Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістам Эўрарадыё помсьцяць за мэтро


Віталь Ругайн
Віталь Ругайн

Журналіста Эўрарадыё Віталя Ругайна затрымалі на беларуска-літоўскай мяжы для пэрсанальнага догляду і праверкі дакумэнтаў.

Калектыў Эўрарадыё мяркуе, што гэткім чынам беларускія спэцслужбы працягваюць помсьціць незалежным журналістам за рэпартаж з мэтро пра неналежную ахову мэтрапалітэну.

Віталь Ругайн быў затрыманы на мяжы, калі вяртаўся ў Беларусь зь Вільні. Яго пратрымалі на памежным пераходзе тры гадзіны, правялі асабісты агляд з распрананьнем і складаньнем пратаколу, забралі кампутар і дакумэнты, але празь некаторы час іх вярнулі і адпусьцілі журналіста без аніякіх тлумачэньняў, паведаміў «Свабодзе» Віталь Ругайн:

«Чаму, навошта гэта адбывалася — я спрабаваў удакладніць, што я такое зрабіў, што палічылі неабходным мяне вось гэтак аглядаць — мне адказалі, што гэта ня іх ініцыятыва, і параілі высьвятляць прычыны ў МУС. Гэта значыць, што яны пабачылі нейкія зьвесткі пра мяне і пасьля гэтага выявілі да маёй асобы гэткую цікаўнасьць. І зараз самае галоўнае — высьветліць, што там гэткае пра мяне напісана, што мытнікі аглядалі мяне як мае быць — як нейкага сапраўднага злачынцу».

Віталь Ругайн вяртаўся ў Беларусь пасьля таго, як у чэрвені тэрмінова быў вымушаны зьехаць, калі затрымалі і зьняволілі на 15 сутак ягонага калегу, журналіста Эўрарадыё Паўла Сьвярдлова. Разам яны зрабілі рэпартаж зь менскага мэтро пра неналежную ахову мэтрапалітэну. Віталь Ругайн мяркуе, што менавіта з гэтымі падзеямі і зьвязаная асаблівая пільнасьць да ягонай асобы з боку беларускіх спэцслужбаў. Тае ж думкі — што журналістаў перасьледуюць менавіта з-за прафэсійнай дзейнасьці — трымаецца і Павал Сьвярдлоў:

Павал Сьвярдлоў
Павал Сьвярдлоў
«Натуральна, гэта зьвязана з той справай 22 чэрвеня, калі ўзялі мяне і палявалі на яго, Віталя, бо Віталь неаднаразова выяжджаў за межы Беларусі і ніколі гэткай пільнай увагі памежных службаў да яго не было. Нельга лічыць ціск на журналістаў нармальным, і я лічу, што ўлады, калі б яны мелі больш розуму, то яны б дзякавалі журналістам за іх працу, у тым ліку і крытычную, бо ўся яна накіраваная ня супраць Беларусі, а на яе карысьць».

Павал Сьвярдлоў заяўляе, што мае намер абскардзіць рашэньне раённага суду аб сваім 15-суткавым зьняволеньні ў судах вышэйшых інстанцыяў. У сваю чаргу, кіраўніцтва Эўрарадыё адказвае на ціск з боку ўладаў тым, што і надалей ня будзе абмінаць вострыя тэмы і крытычныя матэрыялы, паведаміў «Свабодзе» галоўны рэдактар Эўрарадыё Віталь Зыблюк:

Віталь Зыблюк
Віталь Зыблюк
«Нават тады, калі Паўла пасадзілі на 15 сутак, яшчэ тады мы вырашылі, што ніякай унутранай самацэнзуры мы ўводзіць ня будзем, што б ні здарылася. І гэта на нашу працу ніяк не паўплывала. Адзінае, што адно працоўнае месца пуставала 15 дзён. Павал вярнуўся, і мы працягваем працаваць, як і працавалі, без аніякай самацэнзуры, самакантролю і нейкіх унутраных абмежаваньняў — проста выконваем сваю працу».

Як паведаміў «Свабодзе» журналіст Эўрарадыё Віталь Ругайн, тлумачэньняў аб прычынах ягонага затрыманьня на мяжы ён будзе дамагацца ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG