Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці беларускі «беларускі катынскі сьпіс»?


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

У сэнсацыйным паведамленьні --> http://www.svaboda.org/content/article/24621101.html Gazeta Wyborcza пра знойдзеныя дакумэнты аб забойстве палякаў — вязьняў НКВД неяк рэзанула вока назва «беларускі катынскі сьпіс».

Можна палічыць гэта пустой спрэчкай аб словах — расстрэлы адбываліся ў БССР, ну значыць і сьпіс беларускі. Расстрэльвалі б у Літве ці ва Ўкраіне, адпаведна назвалі б літоўскім ці ўкраінскім, ніякага іншага зьместу ў гэтыя словы ніхто не ўкладаў.

Першая паласа польскай "Газэты Выборчай"
Першая паласа польскай "Газэты Выборчай"
Магчыма, адной з прычынаў зьяўленьня такой назвы было тое, што афіцыйны Менск, як і афіцыйная Масква, ўпарта хаваў адпаведныя дакумэнты. Урэшце расейская дасьледчыца Натальля Лебедзева здолела знайсьці іх менавіта ў Расеі. Беларусь, якая, здаецца, павінна была б менш клапаціцца пра захаваньне крывавых таямніцаў сталінскага Крамля, такіх дакумэнтаў нікому не дала.

Але справа ня толькі ў паводзінах уладаў сучаснай Беларусі. Ці можна ўскладаць на краіну, якая калісьці была часткай больш шырокага дзяржаўнага ці міждзяржаўнага ўтварэньня, адказнасьць за злачынствы, якія рабіліся гэтым самым ўтварэньнем? Насамрэч жа ўсе катынскія сьпісы — савецкія. Больш за тое, менавіта ў пытаньні расстрэлаў польскіх ваеннапалонных мясцовыя бссраўскія ўлады ня мелі самастойнасьці ані на каліва. Расстраляць настаўніка ці селяніна-паляка з Пінску ці Гародні, які пасьля 17 верасьня 1939 году стаў грамадзянінам СССР — зразумела, маглі і расстрэльвалі, у межах агульнай партыйнай лініі. А вось з ваеннапалоннымі пытаньне было больш складаным нават з пункту гледжаньня савецкіх уладаў. Палонныя — асаблівы юрыдычны статус.

Хай сабе яны з пункту гледжаньня Масквы і страцілі дзяржаўную прыналежнасьць, але, скажам, Вялікабрытанія не прызнавала акупацыю Польшчы і давала поўнае прызнаньне эміграцыйнаму ўраду, лёс палонных палякаў быў фактарам вялікай міжнароднай палітыкі і ня розуму менскіх начальнікаў тое была справа. Вырашаў асабіста Сталін, любая мясцовая самадзейнасьць тут была выключаная ў прынцыпе. З такім жа посьпехам можна называць польскай Варшаўскую дамову — ваенна-палітычны блёк камуністычных дзяржаваў. Дамова сапраўды была падпісаная ў Варшаве, але нават афіцыйныя тагачасныя ўлады ПНР ніхто асабліва не пытаўся наконт мэтазгоднасьці гэтай ініцыятывы. Рашэньне прымалі вядома хто і вядома дзе.

Больш за тое, існуе гістарычны прэцэдэнт, калі краіна, фактычна наўпрост датычная да масавых злачынстваў, была па меншай меры часткова выведзеная з-пад адказнасьці за іх. Мова ідзе аб Аўстрыі. Пасьля аншлюсу, які па меншай меры ня цалкам быў гвалтоўным захопам, Аўстрыя мела статус не залежнай тэрыторыі, кшталту Польшчы ці Беларусі, а неад’емнай часткі Нямеччыны, ваенны, урадавы і карны апарат «Трэцяга рэйху» ў значнай ступені складаўся з аўстрыйцаў, «унёсак» у нацысцкія злачынствы аўстрыйцаў Зэйс-Інкварта і Кальтэнбрунэра быў па заслугах ацэнены ў выраку Нюрнбэрскага трыбуналу.

Але была і Маскоўская дэклярацыя саюзьнікаў 1943 году, якая хаця і не вызваляла Аўстрыю ад адказнасьці за злачынствы Гітлера цалкам, аднак трактавала краіну, як «першую свабодную краіну, якая стала ахвярай гітлераўскай агрэсіі». У 1945 годзе на Аўстрыю не былі ўскладзеныя рэпарацыі, на думку некаторых дасьледчыкаў Маскоўская дэклярацыя ляжыць у аснове аўстрыйскай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Саюзныя дзяржавы выводзілі Аўстрыю з-пад поўнай адказнасьці сьвядома, каб гэтую самую ідэнтычнасьць умацаваць.

Вяртаючыся да «беларускага катынскага сьпісу» — ну зразумела ж, адказныя. І тады, ў 30-40-я, і пазьней: Кірыл Мазураў, які ажыцьцяўляў палітычнае кіраўніцтва ўварваньнем у Чэхаславаччыну ў 1968 годзе, Андрэй Грамыка — Mister No, які шмат гадоў быў тварам зьнешняй палітыкі Крамля, і многія, многія іншыя беларусы і ўраджэнцы Беларусі, «імя ім — легіён».

Але здаецца, што тут мае значэньне разьмеркаваньне роляў. Гэтую адказнасьць павінна ўсьвядоміць само беларускае грамадзтва. Наколькі тут замежныя краіны могуць паспрыяць ці пашкодзіць? Гэтае пытаньне здаецца спрэчным. У адносінах да Аўстрыі рэалізацыі формулы Маскоўскай дэклярацыі спрыяла адна «дробязь»: Нямеччына пацярпела катастрафічную ваенную паразу і на пэўны час стала наагул геаграфічным паняцьцем. Ні СССР, ні Беларусь нічога падобнага не зазналі. Таму магчымасьці для замежжа ўскладаць на некага віну ці вызваляць ад яе ў гэтым рэгіёне сьвету відавочным чынам абмежаваныя. Ну, а ўнутранае пакаяньне — асабістае ці нацыянальнае… Палякі каяліся за ўласныя зьверствы ў Ядвабне не таму, што да гэтага іх заклікалі ці прымушалі Ізраіль ці ЗША ці нейкая іншая замежная дзяржава. А таму што было ўласнае адчуваньне граху, злачынства і ўласнае жаданьне ачысьціцца. Далёка не ва ўсіх, дарэчы, было. Прабачэньні, прынесеныя тагачасным прэзыдэнтам Аляксандрам Квасьнеўскім, выклікалі шмат у каго рашучую нязгоду.

Адносна «беларускага катынскага сьпісу» — мне ўсё ж здаецца, што лепш было б, каб яго так называлі самі беларусы. А не палякі ці расейцы. Ускладаньне звонку адказнасьці (хай і ўскоснай) за савецкія злачынствы на Беларусь у пэўным сэнсе ўмацоўвае савецкую повязь і радавод сучаснай Беларусі. І, магчыма, польскім калегам варта было б улічваць тую рацыю, якой кіраваліся аўтары Маскоўскай дэклярацыі 1943 году.

Нацыя — зусім не сынонім дабра, прыгажосьці і наагул усяго самага лепшага, што ёсьць на сьвеце, як казаў Эрнст Рэнан: нацыя — гэта здольнасьць памятаць і здольнасьць забываць. І наўрад ці можна звонку накінуць ёй тое, што яна, на нечы погляд, павінна памятаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG