Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода – Радыё Скарына


Аляксандар Лукашук з «Гліняным Вялесам»
Аляксандар Лукашук з «Гліняным Вялесам»

Лукашук: У гэтым тэксьце я ўжо не баюся сказаць тое, што, магчыма, ня меў некалі сьмеласьці сказаць напрасткі.

6 чэрвеня ў кнігарні «логвінаЎ» паэт і заснавальнік Таварыства вольных літаратараў Алесь Аркуш уручыў прэмію ТВЛ «Гліняны Вялес» за 2011 год Аляксандру Лукашуку, дырэктару беларускай службы Радыё Свабода, за кнігу «Сьлед матылька. Освальд у Менску». Аляксандар Лукашук па тэлефоне зь Менску адказаў на пытаньні нашага радыё.

Соўсь: Найперш віншую з ўзнагародай. Што для вас значыць прэмія «Гліняны Вялес»?

глядзіце наступны нумар часопіса «Дзеяслоў», дзе пра ўсё гэта будзе надрукавана

Лукашук: Гэтая прэмія незвычайная тым, што зыходзіць ня зь Менску, не са сталіцы. 20 гадоў таму, калі яна была заснаваная, гэта быў у пэўным сэнсе такі авангардны літаратурны выклік, які шмат каго проста ўсхваляваў. Філёзаф Валянцін Акудовіч некалі напісаў з гэтай нагоды, што дзяржава і нацыя ня можа існаваць, калі ў яе няма моцнай сталіцы і любое разбурэньне сталіцы – на шкоду. Але ў адкрытай камунікатыўнай прасторы цэнтар насамрэч – і дзяржавы дый сьвету ўвогуле – знаходзіцца ў любым месцы, дзе ёсьць інтэрнэт і сатэлітная талерка. Такім чынам Таварыства вольных літаратараў, якое было заснаванае ў Полацку, якое аб'ядноўвала пісьменьнікаў, паэтаў, літаратараў пераважна ня менскіх, яно засьведчыла, што ў Беларусі не адзін цэнтар культуры і літаратуры, а іх некалькі. І гэта раптам надало аб'ёмнасьць мастацкаму працэсу і надало яму нечаканыя вымярэньні. У пэўным сэнсе для мяне самога было нечаканасьцю, што ТВЛ абрала кнігу ў жанры non-fiction.

Соўсь: Ну вось для тых слухачоў, якія якраз не ў сталіцы і не змаглі трапіць на прэзэнтацыю: што было ў вашай інаўгурацыйнай прамове?

Лукашук: Мы крышачку спрачаліся пра жанры, але насамрэч галоўным зьместам стала чытаньне – фрагмэнты новага твора, які будзе надрукаваны ў наступным нумары часопіса «Дзеяслоў», ён называецца крыху па-афрыканску «Зкімбы? Зьімбы!». І гэтыя фрагмэнты былі сёньня прачытаныя. А ў залі прысутнічалі героі і яны выступалі са словам у адказ. Так што ў пэўным сэнсе гэта была дуэль.

Соўсь: Вы сапраўды заінтрыгавалі многіх, паабяцаўшы адкрыць тайну назову кнігі пра Освальда, распавесьці пра першапачатковы варыянт і чаму ён ня быў прыняты. Давайце цяпер раскрыем інтрыгу, асабліва для слухачоў Свабоды, якія ня здолелі трапіць на прэзэнтацыю...

Лукашук: Калі я пісаў Освальда, гэта быў вобраз прагулак, гуляньня з Освальдам, за ім, па ягоных сьлядах, па ягоных мясьцінах. Заходзіць у тыя кавярні, рэстараны, паркі, дзе ён бываў. Але прагулка не зусім беларускае слова. Па-беларуску лепш сказаць пагулянка ці шпацыр. З гэтай прычыны давялося адмовіцца і зьявілася новая вобразнасьць – «Сьлед матылька», што, мне здаецца, больш дакладна, чым мая першапачатковая ідэя. Было яшчэ некалькі назваў, напрыклад, «Ліхар. Освальд у Менску». Гэта тая ягоная мянушка, якую ён адзін час меў у дакумэнтах КДБ. Ну але застаўся «Сьлед матылька», гэта прыгожая ўсё ж такі жамяра, дык чаму не?

Соўсь: Хто прыйшоў на ганараваньне? Чым вас зьдзівілі чытачы?

Лукашук: Напрыклад, Зьміцер Бартосік прасьпяваў раманс, называецца «Чорна-белы раманс», я яго некалі напісаў, а Ўладзімер Някляеў пераклаў на беларускую, ён быў напісаны па-расейску. І вось сёньня вельмі нечакана і вельмі прыгожа Зьміцер прасьпяваў гэты гарадзкі раманс. Выступала шмат маіх сяброў, людзей, якіх я даўно ведаю. Яны мяне заўсёды зьдзіўляюць тым, як яны да мяне добра ставяцца, нягледзячы на тое, што мы ведаем адзін аднаго вельмі даўно і, здаецца, ужо ўсё адзін аднаму сказалі. Аказалася, ня ўсё.

Соўсь: А што ня ўсё?

Лукашук: Некаторыя прызнаньні, якія я зрабіў, зьдзівілі іх, некаторымі яны зьдзівілі мяне. Але гэта справа ўсё ж такі інтымная і тыя, хто прысутнічаў, у гэтым удзельнічалі, ну а астатнім я скажу – глядзіце наступны нумар часопіса «Дзеяслоў», дзе пра ўсё гэта будзе надрукавана.

Соўсь: Аляксандар, у новым юбілейным 35-м выданьні «Свабоды» «Слоўніку Свабоды» Сяргей Дубавец, рэдактар вашай кнігі «Сьлед матылька», піша што (цытую): «Пакуль у кнігах, намінаваных на першую літаратурную прэмію Ежы Гедройця, жывуць героі лірычныя, маргінальныя і адсутныя. Адзіным сярод іх насамрэчным героем сучаснай беларускай літаратуры аказаўся Лі Гарві Освальд». Наколькі гэта сымбалічна, на вашую думку?

Лукашук: Гэта вельмі цяжкае пытаньне. Я б сказаў, што герой у літаратурным сэнсе ня мае станоўчых ці адмоўных якасьцяў. Гэта проста функцыя, характарыстыка пэрсанажа, якому прысьвечаная гісторыя, празь якога яна распавядаецца. Герой ня ў сэнсе – гераічная асоба ці заслужаны, выдатны чалавек. Але асоба, якая здольная закруціць завіткі часу, сканцэнтраваць у сабе энэргію гісторыі, якая здольная перарваць вось гэты соцыюм, выбухнуць хаосам, парушыць гармонію, безумоўна, што такой фігурай зьяўляецца і Лі Гарві Освальд.

Соўсь: Нельга быць беларусам, жыць у Празе і не выдаваць кнігі, напісалі вы ў прадмове да «Слоўніка Свабоды». Памятаеце той момант, калі прыйшло ўсьведамленьне таго, што беларуская Свабода становіцца Радыё Скарына?

Свабода – гэта ваша радыё. Скарына – гэта наша літаратура. Свабода і Скарына ўпершыню спалучаюцца разам настолькі выразна ў гучаньні, у друку, у выяве

Лукашук: Гэта здарылася ў 2001 годзе, калі мы папрасілі нашых слухачоў напісаць верш на тэму Свабоды, такой важнай нам падалася гэтая тэма на пачатку новага тысячагодзьдзя. І нечакана ў рэдакцыю хлынула проста плынь гэтых вершаў, мы атрымалі больш за тысячу вершаў зь Беларусі, а потым з дапамогай міжнароднага ПЭН-клюбу далучыліся да гэтай перадачы паэты з больш чым трыццаці краінаў, і да сярэдзіны году ўжо стала ясна, што гэтая перадача – адзін верш, прачытаны адным аўтарам у адзін дзень – заслугоўвае таго, каб ня зьнікнуць. Бо ведаеце, тады, 10 гадоў таму, журналістыку можна было апісаць словамі, якімі карысталіся яшчэ старажытныя рымляне – verba volant, словы лятуць, вось яны прыляцелі і зьляцелі. А як тыя ж самыя рымляне казалі – scripta manent, напісанае застаецца.

Соўсь: Я маю дома на кніжнай палічцы амаль усе вашыя кнігі, і я падзяліла б вашу дакумэнтальную прозу на некалькі кірункаў: адзін зьвязаны з дасьледаваньнем гісторыі сталінскіх рэпрэсій і антыкамуністычнага супраціву, другі – зьвязаны з, калі так можна сказаць, беларуска-амэрыканскімі адносінамі, але не ў традыцыйным значэньні гэтага слова, і трэці, блізкі таму, у якім працаваў Даўлатаў, маю на ўвазе кнігу «У фіялетавай ночы вугал крыла». І калі казаць сур'ёзна пра новую кнігу ўжо не на адной з афрыканскіх моваў, то да якога кірунку вы б яе аднесьлі?

Лукашук: Вы вельмі цікава падзялілі тэксты, хаця я б сказаў, што і ў гістарычным тэксьце для мяне была важная энэргія фразы, іронія факта, нечаканыя рыфмы, якія ўзьнікаюць у архіўных дакумэнтах, тое што называецца пяяньнем ці сьпевамі слова. Тут, я б сказаў, нашмат больш цёплая проза, больш адкрытая і больш сьмелая. У гэтым тэксьце я ўжо не баюся сказаць тое, што, магчыма, ня меў некалі сьмеласьці сказаць напрасткі і каб не гучала занадта патасна і фальшыва, а нармальным голасам. Аказалася, таксама ня проста, гэтага трэба было дачакацца.

Соўсь: Будзем чакаць. Але ўжо заўтра адбудзецца чарговая прэзэнтацыя ў рамках сьвяткаваньня 10-й гадавіны Бібліятэкі Свабоды «Слоўнік Свабоды». Якімі словамі вы б запрасілі прыйсьці на прэзэнтацыю слухачоў і чытачоў «Свабоды»?

Лукашук: Свабода – гэта ваша радыё. Скарына – гэта наша літаратура. Свабода і Скарына ўпершыню спалучаюцца разам настолькі выразна ў гучаньні, у друку, у выяве, што гэты выбух, сутыкненьне трох накірункаў культуры проста нельга прапусьціць, калі вы хочаце застацца сучаснымі, каб з гэтай энэргіяй працягваць жыць і рухацца ў 21-м стагодзьдзі.

Слухаць гутарку можна тут:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:37 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG