Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч адбудзе за кратамі яшчэ сама меней год

абноўлена

У Глыбоцкай калёніі адбыўся выязны суд над лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам, якога гэтым разам абвінавацілі ў непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі.

Год зьняволеньня. Такім было рашэньне выязнога суду, на якім 28 жніўня ў Глыбоцкай калёніі зноў судзілі лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча. Паводле Насты Палажанкі, нявесты і паплечніцы Дашкевіча, у гэты тэрмін залічаныя тыя 4 месяцы, якія яшчэ мусіў адбыць Зьміцер паводле ранейшага прысуду. Раней актывіст быў пакараны на 2 гады зьняволеньня, і той тэрмін сканчаўся 18 сьнежня гэтага году. Такім чынам, калі ня будзе новых прысудаў, Зьміцер Дашкевіч выйдзе на волю 28 жніўня 2013 году, разьлічвае Наста Палажанка.

Вось што нявеста і паплечніца Дашкевіча сказала пра сам прысуд:

«Тут у калёніі нават супрацоўнікі, зь якімі мы кантактавалі, зьдзіўляюцца такому жорсткаму прысуду. Як правіла, даюць 3 месяцы на дадатак. Было безьліч варыянтаў. Яны маглі даць тое, што зусім не ўплывае на ягоны былы тэрмін, прыкладам, залічыўшы тыя 6 месяцаў ПКТ, якія Зьміцер ужо адбыў. Круціцца можна было па-рознаму, але яны абралі самы горшы варыянт».

Паводле Насты Палажанкі, пасьля атрыманьня зьвестак пра рашэньне суду адвакат спрабаваў высьветліць падрабязнасьці працэсу і тое, ці будзе Зьміцер Дашкевіч абскарджваць прысуд. Пакуль зьвестак ад адваката не было. Вядома, што раней апазыцыянэр не прызнаваў абвінавачаньня ў непадпарадкаваньні, ня ўдзельнічаў у сьледчых дзеяньнях і нават адмовіўся ад паслугаў адваката. Наста Палажанка мяркуе, што прысуд яе жаніха не зламае:

«Зьміцер усёй сваёй дзейнасьцю ў „Маладым фронце“ засьведчыў, што ніякія рэпрэсіі яго ніколі не засмучалі. Ён цудоўна разумее, што дзеля ідэалаў свабоды, справядлівасьці і дэмакратыі ў гэтай краіне трэба ахвяроўваць. Ён перакананы, што не зьдзяйсьняў нейкіх злачынстваў, ён перакананы, што ўсё робіць згодна з Божай маральлю і сваім сумленьнем. Таму тыя спадары, якія прыдумляюць яму гэтыя бясконцыя тэрміны, мусяць расчаравацца, бо ў іх нічога не атрымаецца. Такія людзі, як Зьміцер, заўсёды застануцца моцнымі».

Пазьней сталі вядомыя некаторыя падрабязнасьці працэсу і тое, як Зьміцер Дашкевіч адрэагаваў на прысуд. Вось што паведаміла Наста Палажанка перад ад’ездам з Глыбокага ў Менск:

«Ён ня ўдзельнічаў у працэсе, адразу назваўшы яго цыркам, сказаўшы, што не зьбіраецца ў ім удзельнічаць. Не даваў ніякіх паказаньняў, нават не падымаўся зь месца. І адмовіўся ад апошняга слова. Усяго супроць яго сьведчылі 36 чалавек. Але ён ні ў чым не прызнаў сябе вінаватым. Абскарджваць прысуд не зьбіраецца, бо ня бачыць у гэтым сэнсу».

Паводле Насты Палажанкі, настрой у Зьмітра Дашкевіча нармальны, на здароўе ён ня скардзіўся. Раней актывістка казала, што ўжо сёньня Зьмітра павязуць этапам у Віцебскае СІЗА. Паводле апошняй інфармацыі, этапаваньне можа быць адкладзенае на некалькі дзён.

Таксама Наста Палажанка падзялілася сваімі назіраньнямі за абстаноўкай вакол працэсу ў Глыбокім. «Заўважна, што ў горадзе шмат міліцыянтаў, а вакол калёніі было шмат супрацоўнікаў у цывільным. На ўезьдзе ў Глыбокае нас спыніла міліцыя і ў мяне запатрабавалі паказаць пашпарт, інакш пагражалі адвезьці ў райаддзел», — паведаміла Наста Палажанка.


На два гады Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны за інцыдэнт, які адбыўся за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Паводле суду, ён разам з паплечнікам з «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым нібыта зьбіў мінакоў на вуліцы Янкі Брыля ў Менску. Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў на працэсе заявілі пра правакацыю спэцслужбаў, накіраваную на тое, каб ізаляваць іх напярэдадні выбараў і наступных акцыяў пратэсту.

Спачатку Зьміцер Дашкевіч адбываў пакараньне ў калёніі ў Горках. Адтуль яго як злоснага парушальніка рэжыму перавялі ў Глыбоцкую калёнію. Там вязьня трымалі ў асноўным у ПКТ і некалькі разоў у карцэры. Апошні раз з карцэру Дашкевіча вызвалілі за 4 дні да сёньняшняга суду.

Мікіта Ліхавід: Магчыма, гэта не апошняя крымінальная справа Дашкевіча

«Пазыцыя Зьмітра Дашкевіча сьведчыць пра тое, што, магчыма, гэта не апошняя ягоная крымінальная справа. Зараз яго чакае этапаваньне ў сумнавядомае Віцебскае ШЫЗА № 2. Магчыма, што гэта будзе ня самы цёплы прыём. Далей мы будзем сачыць, у якую дакладна калёнію яго адправяць, і тут могуць быць два варыянты: у калёнію № 13 у Горках ці, магчыма, у калёнію № 20 Мазыра. Гэта калёніі самага строгага рэжыму ў Беларусі. І нічога добрага ў пэрспэктыве ў становішчы з палітвязьнямі мы не чакаем. Магчымыя, канечне, нейкія форс-мажорныя абставіны, але, на жаль, нічога станоўчага, асабліва ў сьвятле суду над Зьмітром, чакаць не даводзіцца».


Андрэй Бандарэнка: Прысуд Дашкевічу — дзікунства ў цэнтры Эўропы

«Як тут можна казаць пра тое, што гэта законнае пакараньне, калі ўсім абсалютна відавочна, што Зьміцер Дашкевіч апынуўся за кратамі, не ўчыніўшы ніякіх правапарушэньняў? І ўвесь гэты час, калі ён там знаходзіўся, было таксама відавочна, што ўлады проста зьдзекаваліся зь яго і спаганялі сваю злосьць. А сёньняшні прысуд — дзікунства ў цэнтры Эўропы. І ў такое, пэўна, цяжка паверыць, што гэта дзесьці ў цывілізаваным сьвеце ўвогуле можа адбывацца: толькі за тое, што чалавек адмовіўся схадзіць у сталоўку — яго асудзілі паводле крымінальнага артыкула яшчэ на год».


Віталь Рымашэўскі Новаму прысуду паспрыялі тыя, хто мецілі заняць месца ў «палатцы»

«Што тычыцца выніку суду над Зьмітром Дашкевічам, то адбылася вельмі чаканая рэч. І я думаю, што новаму прысуду паспрыялі ўсе тыя, хто мецілі заняць месца ў „палатцы“. Яны паспрыялі новым прысудам — тыя, хто хлусіў, бессаромна, праводзячы гэтую так званую выбарчую кампанію, падманваючы беларусаў, што, нібыта, у парлямэнт можна быць абраным, а не прызначаным. І я кажу пра беларускіх апазыцыянэраў, бо калі гэта робіць улада, то гэта чакана, а калі гэта робяць тыя, хто называе сябе апазыцыянэрамі, і яшчэ кажуць, што яны, нібыта, абараняюць людзей, то гэта проста ганьба».


Уладзімер Лабковіч: Рэжым робіць усё, каб палітвязьні заставаліся за кратамі

«Безумоўна, гэта подлы ўчынак з боку беларускага рэжыму. Безумоўна, ён абсалютна не законны, бо напачатку Зьмітру стварылі абсалютна невыносныя ўмовы адбыцьця пакараньня, затым абсалютна незаконна прыцягвалі да дысцыплінарнай адказнасьці, каб выкарыстаць гэтую фармальную нагоду дзеля падаўжэньня ягонага тэрміну зьняволеньня яшчэ на адзін год. Фактычна гэта паказвае на тое, што рэжым застаецца жорстка рэпрэсіўным, і тое, што рэжым не настроены нават у якім-небудзь выглядзе вызваляць палітвязьняў».


Юры Чавусаў: Прысуд Дашкевічу — палітычна матываванае рашэньне

«На жаль, палітычны рэжым у Беларусі не зьмяніўся за гэтыя два гады. На жаль, нават пэрспэктываў аднаўленьня працэсу вызваленьня палітычных вязьняў ня бачна. І беларуская рэпрэсіўная машына была настроеная на тое, каб Дашкевіча з-за кратаў не выпускаць. Дзеля гэтага была ўчыненая вось гэтая акцыя крымінальнага перасьледу чалавека, які знаходзіцца за кратамі і натуральным чынам пазбаўлены любых прававых гарантыяў у дапамозе ня тое, што даказаць сваю невінаватасьць, але ў прынцыпе скарыстацца мінімальнымі юрыдычнымі гарантыямі для сваёй абароны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG