Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода веравызнаньня па-беларуску


Дзярждэпартамэнт ЗША ў штогадовай справаздачы аб свабодзе веравызнаньня ў сьвеце заяўляе пра факты парушэньня правоў і свабодаў шэрагу рэлігійных груп у Беларусі.

У дакумэнце гаворыцца, што сёлета фактаў такіх парушэньняў было зафіксавана менш з прычыны самацэнзуры рэлігійных аб’яднаньняў.

Дзярждэпартамэнт ЗША канстатуе, што прадстаўнікі рэлігійных супольнасьцяў асьцерагаюцца сьведчыць пра факты ціску і абмежаваньня сваёй дзейнасьці, каб не сутыкнуцца зь яшчэ больш жорсткім перасьледам з боку дзяржавы. Ці сапраўды праблемы лепш замаўчаць, чым спрабаваць іх вырашыць — цікаўлюся ў прэсавага сакратара каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, кс. Юрыя Санько:

«У Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі такіх праблем няма. Ёсьць заканадаўства, рэгіструецца парафія і працуе — ня можа быць перашкодаў. Больш за тое, касьцёл зараз супрацоўнічае зь дзяржавай у некаторых супольных акцыях — працуе зь цяжкімі падлеткамі, дзецьмі-сіротамі і гэтак далей. Якая сытуацыя ў іншых дыяцэзыях сказаць не магу, бо на гэтую хвіліну не валодаю такой інфармацыяй».

Праваслаўную царкву, як і каталіцкі касьцёл, афіцыйныя ўлады называюць асноўнымі рэлігійнымі супольнасьцямі ў Беларусі. Сакратар Менскага эпархіяльнага ўпраўленьня Андрэй Алежка таксама заяўляе, што ў дзяржавы і царквы няма невырашальных праблемаў:

«Многія рэчы пазнаюцца ў параўнаньні. У нас яшчэ на памяці ня вельмі далёкае мінулае, калі царква і вернікі цярпелі перасьлед і руйнаваліся нашы сьвятыні. На сёньня я ня бачу ніякіх істотных перашкодаў у дзейнасьці праваслаўнай царквы. Ёсьць працоўныя пытаньні, якія вырашаюцца шляхам перамоваў у межах заканадаўства. Але ў прынцыпе, на мой погляд, прынцып свабоды веравызнаньня ў нашай краіне існуе ня толькі на паперы, але і ў рэальным жыцьці».

Пратэстанцкая вера ў Беларусі прадстаўлена некалькімі цэрквамі, якія актыўна разьвіваюцца. Юрыст адной зь іх — «Новае жыцьцё» — Сяргей Луканін заяўляе, што высновы Дзярждэпартамэнту ЗША аб парушэньні рэлігійных свабодаў у Беларусі цалкам адпавядаюць рэчаіснасьці:
Многія суполкі сапраўды замоўчваюць факты ціску.

«Многія вернікі і рэлігійныя супольнасьці жывуць меркаваньнямі яшчэ савецкіх часоў і параўноўваюць цяперашнюю сытуацыю з тым часам, калі людзям давалі гады турмы за веравызнаньне альбо рэлігійную дзейнасьць. І, вядома, калі параўноўваць цяперашнюю сытуацыю з той, савецкай, то зараз у нас не такі жорсткі перасьлед. Але многія суполкі сапраўды замоўчваюць факты ціску. І гэта так, бо тут улады добра папрацавалі, і ў дзяржавы ёсьць рычагі ўплыву на рэлігійныя супольнасьці, і такіх рычагоў шмат. Таму я згодны з высновай Дзярждэпартамэнту ЗША, бо сытуацыя са свабодай веравызнаньня ў Беларусі не паляпшаецца, а пагаршаецца. І адна з прычынаў — закон аб свабодзе сумленьня, які вельмі рэпрэсіўны паводле сваёй сутнасьці, і ён — асноўная крыніца ціску на вернікаў».

Палітоляг і вернік адной з пратэстанцкіх цэркваў Уладзімер Мацкевіч мяркуе, што адрознасьць поглядаў прадстаўнікоў розных рэлігійных груп на свабоду веравызнаньня ў Беларусі цалкам адпавядае стану рэчаў з усімі грамадзянскімі правамі і свабодамі ў краіне:

«Не заўсёды людзі з праблемных сацыяльных груп гатовыя адкрыта казаць пра свае праблемы. Нават калі іх усьведамляюць, а бывае нават, што і не ўсьведамляюць. Да прыкладу, калі ў вязьніцу прыходзіць камісія высьветліць умовы ўтрыманьня, то адміністрацыя папярэджвае вязьняў, што калі яны будуць скардзіцца, то пасьля ім будзе яшчэ горш. Вось вязьні асабліва і ня скардзяцца. Так што праблема тут вельмі глыбокая».

Толькі сёлета ў Менску спэцслужбы захапілі прыватны дом, у якім малілася група пратэстанцкіх вернікаў, а на Гарадзеншчыне адбыўся суд над праваслаўным сьвятаром, які не пажадаў праходзіць працэдуру дактыляскапіі. Адносна царквы «Новае жыцьцё» па-ранейшаму дзейнічае прысуд аб вызваленьні займанага памяшканьня і сплочваньні штрафу памерам 260 мільёнаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG