі арганізаваць там байкот выбараў. Асабіста я паспрабую зрабіць так, каб ніводзін чалавек з камэры, дзе я буду сядзець, ня браў удзелу ў выбарах».



Павал Вінаградаў
Павал Вінаградаў


14:50 Ягора Віняцкага асудзілі на 7 сутак арышту. Працэс над Вінаградавым завершыўся, але прысуд пакуль не абвешчаны.


Ягор Віняцкі
Ягор Віняцкі


14:20 Аляксандра Арцыбашава асудзілі на 10 сутак арышту.

12:50 Ганьне Курловіч прысудзілі 2 мільёны рублёў штрафу. Супраць яе сьведчылі два міліцыянты.

12:40 Пачалі судзіць Аляксандра Арцыбашава. Судзьдзя — Дзьмітрый Лукашэвіч.

12:00 Судзьдзя Людміла Лапо пачала судзіць Ганну Курловіч. На працэс нікога не пусьцілі. Калі Ўладзімер Някляеў і Сяргей Вазьняк спрабавалі трапіць у залю, ім заявілі, што працэс адкрыты, але праходзіць за зачыненымі дзьвярыма.


Ганна Курловіч
Ганна Курловіч


11:50 Арцыбашава будзе судзіць Зьміцер Лукашэвіч. Вінаградава — Натальля Каровіна.

Усіх чатырох вінавацяуь у тым, што яны ўдзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі.

У суд прыйшоў адзін з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў.

Лідэр кампаніі «Гавары праўду», былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў цягам працэсу над Паўлам Вінаградавым двойчы спрабаваў выйсьці з суду. Тлумачыў, што ня мог стрываць, як міліцыянты давалі хлусьлівыя, на ягоную думку, паказаньні. Пасьля суду Някляеў выказаўся пра свае ўражаньні:

«Тут два моманты. Першы — гэта рэальныя адносіны ўлады да рэальнага байкоту. Вось калі б быў байкот ад усёй апазыцыі, гэтак бы да ўсёй апазыцыі і ставіліся б. Другое — гэта нязьменны курс улады, які не адрозьніваецца ад прэзыдэнцкіх выбараў. Кірунак на ціск на грамадзтва, на рэпрэсіі. Ні да чога добрага гэта прывесьці ня можа. Краіна стаіць у ступары. Мы гэта бачылі сёньня ў судзе ў міліцэйскіх вачах, калі не міргнуўшы чалавек хлусіць, бо да яго гэтак жа хлусіў ягоны начальнік».


11:40 У суд прывезьлі затрыманых удзельнікаў учорашняга пікету.

10:00 Падсудных у Фрунзенскі суд яшчэ не прывезьлі.

Маладых людзей затрымалі 18 верасьня, калі яны спрабавалі правесьці пікет за байкот выбараў.

Сачыце за абнаўленьнямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG