Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэлюлёзны завод: замест абмеркаваньня — прэзэнтацыя


Выступае дырэктар цэлюлёзна-кардоннага камбінату Юры Крук
Выступае дырэктар цэлюлёзна-кардоннага камбінату Юры Крук
17 жніўня ў Сьветлагорску мясцовы райвыканкам ладзіў сход гараджанаў для грамадзкага абмеркаваньня ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе новага хімічнага прадпрыемства — заводу беленай сульфатнай цэлюлёзы. Яго зьбіраюцца пабудаваць побач з існуючым цэлюлёзна-кардонным камбінатам. Аднак на сходзе ніводнаму прадстаўніку грамадзкасьці слова не далі — нават тым, хто запісаўся на выступ. Прынялі толькі запіскі.

Неабыякавыя да новага хімічнага прадпрыемства гараджане яшчэ да пачатку слуханьня казалі пра мабілізаваных асобаў пры пасадах — і ад прадпрыемстваў, і ад арганізацый.

Тацяна: «Тут, у залі, у асноўным сядзяць ідэалягічныя работнікі прадпрыемстваў, сярэдняй рукі начальнікі, так можна сказаць. Вось бачу начальнікаў аддзелаў „Хімвалакна“, працаўнікоў цэлюлёзна-кардоннага камбінату, камунгасу — ад кожнага прадпрыемства. Думаю, што ўлады зробяць так, як яны хочуць. Яны ціснуць на народ і не зьвяртаюць увагі на меркаваньне людзей».

Вядоўца сходу, намесьнік старшыні райвыканкаму й кіраўнік райвыканкамаўскай камісіі ў правядзеньні грамадзкіх слуханьняў Сяргей Мяркулаў папярэдзіў грамаду: «Усе пытаньні, якія падрыхтаваны загадзя й якія ўзьнікнуць падчас нашай працы, у пісьмовым выглядзе перадайце ў сакратарыят сходу. Рэплікі, спробы задаваць пытаньні з залі прымацца ня будуць — загадзя вас папярэджваю ад імя камісіі».

Звыш гадзіны часу заняла прэзэнтацыя праекту й афіцыйная ацэнка ўзьдзеяньня новай хімічнай вытворчасьці на экалёгію гораду й прыгараднай вёскі Якімава Слабада. Дакладалі пра гэта дырэктар цэлюлёзна-кардоннага камбінату Юры Крук, загадчыца кафэдры хімічнай перапрацоўкі драўніны Беларускага тэхнічнага ўнівэрсытэту Натальля Чорная, загадчык сэктару республіканскага навукова-дасьледчага цэнтру «Экалёгія» Аляксандар Дзямідаў.

Ляйтматывам іх выступаў стала ўсебаковае ўхваленьне праекту: 400 тысяч тон беленай цэлюлёзы ў год, сульфатны спосаб яе адбельваньня без выкарыстаньня малекулярнага хлёру, экспарт прадукцы за мяжу, 501 мільён даляраў ЗША гадавой выручкі, 500 новых працоўных месцаў — і нібыта ніякай шкоды для экалёгіі, для здароўя людзей. А што ў горадзе адмоўная дэмаграфічная сытуацыя, высокая сьмяротнасьць, рост захворваньняў — дык гэта агульная тэндэнцыя і ў рэгіёне, і ў краіне ў цэлым. Прынамсі, так дакладаў спадар Дзямідаў з цэнтру «Экалёгія»:

«Сьветлагорскі раён — сапраўды ідзе рост колькасьці захворваньняў. Але такая тэндэнцыя характэрна практычна для ўсіх раёнаў Гомельскай вобласьці і ня толькі Гомельскай вобласьці». Дырэктар кардоннага камбінату спадар Крук зьедліва дадаў: «А пра СНІД, пра п’янства забыліся?»

Вадзім Болбас
Вадзім Болбас
Некаторыя прысутныя, у тым ліку хімік-біёляг па адукацыі Вадзім Болбас, спрабавалі атрымаць слова для выступу, але вядоўца Мяркулаў спасылаўся на рэглямэнт і зацьверджаную Саўмінам працэдуру грамадзкіх слуханьняў. Сход згарнулі нават раней ад заплянаванага часу.

Прэзыдыюм, у якім сядзелі старшыня райвыканкаму Сяргей Максіменка, намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму Баляслаў Пірштук, намесьнік міністра Мінпрыроды Віталь Кулік, пакінуў залю праз бакавы выхад.

І тут многія гараджане, абураныя такім грамадзкім слуханьнем, абступілі доктара тэнічных навук Натальлю Чорную, дырэктара цэнтру «Экалёгія» Валера Ключановіча, прадстаўнікоў райвыканкаму, каб выказаць свае прэтэнзіі:

«Нас запісалі на выступленьні — а чаму не далі слова? Чаму людзям не далі пытаньні задаць? Выклікайце сюды Мяркулава! А людзей навошта запісвалі выступаць?»

Цэлюлёзны завод: замест абмеркаваньня — прэзэнтацыя
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:29 0:00
Наўпроставы лінк

Жыхарка Якімавай Слабады: «Поўнасьцю ігнаруюць меркаваньні жыхароў Якімавай Слабады, якія фактычна будуць закладнікамі гэтага прадпрыемства, калі ня дай бог яго пабудуюць. Са студзеня па сёньняшні дзень, калі былі першыя — так бы мовіць, папярэднія — грамадзкія слуханьні, нікога ня можам даклікацца, прывабіць ніякімі пірагамі — ніводнага супрацоўніка дзяржаўных СМІ, ніводнага начальніка. Усе аб’яжджаюць Якімаву Слабаду».

Мясцовыя ўлады нават ня згадваюць цяпер пра 10 тысяч подпісаў, якія сабраны ў горадзе супраць будаўніцтва яшчэ аднаго хімічнага прадпрыемства й накіраваныя ў адміністрацыю прэзыдэнта, Саўмін і амбасаду Кітаю, на чый крэдыт зьбіраюцца будаваць у Сьветлагорску завод беленай цэлюлёзы. Подпісы як быццам па-за грамадзкімі слуханьнямі.

Вадзім Болбас, адзін з тых, хто запісаўся на выступ, але ня выступіў: «Яны „соблюли“ працэдуру. А працэдура расьпісана так, што людзям закрылі рот. Меркаваньні 10 тысяч сьветлагорцаў цынічна праігнаравалі».

Тэльман Масьлюкоў
Тэльман Масьлюкоў
Грамадзкі актывіст і адзін з ініцыятараў збору подпісаў супраць будаўніцтва новага хімічнага прадпрыемства Тэльман Масьлюкоў дадае:

«Фактычна адбылося не грамадзкае абмеркаваньне, а проста прэзэнтацыя таго, што зьбіраюцца будаваць. І што самае галоўнае — паводле палажэньня пра грамадзкае абмеркаваньне, зацьверджанае Саўмінам, мы ня можам нават выставіць нейкіх прэтэнзіяў да ўладаў, бо выступы ўдзельнікаў сходу ў ім не прадугледжаны. Дрэнна тое, што нават па афіцыйных зьвестках, якія ўключаны ў справаздачу, ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, колькасьць шкодных рэчываў, што выкідваюцца ў Сьветлагорску ў атмасфэру, пасьля ўвядзеньня новага заводу павялічыцца ў 10 разоў. Нельга ўсе хімічныя вытворчасьці зьбіраць у адным горадзе!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG