Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьліжэўскі абяцае вызваліць беларусаў, асуджаных у Лібіі


Беларусь выкарыстоўвае ўсе магчымыя дыпляматычныя сродкі, каб вызваліць асуджаных у Лібіі беларускіх грамадзян.

Пра гэта паведаміў міністар юстыцыі Алег Сьліжэўскі, адказваючы на пытаньні падчас онлайн-канфэрэнцыі ў БелТА.

«Для разьвязаньня сытуацыі, якая склалася, Беларусь выкарыстоўвае ўсе магчымыя дыпляматычныя сродкі, задзейнічаныя як Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, так і наша дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Лібіі», — сказаў ён.

Паводле міністра, на сёньняшні дзень паміж Беларусьсю і Лібіяй не існуе дамоваў у прававой сфэры, міждзяржаўнае супрацоўніцтва будуецца на аснове ўсталяваных дыпадносін. Разам з тым, заявіў Сьліжэўскі, беларускі бок спадзяецца, што «праблемная сытуацыя разьвяжацца ў інтарэсах нашых грамадзян». «Не павінна быць ніякіх сумненьняў, што беларуская дзяржава зробіць усё магчымае для таго, каб дапамагчы сваім грамадзянам у любой кропцы сьвету», — адзначыў кіраўнік Мін’юсту.

4 чэрвеня суд Лібіі асудзіў трох грамадзян Беларусі на дзесяць гадоў турэмнага зьняволеньня па абвінавачаньні ў тым, што яны дапамагалі рэжыму Кадафі. МЗС Беларусі заявіў, што абвінавачваньне не адпавядае рэчаіснасьці: беларусы прыехалі ў Лібію паводле кантракту, працаваць на грамадзянскіх аб’ектах.

Раней у замежнай прэсе неаднаразова зьяўляліся паведамленьні са спасылкай на крыніцы ў пераходнай нацыянальнай радзе Лібіі пра тое, што сярод замежных наймітаў, якія ваююць на баку Кадафі, былі беларускія грамадзяне. Афіцыйны Менск аспрэчваў інфармацыю аб прысутнасьці ў Лібіі ваенных спэцыялістаў зь Беларусі. Аднак незалежныя экспэрты не выключалі, што найміты зь Беларусі, у тым ліку былыя ваенныя спэцыялісты, маглі знаходзіцца ў Лібіі ў прыватным парадку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG