Надвор’е
Воблачна з праясьненьнямі, кароткачасовыя дажджы, навальніцы, 18-25 градусаў цяпла.
У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ
Менск – у офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі адбудзецца прэс-канфэрэнцыя "Вынікі рэгістрацыі сьпікераў АГП". Пачатак а 12.00.
Менск – у выставачным павільёне па адрасе вуліца Янкі Купалы, 27 адкрываецца XIII спэцыялізаваная выстава-кірмаш "Добры дзень, школа-2012!".
Раўбічы – у алімпійскім спартовым комплексе пачынаецца ХХХ Сусьветнага чэмпіянату дрывасекаў.
Бэрлін – канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель сустракаецца з прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аляндам.
Ашгабад – пачынаецца візыт прэзыдэнта Таджыкістану Эмамалі Рахмона ў Туркмэністан.
ЁСЬЦЬ НАГОДА
У тэатры беларускай драматургіі (вул. Крапоткіна, 44) працуе міжнародная тэатральная летняя школа SYPEMEDA (Stage for Young Performing Media Artist). У працы школы прымаюць удзел 13 беларускіх рэжысёраў і драматургаў, каля 50 актораў з розных рэгіёнаў краіны, 12 эўрапейскіх медыя-дызайнэраў і 7 куратараў са Швэйцарыі, Нямеччыны і Беларусі. Пачатак а 19.00
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:
У 1430 годзе – на 23 жніўня была прызначаная каранацыя вялікага князя Вітаўта. Такім чынам другі сярэднявечны кіраўнік беларускіх земляў мусіў стаць каралём. Першым амаль 200 гадоў дагэтуль у Наваградку быў каранаваны Мяндоўг. У Троцкім замку чакалі асьвячонае папам рымскім кароны, якую вёз пасол Сенька Гедыголдавіч. Лічыцца, што на польскай мяжы карону гвалтам адабралі палякі. Нібыта загад на тое даў раўнівы стрыечны брат Вітаўта польскі кароль Ягайла. Так ці інакш, а празь месяц пасьля няўдалае каранацыі Вітаўт памёр.
У 1939 годзе – у Маскве быў падпісаны пакт аб ненападзе паміж СССР і Нямеччынай, шырока вядомы як пакт Молатава-Рыбэнтропа. Сакрэтны пратакол да гэтага пакту прадугледжваў падзел сфэраў уплыву паміж бальшавіцкай і фашысцкай імпэрыямі.
У 1956 годзе – савецкія танкі ўварваліся на вуліцы Будапэшту, каб вярнуць вугорцаў у нялюбы ім сацыялістычны лягер. У часе гэтай акцыі загінула шмат мірных жыхароў. Цяпер у гэты дзень Вугоршчына адзначае Дзень памяці.
У гэты дзень нарадзіліся:
У 1486 годзе – аўстрыйскі дыплямат і падарожнік Зыгмунд Гербэрштэйн, які падарожнічаў у нашых краях і пакінуў успаміны, зь якіх мы сёньня даведваемся пра выгляд тагачасных нашых гарадоў, заняткі і норавы нашых продкаў, пра генэалёгію вялікіх князёў ды шмат пра што яшчэ.
У 1754 годзе – Людовік XVI, кароль Францыі, які быў пакараны сьмерцю ў 1793 годзе ў часы Вялікай францускай рэвалюцыі.
У 1880 годзе – Аляксандар Грын, расейскі пісьменьнік, якога шмат хто ведае са школы і з кіно, бо чыталі і глядзелі ягоныя “Пунсовыя ветразі” (“Алые паруса”) – пра рамантычную Асоль. Але мала хто ведае, што сапраўднае імя пісьменьніка Грынеўскі, што ён беларус, сын удзельніка паўстаньня Каліноўскага і свае “Пунсовыя ветразі“ пісаў на вайсковай службе пад Віцебскам.
У гэты дзень памерлі:
У 93 годзе – Гнеюс Юліюс Агрыкола, рымскі палкаводзец, які заваяваў Брытанію
У 1628 годзе – Джордж Бэкінгем, герцаг, фаварыт ангельскіх каралёў Якуба І і Карла І.
У 1806 годзе – Шарль Агюстэн Кулён, францускі фізык і вайсковы інжынэр, які ў 1785 годзе экспэрымэнтальна ўсталяваў асноўны закон электрастатыкі (закон Кулёна).
Цытата на памяць.
“На роднай мове літоўцаў бізон называецца зубрам. У бізонаў калматыя грывы, шыя і сьпіна, а з падбародзьдзя зьвісае нешта накшталт барады. Поўсьць іх сьмярдзіць мускусам, галава кароткая, вочы вялікія і страшныя, нібы вогненныя, лоб шырокі, рогі настолькі далёка разьмешчаныя адзін ад аднаго, што паміж імі могуць усесьціся тры чалавекі моцнага целаскладу...”
Зыгмунд Гербэрштэйн
365 дзён таму на сайце Свабоды: дзень ў загалоўках
У Курапатах маліліся за ахвяраў рэпрэсій
Жонку Алеся Бяляцкага прынялі ў польскім парлямэнце
Дынько Праляскоўскаму: "Не сьмяшыце людзей!
Ільля Васілевіч выбраў у калёніі гадавы ліміт літаратуры