Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Няма рэсурсу ні ў Расеі, ні ў Пуціна задушыць Беларусь

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланьнем да беларускага народу і Нацыянальнаму сходу. Зьмест прамовы, асноўныя заявы, камэнтары і рэакцыі чытайце, глядзіце і слухайце тут.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:20 0:00
Наўпроставы лінк

Пра Пуціна і Сарказі

Ніна Мазай спытала, чаго Лукашэнка чакае ад новага прэзыдэнцтва Пуціна ў увязі з выказваньнямі, што Пуцін будзе больш жорстка ставіцца да Беларусі:

«Няма рэсурсу ні ў Расеі, ні ў Пуціна задушыць Беларусь. Не дачакаюцца. Мы будзем разьвіваць адносіны толькі ў лепшы бок».

Сарказі заявіў ўзяў больш за сто мільёнаў у Кадафі, заявіў Лукашэнка: «Гэта мне асабіста Кадафі расказваў».
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:30 0:00
Наўпроставы лінк

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:13 0:00
Наўпроставы лінк



Камэнтар Віталя Цыганкова

Вельмі рэдкае на сёньняшні дзень выказваньне пра адносіны з Расеяй, і тое — у адказ на пытаньне дэпутаткі Мазай. (Варта заўважыць, што ўвогуле ў пасланьні пра Расею было сказана рэкордна мала.) «Няма рэсурсаў у Пуціна задушыць Беларусь, Расея на гэта ня пойдзе». Паказальная фраза пра адносіны найбліжэйшых саюзьнікаў, краінаў, якія ствараюць гэтак званаю «Саюзную дзяржаву».



Пра байкот чэмпіянату сьвету па хакеі

Аляксандар Шакуцін спытаў пра спробы байкоту ЧС па хакеі 2014 года ў Менску.

«Спорт не можа быць па-за палітыкай, спорт гэта вялікая палітыка. А тое, што палітыкі з бруднымі рукамі пачынаюць увязвацца ў спорт, гэта насьцярожвае», — адказаў Лукашэнка. Пры гэтым ён зазначыў, што для яго ня будзе трагедыяй, калі ня будзе хакейнага чэмпіянату ў Менску:

«Пераб’емся... Ну Чыжоўку-арэну будуем, яе будуе бізнэсовец, які праштрафіўся, не трэба было красьці. А астатняе будуем тое, што народу трэба. Таму мы нічога не страцім. Страціць сусьветны спорт».
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:21 0:00
Наўпроставы лінк



Камэнтар Валера Карбалевіча

Лукашэнка абверг тэзіс, што спорт па-за палітыкай. Ён пацьвердзіў, што спорт — гэта вялікая палітыка. Адчуваецца, што Лукашэнка маральна гатовы, што Чэмпіянат сьвету па хакею ў Беларусі адменяць. Таму захоўвае харошую міну пры дрэннай гульні. Кажа, што мы нічога не страцім, калі яго адменяць. Маўляў, гатэлі нам і самім патрэбныя. Насамрэч беларускія гатэлі напаўняцца чуць больш 40%. І што рабіць з новымі гатэлямі?


Пра аслабленьне аховы мяжы з Эўразьвязам

Дэпутат Аляксандр Зазуля спытаў пра аслабленьне кантролю мяжы з Эўразьвязам.

Лукашэнка адказаў, што калі зацьвярджалася рашэньне аб ахове дзяржаўнай мяжы, кіраўнік памежнага ведамства папрасіў павялічыць колькасьць памежнікаў. «Але дадатковых людзей на гэта няма. Я сказаў, што ні на аднаго салдата і афіцэра не дам. Памежнікі былі вымушаныя перакінуць частку вайскоўцаў на поўдзень, на мяжу з Украінай».

Лукашэнка сказаў, што як толькі зьявілася пра гэта інфармацыя, адразу на мяжу з ЭЗ пайшлі нелегалы. Лукашэнка абяцае узмацніць ахову, але патрабуе ад кіраўніка памежнага ведамства:

«Ідзі ў Брусэль і прасі грошы на ахову мяжы. Ты хоць уязны?»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:36 0:00
Наўпроставы лінк



Пра сьмяротнае пакараньне

Мікалай Самасейка спытаў, ці не насьпеў час мараторыя на сьмяротнае пакараньне?

Лукашэнка: «Парлямэнт некампэтэнты уводзіць мараторый, а я ніколі на гэта не пайду. Бо я слуга свайго народу».

Лукашэнка у падтрымку прыводзіць выпадкі з гвалтаўнікамі і менскімі тэрарыстамі.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:32 0:00
Наўпроставы лінк



Наўпроставы лінк




Камэнтар Валера Карбалевіча

Усе размовы пра адмену ці мараторый на сьмяротнае пакараньне закончаныя. Лукашэнка катэгарычна заявіў, што на гэта ніколі ня пойдзе. І зноў з спасылкай на волю народа. Хаця насамрэч, паводле апошніх сакавіцкага апытаньня НІСЭПД, большасьць выступае за адмену сьмяротнага пакараньня. Гэта яшчэ раз сьведчыць пра тое, што пры Лукашэнка ніякіх пераменаў у краіне ня будзе не ў якой сфэры.


Пра савецкія ўклады

Пра кампэнсацыю укладаў Ашчадбанка савецкіх часоў Лукашэнка заявіў, што нічога новага сказаць ня можа: «Няма грошай на гэта».

Пра ўшчыльненьні забудовы

Дэпутат Ларыса Кузьняцова сказала аб сацыяльна-палітычнай актыўнасьці грамадзян, згадала, як прадпрымальнікі выказваюцца супраць павышэньня арэнднай платы, а жыхары гарадоў занепакоеныя ушчыльненьнем забудовы. «Хто вінаваты? Выканаўчая ўлада?»—спыталася яна.

Лукашэнка згадаў, што ён нядаўна выступіў супраць высечкі дрэваў уздоўж дарог. Ён пераконвае, што ўшчыльненьне забудовы немінучае, бо гэтак узводзіць жыльлё таньней на 30 працэнтаў. Што да індывідуальных прадпрымальнікаў, то Лукашэнка парэкамэндаваў ім рэгістравацца юрыдычнымі асобамі. «Вінаваты толькі мы». Лукашэнка згадаў і так званае «кітайскае пытаньне», якое гучыць у грамадзтве:

«Кітайцы нам не навязваліся, ні па гатэлю ні па тэхнапарку, ні па кварталу. Гэта я іх папрасіў».
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:40 0:00
Наўпроставы лінк

Камэнтар Віталя Цыганкова

Цікавы паварот ад сцэнарыстаў сёньняшняй падзеі. Калі падчас самога пасланьня было шмат «вады» і мала пра сапраўдныя праблемы, то дэпутаты задаюць пытаньні пра рэальныя вострыя тэмы. Перакананы, што ўсё гэты заплянавана загадзя, і відавочна, што да пытаньняў, якія задаюць дэпутаты, Лукашэнка падрыхтаваны.. Таксама бярэ ініцыятыву і ў свае рукі. Раптам загаварыў пра кітайцаў, пра іхняе пранікненьне ў Беларусь. Паводле ўсіх правілаў піяру і рэклямы, трэба «пагасіць» нэгатыўныя тэмы, калі самому іх закрануць і з адпаведнымі акцэнтамі.


Пра дзяцей

Лукашэнка, разважаючы аб падтрымцы будаўніцтва жыльля шматдзетным, спытаўся ў дэпутата Галіны Палянскай:

«Колькі ў вас дзяцей? Адзін? А дзе яшчэ два? Ідзіце з Мясьніковічам і рашайце гэтую праблему»


Аб працоўнай эміграцыі беларусаў

Дэпутат Кузьміч спытаўся пра адток будаўнікоў.

«Калі былі фінансавыя непаладкі, людзі кінуліся зарабляць за мяжу. Яны там плацяць добрыя грошы, і таму ператок пайшоў. Але яны ж гэтыя людзі і грошы прывозяць неблагія ў краіну... Толькі добрым заробкам мы можам вярнуць людзей».

Камэнтар Валера Карбалевіча

Толькі пасьля заканчэньня выступу, пры адказах на пытаньні Лукашэнка нарэшце загаварыў пра праблемы ў краіне. Бо ў пасланьні асноўныя праблемы прэзыдэнт абышоў.

Пра заробак дзяржслужачых

Антаніна Морава спытала пра заробак дзяржслужачых: пачаўся адток дзяржапарату, бо заробак у іх меншы, чым прыбіральшчыцы ў банку?

«Гэта праўда. Я ўпусьціў гэта. А ўрад не рашыўся данесьці гэта да майго ведама. Мы людзей пакрыўдзілі, мы выправім гэтую сытуацыю».

Лукашэнка прызнаў, што ў яго самога заробак складае каля 2000 даляраў, але яго ўсім забясьпечвае дзяржава.


Пра экспансію расейскага бізнэсу

Вадзім Папоў спытаў аб экспансіі расейскага буйнога капіталу ў Беларусь:

Лукашэнка: «Пакуль няма нават дробных фактаў, каб казаць што так будзе... Свабода перамяшчэньня капіталаў была ўмовай нашага ўваходжаньня ў Адзіную эканамічную прастору».
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:32 0:00
Наўпроставы лінк



Зноў пра прычыны росту цэнаў

Дэпутат Вершаловіч спытала пра рост цэнаў.

Лукашэнка: «Рост цэн можна спыніць хоць заўтра... У асноўным інфляцыя ў нас ідзе ад ураду. У нас атрымаўся страшны разрыў у цэнах з Расеяй і Украінай, ідзе паток вывазу тавараў. У нас бэнзын каштуе цэнтаў 70-80, а ў Эўразьвязе — да 2 эўра. І мы вымушаныя на мяжы спрабаваць неяк урэгуляваць гэты працэс. Гэта не ўнутраная прычына. Галоўная прычына — масавы вываз тавараў з краіны».

Зноў пра 500 даляраў

Галіна Юргелевіч з Шабаноўскай акругі спытала пра сярэдні заробак у 500 даляраў.

«Рэальны заробак не павысіўся, а ўпаў. Ці зможа эканоміка нашай краіны спрацаваць так эфэктыўна, каб гэта спраўдзілася».

«А вы што ў гэтым сумняваецеся?» — адказаў Лукашэнка пытаньнем на пытаньне.

«Такі заробак маюць у асноўным менчукі, а мы гаворым пра ўсіх беларусаў».

«Я казаў пра сярэдні заробак, а не пра заробак ўсіх беларусаў, у якасьці сярэдняга заробку мы можам да канца года дасягнуць гэтага ўзроўню. Я арыентую на гэта ўрад».

«У нас ужо быў такі ўзровень. І мяне ня трэба абвінавачваць у тым, што мы скаціліся з заробку ў 500 даляраў. Вінаватыя ўсе, вы хацелі скупіць запалкі воцат...»

Камэнтар Валера Карбалевіча

Вострае пытаньне пра заробак у 500 даляраў. Адказ Лукашэнкі з двух тэзаў. У нас вялікі сацыяльны пакет, які кампэнсуе невялікі заробак, і таму, маўляў, у суме ў нас узровень жыцьця ня меншы, чым, напрыклад, у Польшчы. Насамрэч, гэта не так. З сацыяльнага пакету фактычна засталіся толькі нізкія камунальныя тарыфы. Другі тэзіс: у падзеньні заробкаў вінавата не ўлада, а народ, які скупаў тавары. А цэны растуць таму, што народ вывозіць тавары за мяжу. Што ж рабіць, не пашанцавала Лукашэнку з народам.


Асноўная частка выступу Лукашэнкі скончылася.

Пасьля завяршэньня асноўнага выступу Лукашэнка зазначыў, што ня трэба ад яго патрабаваць, каб ён тут акрэсьліў вялікую стратэгію:

«Усё было сказана на Ўсебеларускаім народным сходзе, там стратэгія. А гэта тактыка».

Камэнтар Віталя Цыганкова

На заканчэньні пасланьня Лукашэнка, як выглядае, пачаў апраўдвацца, чаму пасланьне было такім «тактычным», не дало нейкіх істотных стратэгічных пэрспэктываў. Лукашэнка тлумачыць гэты тым, што выступае з пасланьнем кожны год, і таму вырашыў ня ставіць нейкіх стратэгічных задач. Відавочна, ён адчувае, што сёньняшняе пасланьне расчаруе многіх — ніякіх новых ідэяў не было выказана, не было намалявана нейкіх канкрэтных праграмаў разьвіцьця краіны.


Пра слуцкія паясы

Мы прывыклі, што ў кожным доме ікона. Трэба, каб у кожным доме беларуса быў і слуцкі пояс. І гэта толькі пачатак. Такіх рамёстваў было шмат. Трэба палацы, замкі падымаць«.

Пра год кнігі

«Беларус — гэта чалавек з кнігай. Няважна на якіх носьбітах ён чытае Талстога, Дастаеўскага ці Коласа».

Пра лекі па рэцэптах


Лукашэнка даручыў праверыць, ці патрэбная новая сыстэма продажу лекаў толькі па рэцэпту лекара: «Не наламайце дроў, дуры каб не было. Ну прывык чалавек валідол, валяр’янку і дурніцу ўсякую купляць без рэцэпта. Вярніце на кругі свае».
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:17 0:00
Наўпроставы лінк



Камэнтар Валера Карбалевіча

Лукашэнка пакрытыкаваў Міністэрства аховы здароў’я за тое, што цяпер лекі можна будзе купляць толькі па рэцэптам. Бо гэтая ідэя непапулярная ў грамадзтве. І прэзыдэнт не ўпусьціў момант згуляць у папулізм.


Пра адукацыю

«Ніякіх новых рэформаў і экспэрымэнтаў у сярэдняй школе ня будзе. Яе трэба забясьпечыць нармальнымі праграмамі, пасільнымі для вучняў».

«Сёньня мы выпускаем зашмат спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй, асабліва ў гуманітарнай сфэры, а не хапае кадравых рабочых».

Пра месца Беларусі ў сьвеце


«Нас нельга зламаць. Нас можна пахаваць. Нас ня будзе, тады зробіце з нашай краінай усё што заўгодна... Давайце жыць па-сяброўску. Дыялёг — вось адзінае, што магчыма. Мы хочам жыць свабодна, у міры і сяброўстве», — сказаў Лукашэнка на адрас Захаду.

«Стаўка на інтэграцыю — наш сьвядомы выбар. Разам з Расеяй і Казахстанам мы стварылі Мытны саюз і АЭП з адзіным рынкам. Праз гэта мы можам атрымаць роўны доступ да сыравінных, энэргетычных рэсурсаў».

Лукашэнка згадаў, што шмат зьвязвае Беларусь і Эўразьвяз:

«Эўразьвяз — важнейшы вэктар для Беларусі, па экспарту нумар 1, па агульнаму гандлю — нумар 2 пасьля Расеі. Так, мы па рознаму глядзім на ўладкаваньне грамадзтва, але пераадольваць гэта трэба дыялёгам, а не санкцыямі. У нас няма варожых настрояў у адносінах да ЭЗ і ЗША».

«Трэцяя апора Беларусі — Кітай, Беларусь некалькі гадоў разглядаецца як стратэгічны партнэр Кітая», — заявіў Лукашэнка.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:19 0:00
Наўпроставы лінк

Камэнтар Валера Карбалевіча

Некалькі месяцаў таму, калі Лукашэнка заявіў пра магчымыя палітычныя рэформы, многія казалі, што рэформ ня будзе, а будзе імітацыя. Пасьля сёньняшняга выступу становіцца зразумела, што ня будзе нават імітацый. Цікава, як Лукашэнка ацэньвае ролю Мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстана, як магутны чыньнік сусьветнай палітыкі, нараўне з ЭЗ. Пакуль гэта ня так. Пакуль гэты саюз не адбыўся як эканамічны хаўрус, а толькі мытны. Мы бачым толькі дэклярацыі. Таму няма пра што казаць. Увогуле, пра вонкавую палітыку Лукашэнка казаў вельмі коратка. Прычым аб адносінах з Расеяй кіраўнік дзяржавы казаў толькі ў кантэксьце Мытнага саюзу, Адзінай эканамічнай прасторы трох дзяржаў. Гэта трохі дзіўна, асабліва на тле учорашняй інаўгурацыі.

Аб амністыі

Лукашэнка паабяцаў рэфармаваць МУС і гуманізаваць крымінальнае заканадаўства, каб меней выкарыстоўваць зьняволеньне.

Ён даручыў распрацаваць праект закона аб амністыі да сьвята 3 ліпеня:

«Я ўжо казаў: дастойныя людзі сядзяць, а бандытаў мы выпускаем пад ціскам ці не пад ціскам».

Камэнтар Віталя Цыганкова

Лукашенка зноў кажа пра гуманізацыю пакараньня. «Вазьміце заклад, падпіску, але не кідайце чалавека на нары». Відавочна, да «палітычных» гэта не адносіцца. «Незалежнасьць і прынцыповасьць судовай сыстэмы». Магчыма, тут самы лепшы камэнтар — no comment. Кіраўнік дзяржавы зноў скардзіцца на тое, што ў краіне занадта шмат усялякіх праверак. З пераборам праверак Лукашэнка змагаецца ўжо ня першых год, але праверкі, як выглядае, зноў яго перамагаюць. Альбо «праверкі» мацнейшыя альбо «змаганьне» несапраўднае.



Пра інтэрнэт і сацыяльныя сеткі

У разьвіцьці інфармацыйнай структуры Беларусь зрабіла рывок, заявіў Лукашэнка.

«Дзіўна, што нас запісваюць у сьпісы ворагаў інтэрнэту. Мы занепаконеныя тым жа, чым і на Захадзе: хакерамі і іншым».

Мы далі дастойны адказ спробам дэстабілізаваць краіну праз інтэрнэт, так званай Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі, выкарыстоўваючыя новыя тэхналёгіі. Так будзе і надалей".
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:24 0:00
Наўпроставы лінк



Пра парлямэнцкія выбары 2012

Лукашэнка сказаў, што ў новым складзе Палаты прадстаўнікоў захаваецца пераемнасьць: «Мы навучыліся гэта рабіць».

«Калі вы мяне спытаеце, ці я прыхільнік прапарцыйнай сыстэмы, я скажу тысячу разоў „Не“. Народ павінен ведаць свайго дэпутата, каб ён не адарваўся па нейкім сьпісам. Гэта супярэчыць мэнтальнасьці беларускага народа».

У Беларусі няма паўнацэнных партый, там кучкі людзей, — заявіў Лукашэнка.

«Нашая сыстэма не стварае ніякіх праблем, яна не адвергнутая грамадзтвам. Калі яна не зжыла сябе і не стварае праблем, нашто вы яе ламаеце? Давайце яе ўдасканальваць. Мы чуем меншасьць. Я чую кожны піск у любым кутку нашай краіны. Мы чуем, аналізуем, але зыходзім за патрэб падаўляючай часткі нашага грамадзтва. Мы гатовыя слухаць галасы з ЭЗ і Амэрыкі, але будзем жыць сваім розумам».

«Грамадзянская супольнасьць і дэмакратыя не нараджаюцца за дзень, на гэта патрэбныя гады, мы рухаемся ў гэтым кірунку, але падганяць нас нельга».


пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:59 0:00
Наўпроставы лінк



Камэнтар Валера Карбалевіча

Катэгарычнае адмаўленьне ад прапарцыйнай сыстэмы. Гэта адбылося ўпершыню ў такой рэзкай форме. Лукашэнка баіцца хоць нешта мяняць у палітычнай сыстэме. Гэта вынік траўмы, атрыманай 19 сьнежня 2010 года. Ён спасылаецца на слабыя партыі. Але ў цяперашняй сыстэме дзіўна, што партыі яшчэ існуюць, а не тое, што яны слабыя.
Новы і цікавы тэзіс. Беларускія людзі не гатовыя да свабоды. І спасылаецца на Дастаеўскага. Таму, маўляў, ня трэба нас штурхаць у гэты бок з Захаду. А трохі раней Лукашэнка казаў, што ў Беларусі дэмакратыі ня менш, чым у Эўропе.





Пра выбары 2010 года і дыялёг з Захадам

Выбары прэзыдэнта 2010 года Лукашэнка згадаў як заклікі ягоных апанэнтаў да тэрору, гвалту, пагромы.

Ён прызнаў, што пасьля выбараў 2010 года «мы хацелі працягваць той жа шлях»: разьвіваць дыялёг з Захадам і дыялёг у грамадзтве, але Захад і унутраная апазыцыя выступілі супраць.

Разам з тым Лукашэнка прызнаў, што улады Беларусі па-ранейшаму гатовыя да дыялёгу з Захадам.

Камэнтар Віталя Цыганкова

Лукашэнка зноў «забыўся» на свае папярэднія выказваньні. Сёньня ён кажа, што пасьля выбараў сьнежня 2010 году ўлада мела намер працягваць дыялёг, разьвіваць грамадзянскую супольнасьць і гэтак далей. Але падчас леташняга пасланьня Лукашэнка казаў зусім іншае. «Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў мы дадэмакратызаваліся да таго, што ня толькі вас, але і мяне ванітавала. Было ўжо столькі дэмакратыі, што проста ванітавала». Прайшоў год, і ад дэмакратыі ўжо не ванітуе?


Камэнтар Валера Карбалевіча

Калі ў разьдзеле пра эканоміку можна было спрачацца з прэзыдэнтам, то ў разьдзеле пра палітычныя працэсы, нешта нават цяжка камэнтаваць. Калі чорнае называюць белым, то якая можа быць спрэчка. Як можна камэнтаваць, калі Лукашэнка даводзіць, нібыта апазыцыя адмовілася ад дыялёга.

Пра дэмакратыю і свабоду


«Паслы заварушыліся... Нас рытуальна крытыкуюць за адсутнасьць дэмакратыі. Калі здарыўся канфлікт з пасламі, я быў прыемна ўражаны, што ніводзін з дыпляматаў не хацеў пакідаць краіну... Яны нас публічна крытыкуюць, выціраюць аб нас ногі, але яны любяць нашую краіну, і разумець, што ў нас дэмакратыі не менш, чым у іх».

У Францыі абралі новага прэзыдэнта, я яго павіншаваў, мы ж не лезем у іх справы. Чаму ж гэта робіце вы? — заявіў Лукашэнка.

«У 90-я гады радыкальная лібэралізацыя была адвергнутая не па маёй волі, а па волі народу. Мы прапанавалі грамадзтву такі шлях, мы пачалі ісьці гэтым шляхам, і ішлі б, калі б народ ня выбраў Лукашэнку. Шокавыя рэформы народ адверг».

Лукашэнка заявіў, што ён прапаноўваў грамадзтву досьвед Кітая.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:56 0:00
Наўпроставы лінк

Камэнтар Валера Карбалевіча

Завярэньні Лукашэнкі што ў Беларусі дэмакратыі ня менш, чым у Эўропе, даволі звыклыя. Але тое, што пра гэта, нібыта, кажуць эўрапейскія амбасадары, гэта нешта новае.
Лукашэнка падмяняе праблемы дэмакратыі пытаньнем шокавай тэрапіі, рынкавымі рэформамі. Але гэта ж розныя рэчы.



Пра чысьціню

Лукашэнка распавёў пра тое, як ля гандлёвавага цэнтру «Аквабэл» пад Менскам ён накіроўваў сваю службу бясьпекі, каб сьмецьце прыбралі:

«Краіна павінна быць вычышчаная, выдраеная і зьзяць. Гэта наш брэнд».

«Ля водасховішчаў будаўніцтва забароненае. Бяздумнага засяленьня вакол мэгаполісаў, Менска і абласных цэнтраў, ня будзе».

Кіраўнікі выканкамаў, вы павінны ўпіхнуць чалавеку участак для будаўніцтва, каб ён быў заняты, хай чалавек будуе сваю будку, клетку, дом".
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:54 0:00
Наўпроставы лінк



Лукашэнка заявіў пра забарону адводу сельскагаспадарчых земляў пад прамысловае будаўніцтва

Ён распавёў, як габрэйскія інвэстары папрасілі зямлю на палетках пад інвэстпраект. Лукашэнка адказаў:

«Перадай габрэям прывітаньне. Я ім найду няўдобіцы».
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:40 0:00
Наўпроставы лінк



Пра жыльлёвае будаўніцтва

Беларусь лідэр па будаўніцтву жыльля ў СНД на тысячу чалавек, прызнаў Лукашэнка.

«Але чарга ўвесь час расьце, асабліва ў Менску, у Ладуцькі. Многія маюць па некалькі кватэр».

Лукашэнка заявіў, што льготнае жыльлё атрымаюць толькі тыя, хто мае асаблівую патрэбу, шматдзетныя сем’і: «Нараджайце 3–4, тады прыходзьце, а аднаго і двух забясьпечвайце самі».
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:25 0:00
Наўпроставы лінк



Пра аграгарадкі і пагрозу голаду

Аграгарадкі Лукашэнка прызнаў удалым сваім пачынаньнем: «Аграгарадкі зьмянілі Беларусь». Каб пабачыць гэта, ён парэкамэндаваў узьняцца ў паветра на гелікоптэры, беларускія палеткі тады можна паблытаць з палямі на Захадзе.

Камэнтар Віталя Цыганкова

Лукашэнка зацята адстойвае пабудову аграгарадкоў, заяўляючы, што яны пераўтварылі Беларусь. Між тым, на думку многіх эканамістаў, гэта самая затратная праграму, якая цягне ўніз беларускі бюджэт ды ўсю эканоміку. Дзякуючы аграгарадкам, беларускія памідоры і мяса даражэйшыя чым за межамі. «Пры такіх затратах наш аграпрам проста абавязаны паказваць выдатныя вынікі» — кажа Лукашэнка. Але ж не паказвае!


«У сьвеце голад застаецца глябальнай праблемай. 1 мільярд чалавек галадае. Паводле ААН, да 2030 года недахоп харчоў вырасьце ў 5 разоў».

У сьвеце растуць кошты на харчаваньне, гэтым Лукашэнка патлумачыў і рост цэнаў на прадукты ў Беларусі.

Камэнтар Валера Карбалевіча

Лукашэнка тлумачыць рост цэн на прадукты харчаваньня тым, што яны растуць ва ўсім сьвеце. Але мала дзе ў сьвеце ёсьць такая высокая інфляцыя, як у Беларусі. Лукашэнка кажа, што ў нас ніколі цэны на харчаваньне не будуць вышэй, чым у Расеі і Украіне. Гэта няпраўда. Цэны на харчаваньне ва Украіне ніжэй, чым у Беларусі.

Пра ідэі БРСМ і заняпад у навуцы

«БРСМ, нашым камсамолам, дадзены старт уладай праграмы „Сто ідэй для Беларусі“. Таму я даручаю ураду, адміністрацыі прэзыдэнта аказаць камсамолу дапамогу ў рэалізацыю гэтай праграмы».

Разам з тым Лукашэнка заявіў, што ён «катэгарычна незадаволены тым, што адбываецца ў навуковым асяродку і перш за ўсё ў Акадэміі навук».

Камэнтар Валера Карбалевіча

Лукашэнка сам прызнае хібы беларускай мадэлі. Маўляў, агульная бяда сыстэмы: усе просяць у дзяржавы, але ня хочуць адказваць за вынік. Кажа пра старую праблему, якая існавала яшчэ у савецкія часы: вытворчасьць не ўспрымае інавацыі. Нічога дзіўнага. У межах існай мадэлі па іншаму ня можа і быць.


Пра экспарт і імпарт

Лукашэнка заклікаў адкрываць для беларускіх тавараў новыя рынкі, у тым ліку ў Азіі і Аўстраліі. Асаблівая задача — імпартазамяшчэньне.


Пра стабільнасьць рубля

Лукашэнка заявіў, што курс нацыянальнай валюты паступова умацоўваецца, насельніцтва за апошні час прадало 1,5 мільярда даляраў, на паўмільярда больш, чым купіла, растуць таксама ўклады. Лукашэнка абяцаў трымацца рынкавага курса валют, які фармуецца на біржы.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:26 0:00
Наўпроставы лінк


Пра рост цэнаў і даходаў

Лукашэнка паставіў задачу стрымаць рост цэнаў і вярнуць дакрызісны ўзровень даходаў: «Цэнавага бязьмежжа ня будзе». Паводле праверкі КДК, у некаторых рэстаранах Менска нацэнкі даходзілі да 1000 працэнтаў, тлумачылі тым, што трэба плаціць замежніку-кухару.

Лукашэнка таксама прызнаў, што «правальна працуе сыстэма спажывецкай каапэрацыі».

Лукашэнка заклікаў не дапусьціць інфляцыю больш 20 працэнтаў за гэты год.

Лукашэнка зазначыў, што заробак павінен залежаць ад прадукцыйнасьці працы, а бюджэтнікаў і пэнсіянэраў дзяржава падтрымае. Лукашэнка сказаў, што эфэктыўнасьць парцы кіраўнікоў будзе ацэньваць тым, хто выйдзе да канца года на заробак у 500 даляраў, а хто не.

Пра прыватызацыю

«Не заўсёды прыватызацыя — дабро для прадпрыемстваў. Ніякіх абвальных і масавых распродажаў ня будзе. Прыватызацыя не павінна быць масавай, яна павінна быць зразумелай і кропкавай. Мы адмовіліся ад сьпісаў на прыватызацыю. І не для таго каб з-пад палы іх прадаваць, як некаторыя пішуць. А таму, што публікаваньне такіх сьпіскаў крыўдзіць працаўнікоў нашых прадпрыемстваў.

«Мы гатовыя прыватызаваць нават „Беларуськалій“, але пытаньне ў цане, сёньня гэта ўжо не 30 мільярдаў, а 32».

«Намэнклятурнай прыватызацыі ў Беларусі як не было, так і няма і ня будзе. Народ не на гэта пагодзіцца. Любы ўрад, які гэта зробіць, будзе зьмецены цягам сутак».

«Людзі павінны зьберагчы свае працоўныя месцы, заробкі і сацпакет».

Лукашэнка распавёў, што нехта з былых кіраўнікоў "Кераміна" хацеў скупіць у рабочых акцыі прадпрыемства, каб такім чынам прыватызаваць яго. "Гэта было спынена за адзін дзень. Прыватызацыі будзе адкрытай".
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:33 0:00
Наўпроставы лінк


Камэнтар Валера Карбалевіча
Тармажэньне прыватызацыі Лукашэнка тлумачыць незадаволеньнем працоўных калектываў. Нежаданьне мяняць дзяржаўную ўласнасьць воляй народа.
Прыклад з «Керамінам», які прывёў Лукашэнка, паказвае, што нармальны для ўсяго сьвету пераход акцый з рук у рукі у Беларусі заблякаваны. Акцыі павінны пераходзіць толькі з дазволу дзяржаўнай улады. То бок, мяняць мадэль пад узьдзеяньнем крызысу Лукашэнка не зьбіраецца.
Лукашэнка шмат увагі надаў пытаньню прыватызацыі. Бо тэма балючая, асабліва ў зьвязку з расейскімі патрабаваньнямі. Ён гэтага ня хоча. Таму пужае, што зьмена ўласнасьці прывядзе да грамадзянскай вайны.

Камэнтар Віталя Цыганкова

Доўгая і эмацыйная частка прамовы, прысьвечаная прыватызацыі, сьведчыць, што Лукашэнка зараз найперш занепакоены сацыяльнай стабільнасьцю, а не эканамічнымі рэформамі. Пытаньне ўласнасьці ён параўнаў з 1917 годам і грамадзянскай вайной. Адсутнасьць прыватызацыі тлумачыць імкненьнем захаваць стабільнасьць. Такім чынам, падведзеная ідэйная база для спыненьня прыватызацыі.

Пра інвэстараў

«Пра наўпроставыя інвэстыцыі мы гаворым шмат, а толку мала. Сьцяна бюракратызму і абыякавасьці ў выканкамах адбівае ў замежнікаў ўсялякае жаданьне інвэставаць».

Лукашэнка даручыў ураду параіцца з замежным бізнэсам, як выправіць сытуацыю. Ён загадаў кіраўнікам прадпрыемстваў і вэртыкалі ўлады радыкальна мяняць псыхалёгію, зацікаўліваць інвэстараў, а кіраўнікам выканкамаў і міністрам узяць пад асабісты кантроль па некалькі інвэстыцыйных праектаў.

«Растуць патрабаваньні да экалягічнасьці вытворчасьцяў, патрэбна ўкараненьне зялёнай эканомікі. Такія праекты павінны кардынальна памяняць вытворчае аблічча краіны».

Камэнтар Віталя Цыганкова
Лукашэнка шмат кажа пра прыцягненьне прамых замежных інвэстыцыяў. «Няма каго вінаваціць, акрамя нас саміх» — кажа кіраўнік дзяржавы. Але Лукашэнка «забыўся» на галоўную прычыну — у краіну, дзе існуюць палітвязьні, у краіну, якую называюць «апошняй дыктатурай Эўропы» сур’ёзныя інвэстары ня пойдуць. Таму вось ужо некалькі гадоў запар дзяржаўны плян па інвэстыцыях не выконваецца, а вялізныя міжнародныя форумы (напрыклад, Лёнданскі) проста правальваюцца — не даюць канкрэтных вынікаў.
Пра эканоміку

«Новаму пакаленьню — абноўленую эканоміку», — заявіў Лукашэнка пра патрэбу мадэрнізацыі беларускай эканомікі. Не спыняючыся падрабязна на леташнім валютным крызісе, Лукашэнка заявіў пра станоўчыя зрухі ў 2012-м:

«Краіна выйшла на станоўчае сальда ў замежным гандлі, растуць ЗВР і экспарт, зьмяншаецца інфляцыя, беспрацоўе застаецца на нулі. Нам удалося выбудаваць удалую антыкрызісную палітыку. Галоўны ўрок сусьветнага крызісу — трэба жыць па сродкам».

Пра хаос у сьвеце

Лукашэнка пачаў свой выступ з апісаньня глябальных праблем:

«Успыхнуў арабскі рэгіён, запанаваў хаос, Заходняя Эўропа цярпела ад эканамічнага крызісу, увесь сьвет ратаваў Грэцыю, пачало ліхаманіць Гішпанію, Партугалію, Італія апынулася ля прорвы. У Вялікабрытаніі адбыліся пагромы, як і ў ЗША, якія лічацца аплотам дэмакратыі. Адбыліся жудасныя акты тэрарызму і нацыяналізму.

Гэта кранулася і нас. Не змаглі мы пазьбегнуць такіх праблем».

Камэнтар Валера Карбалевіча

Лукашэнка пачаў выступ пра тое, што ўвесь сьвет у крызысе. Вядучыя дзяржавы сьвету — банкруты. Маўляў, на гэтым тле і беларускія праблемы не такія балючыя.
Лукашэнка кажа пра банальныя рэчы: інвэстыцыі, новыя праекты, экалёгія. Пры чым, як звычайна, разьмеркаваць праекты паміж чальцамі ураду і кіраўнікамі абласьцей. Нічога новага, адміністратыўнае кіраваньне эканомікай. Але інвэстыцыі не ідуць. Выснова — бюракратызм. То бок, вінаватая сама сыстэма. Але ў межах гэтай жа сыстэмы Лукашэнка прапануе працаваць і далей.



Выступ пачаўся аб 11-й гадзіне.

Найбольш яскравыя моманты з выступу, а таксама апэратыўныя камэнтары аналітыкаў — на сайце «Свабоды» ў рэжыме рэальнага часу.

За навінамі ад «Свабоды» таксам можна зачыць у сацыяльным сетках: Facebook, Vkontakte, Twitter, Youtube.

Раней плянавалася, што Лукашэнка выступіць з пасланьнем 19 красавіка. Аднак, ён " адхіліў праект дакумэнту падрыхтаваны дзяржаўнымі органамі, і адправіў яго на дапрацоўку", паведаміў тады кіраўнік прэзыдэнцкай прэсавай службы Павал Лёгкі.

Лёгкі ўдакладніў, што Лукашэнка даручыў перапрацаваць шэраг палажэньняў пасланьня, якія тычацца, у прыватнасьці, "пытаньняў прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці, а таксама зьнешнепалітычнага курсу краіны ". Лёгкі дадаў, што ў праекце дакумэнту Лукашэнка загадаў улічыць "недапушчальнасьць залішне лібэральнага падыходу пры продажы дзяржаўнай уласнасьці, катэгарычную непрымальнасьць так званай беспадстаўнай прыватызацыі ".

Што да зьнешнепалітычных падыходаў:«Кіраўнік дзяржавы выказаўся супраць залішне жорсткіх захадаў рэагаваньня на праблемы, якія ўзьнікаюць ва ўзаемаадносінах Беларусі са сваімі партнэрамі", піша Інтэрфакс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG