Падазрэньні ў фінансавых махінацыях адносна Юнгвірта на пасадзе кіраўніка нацыянальнага Алімпійскага камітэту Аўстрыі ўпершыню паўсталі ў пачатку 2009 году, пасля чаго ён сышоў у адстаўку. Як высьветлілася ў часе судовых слуханьняў, шматтысячныя сумы «зьнікалі» з рахункаў Алімпійскага камітэту і часткова перакладаліся непасрэдна на асабістыя рахункі Юнгвірта.
Пра гэта паведамляе маскоўская газэта «Коммерсант» са спасылкай на РІА «Новости».
У прыватнасьці, з ашчаднай кніжкі камітэту генэральны сакратар асабіста зьняў 2 230 000 эўра наяўнымі, і практычна адначасна перавёў 847 000 на асабісты рахунак. З разьліковага рахунку Алімпійскага камітэту на «невядомыя» патрэбы было выдаткавана каля 578 тысячаў, і яшчэ каля 515 тысячаў эўра. былі перакладзены з рахункаў арганізацыі на чатыры асабістыя рахункі яе кіраўніка, іншыя 250 тысячаў апынуліся на рахунках крэдытораў Юнгвірта.
«Калі паглядзець на зьмены ў ладзе жыцьця Юнгвірта, можна сабе ўявіць, дзе аселі гэтыя грошы», — сказаў судзьдзя Георг Ольшак. Паводле матэрыялаў суда, на выручаныя такім чынам мільёны Юнгвірт набыў 10 коней для выездаў і манэж 70 на 20 мэтраў. Акрамя таго, кіраўнік Алімпійскага камітэту наняў для свайго сына высокааплатнага трэнэра па язьдзе.
Cярод шматлікіх эпізодаў фінансавых злачынстваў, якія разглядаліся на судовым працэсе, — створаны Алімпійскім камітэтам у банку Raiffeisen патаемны рахунак, зь якога ў тым ліку аплачваўся шыкоўны адпачынак Лукашэнкі і ягонай сьвіты ў Альпах у 2002 годзе. Грошы пералічваліся асабіста Юнгвіртам, які прымаў актыўны ўдзел у прыёме дэлегацыі на чале з Лукашэнкам.
Як піша аўстрыйская прэса, пасаду генэральнага сакратара Алімпійскага камітэту Аўстрыі Юнгвірт займаў на працягу 26 гадоў. На гэты пэрыяд прыпадае як велізарная колькасьць залатых медалёў, заваяваных падчас Алімпійскіх гульняў аўстрыйскімі спартоўцамі, так і допінгавы скандал на гульнях у Турыне ў 2006 г. і параза аўстрыйскага Зальцбургу ў барацьбе за права правядзеньня Зімовых Алімпійскіх гульняў 2014 году.
На працягу ўсяго працэсу, былы кіраўнік Алімпійскага камітэту вінаватым сябе не прызнаў. Па яго сьцверджаньні, усе грашовыя сродкі былі атрыманыя ім у якасьці ўзнагародаў, ўзгодненых зь іншымі сябрамі кіраўніцтва арганізацыі.
Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу, і падсудны папрасіў суд аб прадастаўленьні яму часу на абмеркаваньне далейшых крокаў са сваім адвакатам.