Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін паказвае адзінства з самай блізкай Расеі краінай»


Пра першы візыт расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна за мяжу піша «Коммерсантъ» --> http://kommersant.ru/doc/1947635 .

Уладзімір Пуцін зробіць першы замежны візыт на пасадзе прэзыдэнта Расеі ў сталіцу Беларусі. У чацьвер ён прыедзе ў Менск, дзе сустрэнецца з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

Першай замежнай паездкай Пуціна мог стаць саміт G8 у Кэмп-Дэйвідзе 10 траўня. Аднак прэзыдэнт вырашыў адправіць туды замест сябе былога кіраўніка дзяржавы Дзьмітрыя Мядзьведзева, патлумачыўшы гэта неабходнасьцю сфармаваць урад. Прарэктар Расейскага эканамічнага унівэрсытэту Сяргей Маркаў упэўнены, што ў Пуціна на гэта былі прычыны.

«Новаабраны прэзыдэнт, як правіла, расстаўляе прыярытэты ў зьнешняй палітыцы, першачарговасьць візыту. Відавочна, што Беларусь — брацкая нам краіна, з народам якой мы разам жылі адзіным дзяржавай больш за тысячу гадоў [Беларусь была далучаная да Расеі ў 1772-1795 гг. — РС]. Мы, па вялікім рахунку, адзіны рускі народ. Зь цяперашняй дзяржаўнай уладай Беларусі Расею зьвязваюць найбольш блізкія адносіны. Гэта адзінства з самай блізкай краінай Уладзімір Пуцін і паказвае па прынцыпе: «Мы любім тых, хто любіць нас. Хто любіць нас менш, таго менш любім мы», — разважае ён.

Першачарговы візыт Уладзіміра Пуціна ў Беларусь вельмі сымбалічны, упэўнены палітоляг Павел Салін. Аднак калі сустрэча пройдзе няўдала, эфэкт будзе размыты і заходнія СМІ на гэтым адыграюцца, дадае экспэрт.

«Паколькі беларуская эканоміка датуецца з расейскага бюджэту дэ-факта і Лукашэнка гэта выдатна разумее: як толькі перастане паступаць гэта фінансаваньне, праз год, праз два яго рэжым абрынецца. Натуральна, ён ад Расеі паспрабуе атрымаць максымум прэферэнцый. Напэўна, Пуцін будзе пракідваць ідэю, што пара ўжо беларускай эканоміцы адкрыцца для расейскага бізнэсу, пусьціць туды расейскі бізнэс, дазволіць яму прыватызаваць хоць бы частку ключавых беларускіх актываў. У Лукашэнкі свая пазыцыя: ён гатовы аддаць гэтыя актывы за патройную-падвойную цану і плюс у паўнавартасным сэнсе слова не перадаваць кантрольны пакет акцый у чужыя рукі, а дапусьціць толькі інвэстараў-мінарытарыеў», — кажа ён.

Адносіны Масквы і Менску перажывалі крызіс падчас прэзыдэнцтва Дзьмітрыя Мядзьведзева. Тады прэзыдэнт Беларусі намякаў, што кіраўніком Расеі па-ранейшаму зьяўляецца Уладзімір Пуцін.

Пасьля Беларусі Уладзімір Пуцін плянуе наведаць Нямеччыну і Францыю, а затым Узьбекістан, Казахстан і Кітай. З прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам прэзыдэнт Расеі сустрэнецца толькі ў сярэдзіне чэрвеня на саміце G20 ў Мэксыцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG