Былы амбасадар Сырыі ў Іраку Наваф Фарэс, які абвясьціў на гэтым тыдні аб пераходзе на бок апазыцыі, зьвінаваціў сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада ў тым, што той дазваляе ваеўнікам "Аль-Каіды" выкарыстоўваць сырыйскую тэрыторыю для арганізацыі нападаў у суседнім Іраку.
Фарэс заявіў пра гэта ў інтэрвію тэлеканалу "Аль-Джазіра", скрытыкаваўшы, пры гэтым, і ірацкага прэм'ера Нуры Аль-Малікі. Паводле былога амбасадара, аль-Малікі устрымліваецца ад ўмяшальніцтва ў крызіс у Сірыі, хоць ён у курсе супрацьпраўных дзеяньняў Асада ў дачыненьні да Ірака.
У суботу назіральнікі ААН пабывалі ў сірыйскай вёсцы Трэймсі, у правінцыі Хама, дзе ў чацьвер, як сьцьвярджаюць апазыцыянэры, пры абстрэле ўрадавымі сіламі былі забітыя больш за 200 чалавек. Міжнародныя экспэрты сустрэліся з жыхарамі вёскі, – паведаміў адзін з актывістаў. Паводле яго слоў, назіральнікам былі перададзены фрагмэнты снарадаў, якімі войскі абстрэльвалі Трэймсі з танкаў і верталётаў.
Адзначаецца, што калі зьвесткі пра забітых у Трэймсі пацьвердзяцца, трагедыя ў гэтым паселішчы стане адной з самых крывавых старонак канфлікту ў Сірыі, які працягваецца ўжо 16 месяцаў.