Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карняенка: тэсту на дэмакратычнасьць выбараў улада ня вытрымала


Грамадзянская кампанія «За справядлівыя выбары» працягвае маніторынг выбарчай кампаніі. Як назіральнікі ацэньваюць чарговы яе этап — рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты?

Паводле афіцыйных зьвестак, Цэнтравыбаркам атрымаў блізу паўсотні скаргаў на рашэньні акруговых выбарчых камісіяў адмовіць тым ці іншым асобам у рэгістрацыі. Разгляд скаргаў прызначаны на 28 жніўня, працэс можа расьцягнуцца да канца месяца. Як кажа сустаршыня кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка, этап рэгістрацыі адзначаны непрыхаваным выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу:

«Гэта трэці кантрольны этап выбарчай кампаніі. Першы, на які зьвяртала ўвагу кампанія „За справядлівыя выбары“, — гэта былі нашы прапановы на зьмену выбарчага заканадаўства дзеля таго, каб сапраўды палепшыць выбарчы працэс, другі — гэта фармаваньне выбарчых камісіяў, трэці — рэгістрацыя кандыдатаў. У дадзеным выпадку можна адзначыць, што менш за ўсё пацярпелі тыя кандыдаты, якія вылучаліся ад працоўных калектываў — толькі трое не атрымалі рэгістрацыі. Зразумела, што гэта тая катэгорыя людзей, якая можа карыстацца адміністрацыйным рэсурсам, бо апазыцыйнаму палітыку дэлегавацца ад працоўнага калектыву практычна немагчыма. І гэта вельмі яскравы паказьнік у рэгістрацыі».

Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, усяго на выбарах было вылучана амаль што паўтысячы кандыдатаў у дэпутаты, зарэгістравана 363 чалавекі, адмоўлена ў рэгістрацыі 122 кандыдатам, каля дзясятка самі адклікалі заявы аб згодзе балятавацца. Больш за ўсё адмоваў прэтэндэнтам, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў — 56%.

Галоўныя праблемы, якія зьявіліся ў кандыдатаў, якім было адмоўлена, — гэта подпісы і дэклярацыі. Чаму ўлады не спрабуюць выправіць гэтую сытуацыю? Чаму, скажам, не затэлефанаваць і не сказаць: вы памыліліся, трэба ўдакладніць тое і тое?
Віктар Карняенка

Адмоўлена амаль 20% прэтэндэнтаў, вылучаных апазыцыйнымі рухамі — Партыяй БНФ, АГП, БСДП (Грамада), Беларускай партыяй левых «Справядлівы сьвет».

Спадар Карняенка ўдакладняе, што асноўнымі прычынамі сыходу з дыстанцыі сталі фармальныя праблемы з подпісамі і дэклярацыямі:

«Галоўныя праблемы, якія зьявіліся ў кандыдатаў, якім было адмоўлена, — гэта подпісы і дэклярацыі. Мы ня можам выключаць, што нейкія дробныя памылкі ёсьць, напрыклад, у дэклярацыі. Але вось дзіўна: чаму ўлады не спрабуюць выправіць гэтую сытуацыю? Чаму, скажам, не затэлефанаваць і не сказаць: вы памыліліся, трэба ўдакладніць тое і тое? Улада, як звычайна, з-за рога назірае за ўсім працэсам, ловіць за руку і вельмі задаволеная. Хоць яшчэ ня факт, што гэта насамрэч так. Што да подпісаў, то мы зь Сяргеем Калякіным, нацыянальным каардынатарам кампаніі „За справядлівыя выбары“, яшчэ паралельна і сябрам ЦВК з правам дарадчага голасу, сёньня зьявімся ў выбаркам і запатрабуем даць нам дакумэнты для таго, каб мы маглі праверыць высновы акруговых камісіяў наконт адмовы ў рэгістрацыі на падставе подпісаў. Мы абавязкова дадзім гэта кандыдатам, яны змогуць сустрэцца з тымі выбаршчыкамі, чые подпісы палічылі несапраўднымі, і гэта дасьць ім магчымасьць адстаяць сваё права на паседжаньні Цэнтравыбаркаму і пазьней у судах».

Прадстаўнікі кампаніі «За справядлівыя выбары» лічаць, што ўлады і гэтым разам ня вытрымалі тэст на дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства. Чарговым абуральным прыкладам неадэкватнага стаўленьня да прадстаўнікоў апазыцыі Віктар Карняенка называе затрыманьне ў мінулую пятніцу ў Горадні намесьніка старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Валерыя Ўхналёва і канфіскацыю ў Магілёве мэтадычных матэрыялаў кампаніі «За справядлівыя выбары»:

«Натуральна, што і надалей кампанія будзе працягвацца і абавязкова будзе працягвацца наш кантроль за выбарамі. Але можна канстатаваць: пакуль што трэцяга тэсту на дэмакратычнасьць выбараў улада ня вытрымала, на вялікі жаль. Бо трэба абавязкова згадаць пра тое, што не спыняюцца, працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненьні да актывістаў кампаніі. Так, у Магілёве забралі мэтадычныя дапаможнікі — абсалютна незразумела, на якой падставе, каму яны перашкаджалі? Атрымліваецца, улада ня хоча, каб людзі карысталіся сваім законным правам мець адпаведную інфармацыю. Ну, і ў дачыненьні да Валерыя Ўхналёва абсалютна непрыстойнымі паводзінамі прадстаўнікі ўладаў у гэты ўік-энд адзначыліся».

Ад сёньня пачынаюцца тэле- і радыёдэбаты кандыдатаў у дэпутаты. Між тым, адзначаюць у Цэнтравыбаркаме, ахвотных публічна данесьці сваю пазыцыю да выбаршчыкаў аказалася ня так і шмат. Як лічаць аналітыкі, на інэртнасьці кандыдатаў адбіліся доўгія гады фактычнай забароны на эфір для «нядобранадзейных» і, як сьлед, агульны недавер да афіцыйнай прапаганды. А ўладныя прызначэнцы ад дэбатаў адмаўляюцца самі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG