Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мой адказ Ярмошынай


Марына Хоміч
Марына Хоміч
Спадарыня Ярмошына! Вашыя выказваньні ў адрас апазыцыйных кандыдатаў зьяўляюцца не толькі цынічнымі, але і абразьлівымі ў адрас вялікай часткі беларускага народа.

Магчыма, Вы, спадарыня Ярмошына, лічыце вашу пасаду больш ганаровай, чым праца дворніка ці прыбіральшчыцы ў вачах большасьці грамадзян нашай краіны? Запэўніваю, Вы глыбока памыляецеся. Але і сказаць, што вашы пасады роўныя — гэтак жа нельга, бо гэта было б абразай для дворнікаў. Таму што прафэсія дворнікаў прыносіць вялікую карысьць людзям, а якую карысьць прыносьце вы? Чысьціня — гэта «брэнд» Беларусі, а вашыя «выбары» — ганьба для краіны.
Вылучаючыся ў якасці кандыдата, у графе «месца працы» я пазначыла: «не працую», таму што ў нашай краіне беларусы пазбаўленыя права свабодна выказваць сваё меркаваньне. Яны перасьледвауюцца па рэальнаму месцы працы за свае палітычныя пераканаьнні. Яны перасьледваюцца на вучобе, перасьледваюцца падатковай інспэкцыяй. І Вам гэта добра вядома.

У парушэньне закона беларусы пазбаўленыя рэальнага права свабодна агітаваць за байкот. І Вы гэта выдатна ведаеце. Вы ведаеце таксама, што я вылучылася кандыдатам не дзеля таго, каб удзельнічаць у выбарчым спэктаклі, а для таго, каб мець легальную магчымасьць распавесьці праўду пра фальсыфікацыі, пра тое, што ў краіне няма выбараў, заклікаць людзей да байкоту.

Вы называеце вылучэньне беспрацоўных кандыдатаў авантурызмам. У адказ на гэта я Вам магу сказаць, што «дэпутаты»-ўтрыманцы, якія жывуць за кошт уласнага народа — сапраўдная ганьба краіны. Ганьба для краіны, калі дэпутатамі становяцца тыя, хто скраў права беларусаў абіраць уладу. Ганьба для краіны — хлусы ў выбарчых камісіях.

Вы таксама выдатна ведаеце, што я плянавала здымацца з выбараў і зьбіралася заклікаць людзей байкатаваць тое, што Вы называеце выбарамі. Аднак Вы не зарэгістравалі мяне і ўсіх тых кандыдатаў, якія актыўна агітавалі за байкот. І ўсім зразумела, што падстава толькі адна — Вы баіцеся праўды, Вы баіцеся ўласнага народа.

Вы думаеце, што Вашымі дзеяньнямі Вы можаце кагосьці абдурыць. Запэўніваю Вас, гэта ня так. Беларусы — не дурныя людзі. Усе разумеюць, што ніякіх выбараў у Беларусі няма. Ні беларускім тэлебачаньні, ні беларускай прапагандзе, ні Вам асабіста ўжо не верыць ніхто.

На заканчэньне я хачу яшчэ раз нагадаць Вам пра тое, што фальсыфікацыя выбараў — крымінальнае злачынства, нават па вашых дзеючых законах.

Марына Хоміч — лідэр Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў, вылучалася па 109-ай Уручскай акрузе. Прычына адмовы ў рэгістрацыі — няправільнае запаўненьне дэклярацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG