Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні дзень рэгістрацыі ініцыятыўных групаў

абноўлена

19 ліпеня завяршаецца чарговы этап кампаніі па абраньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня.

Сёньня — апошні дзень, калі патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты могуць падаць дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. Адсутнасьць такой групы не дазваляе зьбіраць подпісы выбарцаў у падтрымку прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат.

Выбарчае заканадаўства дае акруговым камісіям на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ня болей за 5 дзён з моманту падачы адпаведнай заяўкі. Таму некаторыя патэнцыйныя кандыдаты, якія пасьпяшаліся, ужо маюць на руках неабходныя дакумэнты.

«Ці дае ім гэта перавагу перад тымі, хто яшчэ не прайшоў працэс рэгістрацыі, асабліва партыйнымі прэтэндэнтамі, якіх будуць вылучаць на зьездах напрыканцы ліпеня — пачатку жніўня?» — спытаў карэспандэнт «Свабоды» сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка.

Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік
«Афіцыйна агітацыйнай кампаніі ня маюць права весьці і тыя, хто вылучаецца праз збор подпісаў грамадзянаў. Яны ня маюць права праводзіць калектыўныя сустрэчы з выбарцамі, распаўсюджваць улёткі і г.д. Але яны, зьбіраючы подпісы, расказваюць пра свайго кандыдата. Ну, а гэта ў нейкім сэнсе ўжо і агітацыя. Таму я сказаў бы, што вылучэньне праз збор подпісаў дае нейкія дадатковыя магчымасьці, каб данесьці зьвесткі пра свайго кандыдата выбарцам.

Вылучэньне ад палітычнай партыі — гэта самы лёгкі шлях вылучэньня. Сабраўшыся на зьезд, палітычная партыя можа вылучыць па адным кандыдаце ў кожную выбарчую акругу, адразу 110 кандыдатаў.

А вылучэньне шляхам збору подпісаў — гэта вялікая праца. Трэба і пахадзіць, і пагаварыць, і паслухаць, што людзі кажуць. І часам яны гавораць ня тое, што хацелася б чуць. Таму тое, што самае простае, не заўсёды самае эфэктыўнае. А вылучэньне праз збор подпісаў, калі ёсьць дадатковая магчымасьць расказаць пра свайго кандыдата, падвышае эфэктыўнасьць кантактаў будучага кандыдата са сваімі выбарцамі».

Менавіта з гэтага зыходзіла і кіраўніцтва партыі «Справядлівы сьвет», калі рэкамэндавала ўсім сваім прэтэндэнтам на дэпутацкія мандаты зарэгістраваць ініцыятыўныя групы. А вось у АГП да гэтага падыход іншы, бо цяперашняя кампанія не адпавядае клясычным стандартам, адзначае партыйны лідэр Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Для нас галоўнае, каб сытуацыя была на 100% кіраваная. А гэта дасягаецца толькі праз партыйнае вылучэньне. Таму мы ня ставім задачы зьбіраць подпісы праз ініцыятыўныя групы. Па-першае, каб ня ўводзіць у зман выбарцаў. А па-другое, каб не ствараць праблемаў для саміх нашых „сьпікераў“.

Разам з тым дзесьці ў 7–10 акругах мы, відаць, зарэгіструем ініцыятыўныя групы для таго, каб папрацаваць зь людзьмі ў фармаце кампаніі „За сумленныя выбары без Лукашэнкі“. Там ня будзе збору подпісаў. Але мы будзем выстаўляць пікеты і размаўляць зь людзьмі пра праблему свабодных выбараў. І будзем іх агітаваць, каб яны падтрымалі нашу кампанію».

Такім чынам, і на гэтым этапе выбарчай кампаніі ў апазыцыі няма агульнага пляну дзеяньняў. Палітоляг Віктар Чарноў тлумачыць сытуацыю так:

«Разыходжаньні ў тактыцы тлумачацца глыбіннымі разыходжаньнямі ў стратэгіі выбарчай кампаніі, якую абрала тая ці іншая партыя. Напрыклад, Калякін і Лябедзька, пры ўсёй сваёй дружбе, тут займаюць прынцыпова супрацьлеглыя пазыцыі. Калякін выступае за поўнамаштабны ўдзел у выбарах з намерам ісьці да самога фінішу. А Лябедзька рэальна ажыцьцяўляе сцэнар міксу, то бок і ўдзелу, і байкоту».

У Цэнтравыбаркаму пакуль няма дадзеных пра колькасьць ужо зарэгістраваных ініцыятыўных груп, сказаў Мікалай Лазавік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG