Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня толькі польская дылема: біць ці ня біць?


Былы лідэр «Салідарнасьці» і прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса, хоць і ня мае цяпер ніякай афіцыйнай функцыі ў дзяржаве, надалей зьяўляецца публічнай асобай. Між іншым таму, што ён часта і вельмі ахвотна камэнтуе палітычную сытуацыю ў краіне. З усіх польскіх палітыкаў пасьлякамуністычнага пэрыяду Валэнса ― найбольш яркая асоба, што тычыцца здольнасьці да выказваньня запамінальных фразаў і палітычных «bon mots».

Усе ў Польшчы ведаюць такія выразы Валэнсы, як «я за, а нават супраць» або «мелася быць дэмакратыя, а тут кожны гаворыць, што хоча».

Або, напрыклад, ягонае вызначэньне сваёй прэзыдэнцкай ролі ў парлямэнце: «павінна быць правая нага і левая нага, а я буду пасярэдзіне».

Але былі і менш бяскрыўдныя выказваньні. Напрыклад, гэтае пасьля сьмерці ў смаленскай авіякатастрофе легендарнай Ганны Валентыновіч, звальненьне з працы якой стала прычынай страйку ў гданьскай вэрфі, які ў выніку давёў да стварэньня «Салідарнасьці»: «Зямля ёй пухам, але я меў зь ёю больш праблемаў, чым са Службай бясьпекі». Або пра загінулага ў той жа авіякатастрофе прэзыдэнта Леха Качыньскага: «Ён напэўна загінуў і гэта яго дасягненьне. Іншых дасягненьняў я ня бачу».

І вось на гэтым тыдні Лех Валэнса зноў ускалыхнуў усю Польшчу, камэнтуючы пратэст прафсаюзу «Салідарнасьць» перад польскім парлямэнтам 11 траўня, калі дэпутаты прынялі закон аб падаўжэньні пэнсійнага ўзросту да 67 гадоў.

«Салідарнасьць» у знак пратэсту супраць законапраекту ізалявала будынак польскага парлямэнту, завязаўшы ланцугамі выхады з будынку. Некаторых дэпутатаў, якія спрабавалі выйсьці з будынка, патузалі. У сярэдзіне даўжэйшы час заставаўся фізычна ізаляваны ад астатняга сьвету амаль поўны склад Сэйму (гэта было надзвычай важнае галасаваньне, а таму дэпутацкія групы мабілізавалі на дэбаты нават сваіх хворых калегаў) ды прэм’ер-міністар краіны Дональд Туск зь міністрамі. Паліцыя гэтаму не перашкаджала.

Узьнікла даволі-такі нетыповая сытуацыя ў эўрапейскай палітычнай практыцы, калі грамадзяне зачынілі наглуха ў адным будынку свой парлямэнт і ўрад.

Што ні сказаць, але такая сытуацыя ― сьведчаньне і сур’ёзнай дысфункцыянальнасьці дзяржавы. І шмат хто з польскіх камэнтатараў так гэтую сытуацыю зразумеў, сьцьвярджаючы, што «Салідарнасьць» у сваім пратэсьце дазволіла сабе зашмат, а службы правапарадку, мякка кажучы, не здалі экзамэну.

Лех Валэнса, камэнтуючы здарэньне па радыё, сказаў у характэрным для сябе стылі, што ён сам узяў бы дручок у рукі, калі б быў прэм’ер-міністрам або камэндантам паліцыі, і пайшоў біць пратэстоўцаў, уключна зь цяперашнім лідэрам «Салідарнасьці». Валэнса дадаў, што сябры прафсаюзу маюць права на дэманстрацыю, але не на «аплёўваньне і бойку».

Ня дзіва, што ў польскім інтэрнэце і польскіх СМІ на Валэнсу абваліўся шквал крытыкі, ня толькі з боку палітычных апанэнтаў, якія даўно лічаць яго «камуністычным агентам», але і палітычна не ангажаваных людзей, якія мяркуюць, што колішняму лідэру «Салідарнасьці» не выпадае заклікаць да біцьця цяперашніх сябраў прафсаюзу. Некаторыя саркастычна дадаюць, што не выпадае так рабіць і ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру...

Тым ня менш, пытаньне ― біць ці ня біць? ― павісла над польскім палітычным жыцьцём.

Шмат хто з польскіх камэнтатараў кажа, што калі б гэтая сытуацыя здарылася «дзесьці на Захадзе», паліцыя разагнала б увесь такі пратэст без аніякіх сантымэнтаў. Ёсьць межы палітычнай гульні, якіх нельга пераходзіць пратэстоўцам, і там, «на Захадзе», усе гэта разумеюць. І ніхто б не зьдзівіўся, калі б там ужылі сілу і дручкі супраць блякады парлямэнту.

Чаму не зрабілі гэтага ў Польшчы?

Урад настолькі слабы, што баіцца пагоршыць сытуацыю ўжываньнем сілы? Урад, які па сутнасьці выводзіцца з колішняй «Салідарнасьці», саромеецца біць цяперашніх чальцоў прафсаюзу? Ці, можа, ёсьць яшчэ нейкая іншая прычына? Напрыклад, прэм’ер-міністар Дональд Туск разгубіўся і ня ведаў, як рэагаваць на гэтую сытуацыю?

Наўрад ці магчыма знайсьці тут адказ, які задаволіў бы ўсіх. А ў кожным разе, не падаецца верагодным, што існуе адказ, які даў бы палякам упэўненасьць, што ўсё ў іх палітычным жыцьці ідзе так, як трэба.

Тыя, што лічаць інцыдэнт з блякадай парлямэнту праявай слабасьці польскай дзяржавы, разважаюць прыблізна так: дэмакратычна выбраны ўрад мае права ўжываць сілу, калі сытуацыя пагражае эфэктыўнаму функцыянаваньню дзяржавы. Калі каму такі ўрад не падабаецца, яго можна зьмяніць у дэмакратычнай працэдуры, безь блякадаў і гвалту. Такія зьмены ў дэмакратычнай краіне, да якой Польшча несумненна належыць, адбываюцца кожныя чатыры гады. А значыць, калі ўжо выбралі, дык цярпіце, гэта ня так і доўга ― ня болей, чым чатыры гады...

Рацыя ў гэтым ёсьць, і то немалая. Бо мы ж ведаем краіну, у якой выбралі толькі раз, і ўжо амаль 18 гадоў церпяць пабоі і зьдзекі з боку ўраду без надзеі, што можна выбраць сабе іншы...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG