Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады працягваюць ствараць кітайскі індустрыяльны парк


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота
У Міністэрстве эканомікі 27 жніўня адбыўся сход заснавальнікаў кітайска-беларускага сумеснага закрытага акцыянэрнага таварыства «Кампанія па разьвіцьці індустрыяльнага парку».

У прысутнасьці міністра эканомікі Мікалая Снапкова і старшыні Менскага аблвыканкаму Барыса Батуры бакі зацьвердзілі статут таварыства і ўстаноўчыя дакумэнты. Іх падпісалі намесьнік старшыні Менаблвыканкаму Аляксандар Ярмак, гендырэктар ААТ «Кіраўнічая кампанія холдынгу «Гарызонт» Юрый Прэдко і старшыня праўленьня, гендырэктар кампаніі САМСЕ Ло Янь.

Пра гэта паведамілі БелаПАН у прэс-службе міністэрства.

Бакі таксама намецілі канкрэтныя задачы па рэалізацыі ў Смалявіцкім раёне Менскай вобласьці маштабнага праекту — кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.

Кампанія будзе праектаваць, будаваць аб’екты парку і яго інфраструктуру, а таксама будзе шукаць інвэстараў для стварэньня на яго тэрыторыі высокатэхналягічных і канкурэнтаздольных вытворчасьцяў.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк ствараецца паводле ўказу прэзыдэнта ад 5 чэрвеня 2012 году. Гэта будзе адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўтварэньне плошчай каля 80 квадратных кілямэтраў з асаблівым прававым рэжымам для «забесьпячэньня камфортных умоў вядзеньня бізнэсу і інвэстыцыйнай прывабнасьці».

Мясцовыя жыхары выступаюць супраць будаўніцтва індустрыяльнага парку. Як паведаміла на прэс-канфэрэнцыі 11 траўня жыхарка пасёлку Заямнае Валянціна Каляка, пад тэхнапарк падпадаюць землі садаводчых таварыстваў, ворныя землі, у тым ліку і яе зямля, якую яна ў свой час прыватызавала. «А так нас прадалі, і ў нас ніякіх правоў няма. Мы проста абараняем сваю ўласнасьць», — сказала яна. «Гэта наша ўласнасьць, і яна паводле Канстытуцыі абараняецца законам. Ніхто ня можа прадаць маю ўласнасьць без маёй згоды», — заявіла Каляка.

Старшыня садаводчага таварыства «Сузор’е» Юрый Кабзараў адзначыў, што на месцы будаўніцтва знаходзяцца ня толькі ворныя зямлі, але і заказьнікі, лясы, піянэрскія лягеры і прыродаахоўныя зоны.

«Наш прэзыдэнт сказаў, што ў Беларусі крыўдзіць людзей нельга і што ў нас дастаткова тэрыторыі, на якой можна разьмясьціць гэты парк. І мы просім нашых кіраўнікоў правільна падысьці да гэтага пытаньня. Мы хочам, каб і нашы інтарэсы ўлічваліся. Паводле Канстытуцыі крыніцай улады зьяўляецца народ. Гэта значыць, паводле Канстытуцыі мы — гаспадары краіны», — заявіў Кабзараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG