Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладам не ўдаецца выцягнуць беларусаў зь лібійскай турмы


Суд над 19 украінцамі, 3 беларусамі і 2 расейцамі, Трыпалі, 4 чэрвеня 2012 году
Суд над 19 украінцамі, 3 беларусамі і 2 расейцамі, Трыпалі, 4 чэрвеня 2012 году

Ужо год застаюцца ў лібійскай турме грамадзяне Беларусі, якія прыехалі ў гэтую краіну на заробкі.

Сёлета на пачатку чэрвеня ваенны суд Трыпалі асудзіў 63-гадовага Валера Гардзіенку, 52-гадовага Ігара Ядземічава і 56-гадовага Фёдара Труфанава да 10 гадоў пазбаўленьня волі кожнага, прызнаўшы іх «хаўрусьнікамі рэжыму Кадафі».

Беларусы абвінавачаныя ў тым, што прыехалі ў Лібію нібыта адмыслова дзеля таго, каб працаваць з вайсковым абсталяваньнем, якое выкарыстоўвалася ранейшымі ўладамі для зьнішчэньня лібійскага народу. А значыць, намагаліся перашкодзіць рэвалюцыі. Высілкі па дыпляматычнай лініі пакуль ніякага плёну не далі, і беларусы працягваюць утрымлівацца ў турме.

27 жніўня 2011 году лібійскі паўстанцкі батальён «Кака» захапіў офіс расейска-лібійскай нафтавай кампаніі «Дакар» у Трыпалі, затрымаўшы больш за два дзясяткі супрацоўнікаў фірмы — грамадзянаў Беларусі, Украіны, Расеі. Усім пазьней прад’яўлена абвінавачаньне ў супрацоўніцтве з рэжымам экс-лідара Лібіі Муамара Кадафі. Ваенны суд прысудзіў аднаму грамадзяніну Расеі пажыцьцёвае зьняволеньне, адзін расеец, тры беларусы і 19 украінцаў атрымалі па 10 гадоў турмы.

Прадстаўнікі розных дзяржаўных органаў неаднаразова заяўлялі, што зробяць усё магчымае дзеля вызваленьня суайчыньнікаў, аднак, як кажа прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных, перамовы зь лібійскім бокам ідуць надзвычай складана і ніякага плёну пакуль не даюць:

«На жаль, ніякіх пазытыўных зрухаў канстатаваць не даводзіцца. Шчыра кажучы, сытуацыя з нашымі грамадзянамі ў Лібіі па-ранейшаму складаная. На гэты момант нічога новага».

Карэспандэнтка газэты «„Комсомольская правда“ в Белоруссии» Ірына Козьлік была адзінай, каму ўдалося паразмаўляць з асуджанымі беларусамі па тэлефоне неўзабаве пасьля выраку. Аднак, па яе словах, пасьля гэтага ўсялякая сувязь зь імі зьнікла — ахоўнікі забралі адзіны сродак кантакту са зьнешнім сьветам:

«Пасьля таго выпадку ахоўнікі забралі ў іх адзіны мабільнік, які быў у іхняй камэры, гэта дакладна. Я, дарэчы, сама нядаўна згадвала гэтую гісторыю, цікавілася ў праваабаронцы, які можа мець да іх адносіны, але ён сказаў толькі адно: пакуль ніякіх навінаў няма».

Асуджаныя беларусы абвяргаюць усялякую датычнасьць да супрацоўніцтва ў вайсковай галіне, заяўляючы, што ехалі ў Лібію з адной мэтай — зарабіць на нафтавых радовішчах. Заробкі па беларускіх мерках прапаноўваліся зусім немалыя — у сярэднім 3 тысячы даляраў штомесяц. Між тым, некаторыя адмыслоўцы, што працавалі ў розных краінах Афрыкі, кажуць, што пастаўкі зброі — а Беларусь неаднаразова значылася ў лідарах сярод экспартэраў ўзбраеньняў у праблемныя рэгіёны — маюць на ўвазе і прысутнасьць інструктараў. Дарэчы, добрая палова засуджаных славян — вайсковыя адстаўнікі. Гаворыць мянчук Аляксандар:
Звычайна яны там прысутнічаюць пад розным прыкрыцьцём, а насамрэч рамантуюць тэхніку, нейкія іншыя працы выконваюць

«Звычайна на такія кантракты набіраюць ахвотных па ўсім былым Саюзе. Могуць быць і беларусы, але не абавязкова. Як правіла, большасьць складаюць украінцы. Звычайна яны там прысутнічаюць пад розным прыкрыцьцём, а насамрэч рамантуюць тэхніку, нейкія іншыя працы выконваюць, нават навучаюць мясцовых лятаць, бо я чуў, што ў Лібіі былі нашы зьнішчальнікі».

Паводле лібійскіх мэдыяў, асуджаных беларусаў, украінцаў і расейцаў трымаюць на часовай базе ў раёне Фэлях у Трыпалі. Са спасылкай на ўкраінскага праваабаронцу Станіслава Селіванава, які знаходзіцца ў сталіцы Лібіі і мае рэдкія кантакты з затрыманымі, агучвалася, што іх прыцягваюць да рамонту падбітай ваеннай тэхнікі — маўляў, арыштаваныя мусяць кампэнсаваць ранейшыя грахі тым, на чым і папаліся.

У сваю чаргу, сваякі асуджаных беларусаў адмаўляюцца ісьці на кантакт з прэсай, асьцерагаючыся, што крытыка на адрас лібійскіх уладаў можа нашкодзіць іх родным. Аднак праваабаронцы лічаць, што ў дадзеным выпадку маўчаньне наўрад ці саслужыць добрую службу — з улікам узросту асуджаных, гэта параўнальна ня толькі з пажыцьцёвым тэрмінам, але і сьмяротным прысудам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG