Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі ў цывільным палююць на журналіста Эўрарадыё


Віталь Ругайн, журналіст Эўрарадыё
Віталь Ругайн, журналіст Эўрарадыё

Віталя Ругайна, журналіста Эўрарадыё людзі ў цывільным больш за шэсьць гадзінаў пільнавалі каля офіса Эўрарадыё, а пасьля яшчэ гадзіну адсочвалі па горадзе.

Журналісты Эўрарадыё заўважылі некалькі аўтамабіляў, у якіх знаходзіліся людзі ў цывільным, яшчэ ў абед. Пасьля стала вядома, што яны цікавіліся менавіта Віталём Ругайнам. Увесь гэты час Віталь знаходзіўся ў офісе разам з калегамі.

Пад вечар у офісе сабраліся журналісты з іншых СМІ і было вырашана выйсьці з офісу ўсім разам. Каля гадзіны паўтара дзесяткі журналістаў ў суправаджэньні супрацоўнікаў у цывільным хадзілі па цэнтры гораду. З перамоваў супрацоўнікаў па рацыі было зразумела, што затрымліваць Ругайна пад вокам журналісцкіх фота і відэакамэраў яны ня будуць. Сьледам па вуліцах езьдзілі і мікрааўтобусы, якія да таго стаялі ў двары Эўрарадыё.

Праз гадзіну Віталю Ругайну ўдалося схавацца. Цяпер ягонае месца знаходжаньне невядомае.

Віталь Ругайн — адзін з аўтараў рэпартажу «Эўрарадыё» з менскага мэтро. Разам са сваім калегам Алесем Пілецкім яны прайшлі па падземцы з цяжкай торбай, і на іх ніхто не зьвярнуў увагі. Журналісты лічаць, што перасьлед — гэта помста з боку міліцыі за іх працу.

Сёньня ранкам быў затрыманы і асуджаны да 15 сутак арышту Павал Сьвярдлоў. Калегі лічаць, што яго маглі проста пераблытаць з Віталём Ругайнам.

Галоўный рэдактар «Эўрарадыё» Віталь Зыблюк камэнтуе сытуацыю, якая склалася вакол журналіста:

«Будзем чакаць. Два месяцы хаваць яго не ўдасца. Але можа гэты націск спадзе. А можа наадварот болей азьвярэюць з-за таго, што яму ўдалося сысьці. Пляну ніякага ў нас не было. Плян быў проста сысьці. І нам гэта ўдалося. Хаця б гэтыя два дні яму не давядзецца сядзець у турме. А ў панядзелак ужо будзем глядзець — будзе лягчэй. Там прынамсі ўжо будзе адвакат. Вырашым, што рабіць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG