Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гады таму загінуў Алег Бябенін


Алег Бябенін
Алег Бябенін

Два гады таму загінуў беларускі журналіст, заснавальнік і кіраўнік папулярнага сайта www.charter97.org Алег Бябенін.

3 верасьня 2010 году, за тры з паловай месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў, цела журналіста знайшлі ў пятлі ў ягоным загарадным доме ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёну.

Па заканчэньні трохмесячнага тэрміну праверкі сьледчыя органы адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы па факце гібелі Бябеніна, бо было выяўлена, што журналіст скончыў жыцьцё самагубствам.

Да праверкі акалічнасьцяў сьмерці Алега Бябеніна прыцягваліся экспэрты АБСЭ. У падрыхтаваным імі заключэньні адзначалася: вынікі ўскрыцьця і рэчавыя доказы, сабраныя на месцы здарэньня, «ясна сьведчаць, што прычынай сьмерці стала самагубства праз павешаньне». «Ацэнка і аналіз экспэртаў такія, што на падставе доказаў і даступнай для іх інфармацыі яны прыйшлі да высновы, што няма прычын думаць, што Бябеніна павесілі пасьля сьмерці», — гаварылася ў паведамленьні АБСЭ.

Між тым блізкія сябры і калегі Алега перакананыя, што яго забілі. На яго целе былі сьляды гвалту.

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Андрэй Саньнікаў, у чыёй камандзе Бябенін граў адну з ключавых роляў, лічыць, што павінна быць праведзена незалежнае расьсьледаваньне акалічнасьцяў гібелі журналіста.

У інтэрвію, апублікаваным сёньня на сайце charter97, Саньнікаў сказаў, што ў сьледчым ізалятары КДБ з намёкаў супрацоўнікаў камітэту ён зразумеў: афіцыйная вэрсія сьмерці Бябеніна «ня мае нічога агульнага з рэчаіснасьцю».

«Алег да гэтага часу застаецца са мной. У яго быў неверагодны запас энэргіі, які нікуды ня зьнік, і сёньня я на многае гляджу і стараюся глядзець яго вачыма. Вядома, яго вельмі не хапала падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Але, зь іншага боку, я бачыў, што ён працягвае дапамагаць, і яго погляды, яго ідэі служылі мабілізуючым фактарам для многіх нашых прыхільнікаў», — сказаў экс-кандыдат.

Алег Бябенін нарадзіўся ў 1974 годзе. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1990-х гадах працаваў намесьнікам галоўнага рэдактара недзяржаўнай газэты «Імя». Заснаваў у 1998 годзе сайт charter97.org і быў яго кіраўніком. У яго засталіся жонка і двое сыноў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG