Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наступ на журналістаў працягнецца, пакуль не пагоршацца адносіны з Масквой»


Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч

Якая палітычная лёгіка ў дзеяньнях беларускай улады, накіраваных супраць журналістаў? Ці можна гэта назваць адказам Эўропе і чаго ў такім выпадку чакаць далей незалежнаму грамадзтву?

На гэтыя пытаньні адказвае журналіст і палітоляг Віктар Марціновіч.

Які палітычны сэнс у апошніх дзеяньнях беларускай улады, накіраваных супраць беларускіх журналістаў — Андрэя Пачобута і Паўла Сьвярдлова? Для чаго ўлада гэта робіць?

Марціновіч: «Арышт журналіста ў любым грамадзтве — справа надзвычайная. Калі судзяць палітычных актывістаў, гэта нават менш прыцягвае ўвагу і ўнутры грамадзтва, і за мяжой. Бо журналіст валодае пэўнай сеткай кантактаў, ён заўсёды бачны, чутны, ён валодае камунікацыйнымі плынямі. Таму, відавочна, гэта вельмі моцны камунікатыўны і палітычны мэсыдж.

Таму прачытваць гэтыя арышты трэба не як асобныя выпадкі, а менавіта як тэндэнцыю. Як спэцапэрацыю „Журналіст“. Якія праблемы такім спосабам вырашаюцца? Па-першае, рыхтуецца палітычнае поле да парлямэнцкіх выбараў. Па-другое, дасылаецца мэсыдж Эўропе — вы пашыраеце сьпіс неўязных, таму мы будзем арыштоўваць, саджаць, асуджаць і гэтак далей».

Цыганкоў: «Наколькі сапраўды беларуская ўлада, расчараваная нежаданьнем Эўропы саступаць, гатовая адказаць менавіта такім чынам? У гэтым кантэксьце ці варта нам чакаць далейшага наступу на грамадзянскую супольнасьць і канкрэтна на журналістаў?»

Марціновіч: «Гэты наступ працягнецца да тае пары, пакуль не пагоршацца адносіны з Масквой. У мяне ёсьць адчуваньне, што Пуцін нават заахвочвае Беларусь да такіх паводзінаў. Бо пакуль Беларусь паводзіць сябе так, Расея на гэтым фоне выглядае амаль цытадэльлю дэмакратыі. Толькі што прачытаў блог Дракахруста, які лічыць, што такім чынам Беларусь імкнецца пасварыць Расею з Захадам, уцягнуць яе ў супрацьстаяньне з Эўразьвязам. Я б гэтага не выключаў».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG