Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На зьмену «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» — «БАЙКОТ ВЫБАРАМ 2012»


Няпраўда, што беларускі рэжым не турбуецца пра грамадзянаў краіны. Рэжым турбуецца пра кожнага. У нашай краіне для кожнага ёсьць месцы, нават для апазыцыі: для калябарантаў — месцы ў парлямэнце, для нязгодных падпарадкоўвацца — прысуды і месцы ў вязьніцах.

Да 24 верасьня 2012 году рэжым прапануе і заахвочвае толькі да аднаго дазволенага дзеяньня: удзелу ў перадвыбарчым фарсе. Байкотныя акцыі — пад забаронай, актывістам кампаніі — месяцы адміністрацыйных арыштаў і жорсткае зьбіцьцё. Грамадзкія арганізацыі, што падтрымалі кампанію — пад пагрозай закрыцьця.

Як вядома, усялякае дзеяньне спараджае адпаведнае супрацьдзеяньне. Які б жорсткі ні быў рэжым, якія б жахлівыя ні былі рэпрэсіі — чалавечае грамадзтва заўсёды знаходзіць альтэрнатыўныя спосабы змагацца, абыходзіць перашкоды і ўрэшце перамагаць — праз вызваленчыя паўстаньні, нацыянальныя страйкі, перамогу на свабодных выбарах... Форма змаганьня розная, вынік адзін — зьвяржэньне рэжыму. Так заўсёды было ў гісторыі і так будзе. Ніводзін таталітарны рэжым ня здолеў выйграць змаганьне з уласным народам.

Зьнішчыць апазыцыю — яшчэ ня значыць перамагчы. Маўклівыя акцыі пратэсту ў Беларусі 2011 году — яскравае таму пацьвярджэньне. У дэмакратычных краінах інтэрнэт і сацыяльныя сеткі — найперш сродак камунікацыі. Для таталітарных дзяржаў сацыяльныя сеткі — альтэрнатыўны спосаб самаарганізацыі грамадзтва, фармаваньня апазыцыйных ідэяў і каардынацыі дзеяньняў.

На зьмену «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» ў 2012 годзе паўстала ініцыятыва «БАЙКОТ ВЫБАРАМ 2012». Ужо на дадзены момант суполка налічвае каля 14 000 чалавек. Гэта самая буйная беларуская інтэрнэт-суполка ў падтрымку палітычнай кампаніі.

І дарэмна ляяльныя апазыцыянэры ганьбяць інтэрнэт-актывістаў. Сутнасьць іхніх закідаў — абсалютная калька з тыповай прапаганды БТ супраць апазыцыі: «там толькі невялікае зборышча адмарозкаў, а ўвесь беларускі народ за нас». Інтэрнэт-супольнасьць выказалася недвухсэнсоўна ў падтрымку байкоту. На дадзены момант інтэрнэт-актыўнасьць — гэта адна зь нямногіх формаў актыўнасьці для тых, хто ня згодны ісьці шляхам калябарацыі пад лёзунгамі: «прапануем альтэрнатыву — абаронім незалежнасьць беларускага рэжыму ад уласнага народу». Да таго ж — гэта сур’ёзная альтэрнатыва сыстэме СМІ праўладнай і сыстэме СМІ «незалежнай».

«Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» ў 2010 годзе выбухнула маўклівымі акцыямі пратэсту — падтрымка кампаніі байкоту праз сацыяльныя сеткі непазьбежна ў пэўны момант выльецца ў актыўнасьць невіртуальную. Таму што можна прыкупіць пару апазыцыянэраў, завабіўшы мяккай абіўкай палаткавых крэслаў, але нельга купіць увесь народ.

Сёньня будучыня Беларусі залежыць ад кожнага з нас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG