Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорцы адказваюць Мядзьведзеву


«Беларуськалій»
«Беларуськалій»
18 ліпеня ў Менску на прэсавай канфэрэнцыі па выніках расейска-беларускіх перамоваў расейскі прэм’ер Дзьмітрый Мядзьведзяў заявіў, што Беларусі трэба паскорыць прыватызацыю «Беларуськалія».

«Я лічу, што нашым беларускім сябрам даўно пара прыняць адпаведнае рашэньне».

Перад тым, 17 ліпеня Аляксандар Лукашэнка наведаў «Беларуськалій» і заявіў, што прадаваць прадпрыемства за бесцань не зьбіраецца, а калі рашэньне аб прыватызацыі будзе зацьверджана, то на продаж будзе выстаўлена толькі малая частка акцыяў, а кантрольны пакет застанецца ў дзяржавы.

Карэспандэнт «Свабоды» спытаўся ў жыхароў Салігорску: што яны думаюць наконт патрабаваньня Расеі паскорыць прыватызацыю «Беларуськалія»?

Ларыса Насановіч, грамадзкая актывістка: «У Салігорску цяпер людзі ў такім становішчы, што калі ім будуць плаціць больш, то, па вялікім рахунку, праціўнікаў продажу „Беларуськалія“ ня будзе. Для гэтых людзей галоўнае, каб захаваліся іх працоўныя месцы й каб налічваўся заробак.

Шахцёры, асабліва калійшчыкі нізавога зьвяна, палохаюцца скарачэньня. Маўляў, прыйдзе прыватны гаспадар, і адбудзецца вялікае скарачэньне, і людзям давядзецца выйсьці на вуліцу…»

Леанід Мархотка, юрыст, праваабаронца: «Вядома, гэта нэгатыўна адаб’ецца на жыцьці ў Салігорску. Інвэстар чый будзе? Расейскі, вядома. Ну, мо яшчэ нейкім беларускім чыноўнікам дадуць крышку ўхапіць. Ну, а далей што?
Такія прадпрыемствы, як «Беларуськалій», нафтаперапрацоўка, «Белтрансгаз» — гэта ж кавалачак сувэрэнітэту.

Такія прадпрыемствы, як «Беларуськалій», нафтаперапрацоўка, «Белтрансгаз» — гэта ж кавалачак сувэрэнітэту, незалежнасьці. Ну, вымушаны прэзыдэнт прадаць іх, бо завёў краіну ўжо ў эканамічны тупік. І калі прыяжджае прэм’ер-міністар другой дзяржавы і, як кажуць, без аніякіх цырымоніяў патрабуе фамільнае срэбра на бочку, то я мяркую, што для простых людзей нічога добрага чакаць не даводзіцца. Гэта значыць, што мы ня будзем уласьнікамі, працоўныя калектывы застануцца без акцыяў. Усё вырашаюць за нас, без аніякага калектыўнага абмеркаваньня. Гэта адбываецца таму, што ў Салігорску цяпер сьвядомая частка насельніцтва — найменшая. Бальшыня прывучаная, што «за нас думаюць, за нас зробяць…»

Павал Батуеў, жыхар Салігорску: «На маю думку, у Салігорску ніхто не жадае, каб адбылася гэтая прыватызацыя, але бальшыня прадчувае, што ўсё-ткі „Беларуськалій“ будзе прададзены расейцам.

А маё асабістае меркаваньне такое, што прыватызаваць гэтае прадпрыемства неабходна, але не на дадзены момант і не кантрольны пакет акцыяў.

Тут пытаньне мэты: дзеля чаго патрэбная прыватызацыя? Калі прыватызаваць, каб атрымліваць грошы і падтрымліваць далей гэтую неэфэктыўную эканамічную мадэль, то сэнсу ў такой прыватызацыі няма. А іншая рэч, калі прыватызаваць з разьлікам на тое, што прыйдзе нейкі ўласьнік, які зробіць „Беларуськалій“ больш эфэктыўным. Бо ўсё ж такі прыватная форма ўласнасьці больш эфэктыўная за дзяржаўную.

І трэба прызнаць, што зараз эфэктыўнасьць „Беларуськалія“ ня вельмі высокая. Таму мэтазгодна праводзіць прыватызацыю, каб падтрымаць прадпрыемства, а не атрымаць грошы і праесьці іх чарговым разам».

Тацьцяна Кучынская, жыхарка Салігорску: «Я адсутнічала ў Салігорску апошнія два месяцы, бо была ў гасьцях у сталіцы Казахстану Астане. А тут, кажуць, шосты руднік адкрывалі, і Лукашэнка заявіў, што ня будзе прадаваць „Беларуськалій“.
Шахцёры на працу цяпер бяруць нават так званыя „тармазкі“ з абедам.

У мяне там сын працуе. Таксама кажа, што прадаваць ня будуць. І я лічу, што лепш ня будзе, калі прыватызуюць. Бо ўжо зараз заробкі ў параўнаньні з ранейшымі зьменшыліся ў два разы. Шахцёры на працу цяпер бяруць нават так званыя „тармазкі“ з абедам.

Дарэчы, у Астане мая дачка працуе дырэктарам крамы „Эўраопт“, дык там нават шараговыя грузчыкі атрымліваюць 600 даляраў заробку…»

Павал Батуеў, жыхар Салігорску: "Літаральна год таму ў Салігорску хадзілі чуткі, што адзін з руднікоў будуць прадаваць кітайцам. Я на той момант працаваў акурат на пляцоўках "Беларуськалія«.Стаўленьне людзей было надзвычай нэгатыўнае, бо салігорцы тады казалі, што было б прасьцей, каб самі працоўныя выкупілі, калі ўжо дзяржаве так патрэбныя грошы. Тады гаворка ішла пра кітайцаў.

Зараз я мяркую, што калі «Беларуськалій» прадаваць каму-небудзь, то адназначна — не расейцам! Магчыма, немцам ці швэдам , якія здольныя прынесьці добрыя тэхналёгіі. А Расея, зразумела, будзе тупа эксплюатаваць радовішча, а як яго запасы будуць вычарпаныя, то ўсё і скончыцца, «да пабачэньня!», і пра новыя тэхналёгіі ніякай гаворкі ня будзе абсалютна«.

Аляксей Доўнар, жыхар Салігорску, працуе у ВА «Беларуськалій»: «Увогуле ў сьвеце існуе такое паняцьце: „Тое, што належыць ня мне, я не магу прадаць“. То хто можа прадаць зямлю Беларусі і яе калійную соль? Таму пытаньне аб продажы такіх каштоўнасьцяў, якія належаць ня мне, я не вырашаю. А калі знаходзяцца людзі, якія прадаюць тое, што ім не належыць, то гэта — зладзеі!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG