Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bild: Нямеччына таксама ўзбройвала беларускіх сілавікоў


Самае чытальнае нямецкае выданьне працягвае сэрыю скандальных публікацыяў адносна супрацы нямецкіх і беларускіх сілавікоў. Паводле газэты, паліцыя Нямеччыны ня толькі дапамагала беларускаму рэжыму ў падрыхтоўцы тых, хто разганяў мірныя акцыі ў Менску, але ўзбройвала сілавікоў.

У размове зь Bild прадстаўнікі МУС Нямеччыны пацьвердзілі, што толькі ў пэрыяд ад 2009 па 2010 гады нямецкая дапамога беларускім сілавым структурам з мэтай абсталяваньня сучаснымі кампутарамі і відэатэхнікай склала каля 41200 эўра, а ў пэрыяд паміж 2008 і 2011 найменей сотня беларускіх міліцыянтаў была забясьпечаная камплектам бронекамізэлек, шчытоў, дубінак і г.д.

Раней Bild і іншыя нямецкія СМІ пісалі, што сілавыя ведамствы ФРН займаліся падрыхтоўкай беларускіх кадраў у пэрыяд паміж 2008 і 2011 гадамі (паводле ўдакладненай інфармацыі Bild am Sonntag, супраца паміж МУС абедзьвюх краінаў працягвалася прынамсі да траўня 2012). У прыватнасьці, паведамлялася, што трэнінгі на тэрыторыі Нямеччыны праходзілі каля ста супрацоўнікаў дзяржаўных структураў Беларусі.

Беларусы прысутнічалі ў якасьці назіральнікаў на разгоне нямецкіх антыядзерных дэманстрацыяў, дзе тамтэйшыя паліцыянты ўжывалі дубінкі, вадамёты і сьлезацечны газ. Нямецкія паліцыянты таксама правялі падрыхтоўку 400 беларускіх памежнікаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва міліцыі і крыміналістаў на тэрыторыі Беларусі.

Як паведамляла Bild, адказныя прадстаўнікі фэдэральнай паліцыі і фэдэральнага ведамства па крымінальных справах пацьвердзілі ў размове з газэтай, што навучаньне беларускіх сілавікоў было санкцыяванае ўрадам канцлера Ангелы Мэркель.

МЗС Нямеччыны было праінфармаванае пра гэтае супрацоўніцтва яшчэ ў красавіку 2008 і ўхваліла яго. Пра гэта сьведчыць электроннае ліставаньне паміж фэдэральным зьнешнепалітычным ведамствам і нямецкай амбасадай у Беларусі, якое цытуе Bild.

Так адказны чыноўнік з МЗС прасыгналізаваў у Менск тагачаснаму амбасадару, што супраць гэтага «няма нейкіх істотных пярэчаньняў», аднак, тым ня менш, парэкамэндаваў ня надта агучваць гэтую інфармацыю, каб яна ня стала здабыткам СМІ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG