Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прывід новай «малочнай» вайны


Нацыянальны саюз вытворцаў малака Расеі («Союзмолоко») запатрабаваў прыпыніць пастаўкі беларускага сухога малака і масла ў Расею з 4 чэрвеня да 1 сьнежня. Ці паўплывае новы канфлікт паміж расейскімі і беларускімі малочнікамі на міждзяржаўныя дачыненьні? Ці не распачнецца зноў «малочная» вайна?

У рэзалюцыі прадстаўнікоў прадпрыемстваў малочнай галіны Расеі гаворыцца, што прыпыненьне паставак зьвязанае зь «перавытворчасьцю малака» і «падзеньнем цэнаў». Маўляў, расейская малочная галіна «сутыкнулася зь недапушчальным зьніжэньнем цэнаў як на сырое малако, так і на гатовую малочную прадукцыю». У зьвязку з крытычнай сытуацыяй «Союзмолоко» просіць склікаць экстраную нараду пад кіраўніцтвам старшыні ўраду Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Акрамя таго, заканадаўча замацаваць сыстэму плянаваньня і кантролю таваразвароту ў Мытным саюзе, а таксама гарманізаваць узровень дзяржаўнай падтрымкі дзеля роўных канкурэнтных умоваў.

Ці спыняцца пастаўкі зь Беларусі на названы тэрмін? Старшыня праўленьня Нацыянальнага саюзу вытворцаў малака Расеі Андрэй Даніленка заявіў карэспандэнту «Свабоды», што зь беларускім бокам не ўдаецца дамовіцца:

«Прыпыненьні рабіліся апошнія некалькі гадоў. І тут няма нічога ўнікальнага ў прыпыненьні паставак асобных пазыцыяў зь Беларусі. Проста ў гэтым годзе нам упершыню, на жаль, не ўдаецца дамовіцца пра гэтыя часовыя прыпыненьні. Гаворка ідзе пра нармальнае рэгуляваньне рынку, як гэта адбываецца і ў Эўразьвязе, дзе ёсьць кватаваньне аб’ёмаў вытворчасьці, паставак. Гаворка ідзе пра тое, каб правільна рэгуляваць рух гэтых аб’ёмаў, каб не ствараць ажыятажнай цэнавай сытуацыі на рынку, калі ідзе панічнае неапраўданае падзеньне цэнаў».
Гаворка ідзе пра нармальнае рэгуляваньне рынку, як гэта адбываецца і ў Эўразьвязе.

Чаму ж беларусы не пагаджаюцца з умовамі, выстаўленымі расейскім бокам? Андрэй Даніленка патлумачыў:

«У беларускага боку ёсьць пэўныя таварныя запасы на складзе, пэўныя патрэбы ў абаротным капітале, і ёсьць жаданьне максымальна прысутнічаць на рынку. Вось гэтае настойлівае жаданьне прысутнічаць на рынку прыводзіць да штучнага заніжэньня цэнаў на рынку і да стратаў беларускага боку, які рэалізуе прадукцыю нават ніжэй за сабекошт. Самае дзіўнае, што мы перажываем больш, чым беларускі бок».

Андрэй Даніленка спадзяецца, што малочная тэма будзе абмяркоўвацца падчас візыту прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Менск.

Як ставяцца ў Беларусі да такой пэрспэктывы? Прэс-сакратар беларускага Міністэрства сельскай гаспадаркі Вольга Срэднева сказала карэспандэнту «Свабоды»:

«Вытворцы малака — гэта ж ня ўрад Расеі. Калі дзяржорганы Расейскай Фэдэрацыі будуць уносіць на разгляд нейкія прапановы, яны будуць разглядацца. „Союзмолоко“ само ня можа спыніць пастаўкі».

Прэтэнзіі расейскіх «малочнікаў» дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі Рыгор Рапота назваў «нармальнай канкурэнцыяй».

Ён мяркуе, што гэтая спрэчка не адаб’ецца нэгатыўна на міждзяржаўных дачыненьнях. Маўляў, «асьцерагацца драматычных падзеяў на гэтым полі ня варта».

Эканаміст Барыс Жаліба адзначае, што «малочная» праблема мае даўнія карані, бо датацыі ў сельскую гаспадарку Беларусі значна вышэйшыя, чым у Расеі. Таму расейцы й кажуць, што ім цяжка канкураваць.
Нават у рамках Адзінай эканамічнай прасторы не атрымліваецца здаровай нармальнай канкурэнцыі паміж расейскімі і беларускімі вытворцамі. Бо розныя эканамічныя сыстэмы.

«Гэта зноў нейкія малочныя войны пачынаюцца. У рамках ужо ня толькі Мытнага саюзу, а ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы. Гэта, вядома, насуперак усялякай лёгіцы. Навошта ствараць нейкія саюзы, калі ўзьнікаюць нейкія войны? Нават у рамках Адзінай эканамічнай прасторы не атрымліваецца здаровай нармальнай канкурэнцыі паміж расейскімі і беларускімі вытворцамі. Бо розныя эканамічныя сыстэмы».

Паводле эканаміста Міхала Залескага, Расея прымушае беларускі бок да выкананьня тэхнічнага рэглямэнту, які ёсьць неад’емнай часткай пагадненьня аб Адзінай эканамічнай прасторы. Ён прагназуе гандлёвыя войны:

«Гэтая вайна не спыняецца ні на адну хвіліну. Яна проста працягваецца. Гэта адзін стрэл на вайне — гэтая праблема з малаком. Будуць яшчэ праблемы і з нафтай, і з газам, і з электрычнасьцю, і зь Беларускай чыгункай. Разгарніце тэхнічныя рэглямэнты — іх 17 штук. Неад’емная частка гэтай дамовы. Там усё напісана, што будзе. Спачатку трэба было думаць, а потым падпісваць. А было зроблена наадварот, бо на кану была ўлада».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG