Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежная журналістка высьвятляе, хто разьмясьціў яе фота на порнасайце


Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова

Невядомыя зьмясьцілі на сайце для дарослых інтымныя фота журналісткі і акторкі Ларысы Шчыраковай.

Раней КДБ на нейкі час сканфіскаваў у яе прыватны кампутар. Шчыракова здымалася ў фільме «Белсату» пра Палуту Бадунову. Шчыракова ня мае сумневаў, што так КДБ помсьціць ёй за прафэсійную дзейнасьць.

«Свабода» пагутарыла з журналісткай.

Карэспандэнт: «Ларыса, як вы знайшлі свае здымкі на сайце з кантэнтам для дарослых?»

Шчыракова: «Увечары 31-га жніўня мне мой знаёмы даслаў дзьве спасылкі: адна з навіннага сайту, другая з порнасайту».

Карэспандэнт: «Гэта сапраўдныя фота ці фаташоп?»

Шчыракова: «Гэта сапраўдныя фатаздымкі».

Карэспандэнт: «Як вы думаеце, як яны маглі трапіць у чужыя рукі?»

Шчыракова: «Ёсьць два варыянты. Мае сябры прыйшлі ў госьці, селі за мой кампутар (больш я нікога не пускаю), узялі і як бы жартам разьмясьцілі. Другі варыянт: са студзеня да траўня кампутар знаходзіўся ў КДБ, у кампутары гэтыя здымкі былі. Там іх проста скапіявалі і чакалі зручнага моманту, каб выкарыстаць. Акурат цяпер пра мяне шмат пішуць у сувязі з тым, што міліцыя затрымлівае. На сайце «Інтэрпаліт» было напісана: «Паглядзіце, журналістка, барацьбіт за свабоду слова, у вольны ад працы час вось чым займаецца». Быццам наўпрост сказалі: «Гэта табе за журналістыку».

Карэспандэнт: «Якая з гэтых вэрсіяў найбольш праўдападобная, на вашу думку?»

Шчыракова: «Вядома, другая. Праўда, доказаў таксама няма. Калі шукаць, каму гэта выгадна: хто можа быць незадаволены, што я асьвятляю пратэсты? Хто незадаволены маёй прафэсійнай дзейнасьцю? Хто дае каманду „фас“ на ўсіх мерапрыемствах, каб мяне затрымліваць? КДБ — міліцыі. Мне падаецца, такая дыскрэдытацыя — іхніх рук справа».

Карэспандэнт: «Вы напісалі заяву ў міліцыю. Ці верыце ў праўдзівасьць расьсьледаваньня?»

Шчыракова: «Заяву ў міліцыю я накіравала 1-га верасьня, а 4-га — у гомельскую абласную пракуратуру. Напісала, што прашу разабрацца, паспрыяць выдаленьню, знайсьці, хто гэта зрабіў. Шчыра кажучы, ня маю спадзеву на іх. Незалежнай ад КДБ пракуратуры і міліцыі няма».

Ларыса Шчыракова — сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама старшыня моладзевай культурніцка-краязнаўчай арганізацыі «Талака».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG