Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонку Алеся Бяляцкага прынялі ў польскім парлямэнце


На здымку – Анджэй Халіцкі (старшыня камісіі Сэйму ў міжнародных справах), Гжэгаж Схэтына (сьпікер Сэйму), Натальля Пінчук, Робэрт Тышкевіч (кіраўнік групы Сэйму ў справах Беларусі), Яцак Пратасэвіч (кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў справах Беларусі)
На здымку – Анджэй Халіцкі (старшыня камісіі Сэйму ў міжнародных справах), Гжэгаж Схэтына (сьпікер Сэйму), Натальля Пінчук, Робэрт Тышкевіч (кіраўнік групы Сэйму ў справах Беларусі), Яцак Пратасэвіч (кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў справах Беларусі)
Спікер Сэйму Польшчы Гжэгаж Схэтына прыняў сёньня ў парлямэнце жонку Алеся Бяляцкага Натальлю. У часе адмысловай прэсавай канфэрэнцыі Схэтына заявіў, што арышт беларускага праваабаронцы адбыўся таксама “па віне польскага боку” і таму “ўсе мы пачуваемся вінаватымі, схіляем галаву і выказваем салідарнасьць ды дапамогу”.

“Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб у будучыні не паўтарыліся такія выпадкі. Гэта для нас найбольшае выпрабаваньне. Патрэбна каардынацыя працы ўсіх польскіх службаў, каб перасьлед беларускіх апазыцыянэраў не паўтарыўся, як гэта было ў справе Алеся Бяляцкага”, – сказаў Гжэгаж Схэтына.

Натальля Пінчук выказала спадзяваньне, што яе візыт у Польшчу дапаможа вырашыць пытаньне беларускіх палітвязьняў:

“Цяпер Алесь у вязьніцы, але пра гэта, напэўна, усе тут ведаюць. Я думаю, што сёньняшняе спатканьне дасьць магчымасьць вырашыць ягоную праблему і праблемы іншых палітвязьняў у Беларусі”.

Прысутны на спатканьні старшыня камісіі Сэйму ў міжнародных справах Анджэй Халіцкі “заявіў, што польскі бок “удвая мацней будзе падтрымліваць тых, хто змагаецца за сваю вольнасьць і годнасьць”.

Натальля Пінчук сустрэнецца таксама зь міністрамі замежных справаў ды юстыцыі Польшчы. У часе спатканьняў, паводле Гжэгажа Схэтыны, “будуць абмяркоўвацца ў тым ліку пытаньні дапамогі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG