Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антона Сурапіна зноў плянуе наведаць адвакат


Антон Сурапін
Антон Сурапін

Праваабаронцы «Міжнароднай амністыі» і «Вясны» патрабуюць вызваленьня Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава, якіх трымаюць у сувязі са справай аб плюшавых мядзьведзіках. Працягваюць дзеяньні па юрыдычнай дапамозе вязьням «амэрыканкі» і прафэсійныя адвакаты.

«Праваабарончы цэнтар „Вясна“ расцэньвае затрыманьне і ўзяцьцё пад варту грамадзянаў Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава як эскаляцыю страху ў грамадзтве і спробу перакласьці адказнасьць за неналежную ахову дзяржаўнай мяжы і паветранай прасторы краіны на звычайных грамадзянаў».

Гэта пішуць праваабаронцы «Вясны» ў адмысловай заяве. Акрамя патрабаваньня зьмены меры стрыманьня для Сурапіна і Башарымава на незьвязаную з пазбаўленьнем волі, праваабаронцы таксама хочуць публічных тлумачэньняў наконт таго, што паслужыла падставай для іх затрыманьня.

Да галасоў у падтрымку фігурантаў справы аб мядзьведзіках далучылася і аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя».

«Абвінавачваньні, вылучаныя супраць Антона Сурапіна, уяўляюць сабой яшчэ адзін цьвік у труну свабоды выказваньня ў Беларусі, дзе ілжывыя абвінавачваньні часта выкарыстоўваюцца ў спробе прымусіць замаўчаць тых, хто займаецца абаронай правоў чалавека», — сказаў Джон Дальхузэн, дырэктар Amnesty International па Эўропе і Цэнтральнай Азіі. Спадар Дальхузэн заявіў, што яны будуць лічыць Антона Сурапіна вязьнем сумленьня, пакараным выключна за негвалтоўнае выказваньне сваіх перакананьняў.

Amnesty International таксама патрабуе неадкладна вызваліць Сяргея Башарымава і зьняць зь яго ўсе абвінавачаньні.

Алена Сурапіна
Алена Сурапіна
Паводле маці Антона Сурапіна Алены Сурапінай, яго 25 ліпеня зьбіраецца наведаць адвакат. Апошнім разам адвакат сустракаўся з журналістам 23 ліпеня:

«Адвакат мусіць да яго пайсьці, ня ведаю толькі, як атрымаецца, сёньня ці заўтра. Яна мне пазваніла і сказала, што пойдзе. Я прасіла паведаміць сыну, што ягоны ліст дайшоў. Каб падтрымаць яго маральна. Чакаем зьвестак».

Дагэтуль невядома, ці выставілі Антону Сурапіну афіцыйнае абвінавачаньне. Паводле ранейшых зьвестак, маладога журналіста правяралі з прычыны падазрэньняў у спрыяньні незаконнаму перасячэньню мяжы групай асобаў. Сам Антон Сурапін 13 ліпеня, у дзень затрыманьня, пасьпеў паведаміць, што супрацоўнікі КДБ цікавяцца, адкуль ён узяў фатаздымкі плюшавых мядзьведзікаў, якія выставіў на сваім сайце. Гаворка, відаць, пра плюшавых мядзьведзікаў, якіх скінулі швэды над Івянцом і ўскраінай Менску, праляцеўшы там на лёгкаматорным самалёце 4 ліпеня. Улады Беларусі дагэтуль афіцыйна не прызналі факт гэтага палёту. Антон Сурапін сьцьвярджае, што фатаздымкі яму даслаў праз электронную пошту невядомы.

Новых зьвестак ад другога фігуранта справы, менскага рыэлтара Сяргея Башарымава, няма. Пра гэта паведаміла дзяўчына Сяргея Ірына Лагойка. Таксама Ірына сказала, што надалей ёй прыйдзецца абмяжоўваць кантакты з журналістамі. Прычыну Ірына не патлумачыла:

«Ад яго навінаў няма. Прабачце, але пакуль мы вырашылі ўстрымацца ад інтэрвію. Пакуль — гэтак».

Сяргея Башарымава трымаюць пад вартай у СІЗА КДБ з 6 ліпеня. Паводле Ірыны Лагойкі, яму выставілі абвінавачаньне ў спрыяньні незаконнаму перасячэньню мяжы групай асобаў.

Сяргей Башарымаў працуе рыэлтарам. Паводле арганізатара палёту швэдзкага самалёта Пэра Кромвэла, Сяргей здаваў кватэру швэдам у траўні і меў заказ ад іх на кватэру на пачатку ліпеня, але гэты заказ быў адменены праз СМС. «Мы бачыліся зь ім аднаго разу, у траўні. Ён зусім ня быў дасьведчаны ў нашых плянах», — казаў Пэр Кромвэл.

КДБ Беларусі па-ранейшаму не камэнтуе справу аб мядзьведзіках і факты затрыманьня двух яе фігурантаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG