Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вус просіць Пуціна дапамагчы вызваліць беларускіх палітвязьняў


Дзьмітрый Вус
Дзьмітрый Вус

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Дзьмітры Вус зьвярнуўся з адкрытым лістом да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

У лісьце Дзьмітрый Вус павіншаваў Уладзімера Пуціна з абраньнем і выкалаў сваё бачаньне сытуацыі ў Беларусі:

«У Беларусі 18 гадоў кіруе аўтарытарны рэжым сям’і Лукашэнкі А. Р. З усясьветнай гісторыі вядома, што аўтарытарныя рэжымы ніколі ні з кім не інтэграваліся. [...] Клан Лукашэнкі А. Р. рыхтуецца да чарговага падману кіраўніцтва Расеі, каб зноў і зноў неабмежавана браць рэсурсы і крэдыты.

Лукашэнка А. Р. увесь час правакуе шматлікія канфлікты (дыпляматычныя, газавыя, нафтавыя, малочныя, авія і г. д.) і ў трэці раз можа сарваць рэальны працэс інтэграцыі нашых краінаў.

За 18 гадоў эканамічная мадэль Беларусі ня склалася. Сёньня на 100% эканоміка нашай краіны залежыць ад Расеі. Сацыяльна-арыентаваная мадэль Беларусі і зьмест шматлікіх сілавых структураў поўнасьцю залежаць ад таннай расейскай вуглевадароднай сыравіны і расейскага рынку.

Беларускі бюджэт у асноўным фармуецца за кошт продажу нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў, перапродажу газу, мытных плацяжоў і кантрабанды.»

Далей ў лісьце былы кандыдат у прэзыдэнты расказвае Ўладзімеру Пуціну пра «кантрабандныя схемы»:

«У краіны Балтыі зь Беларусі пастаўляюцца мільёны тон нафтапрадуктаў (бэнзін, дызэльнае паліва, мазут). Празь беларускую мытню яны ідуць як растваральнікі. Увесь усясьветны рынак растваральнікаў да зьяўленьня на ім Беларусі складаў 1,5 мільёна тон за год. А Беларусь за 2011 год вырабіла больш за 2 мільёны тон, зь якіх 1,5 мільёна тон экпартавала ў Латвію. Толькі ў Латвіі афіцыйная статыстыка прыводзіць іншыя лічбы — ніякага росту імпарту зь Беларусі ня было. [...] Атрымліваецца, што беларускія растваральнікі падчас перасячэньня мяжы пераўтвараюцца ізноў у нафтапрадукты і з Балтыйскіх портаў накіроўваюцца ў Нідэрлянды й Вялікабрытанію. Такая ж сытуацыя і з мазутай — Нямеччына і Францыя паставілі на экспарт столькі ж, колькі і ўся Беларусь».

Дзьмітрый Вус сьцьвярджае, што «шкода, нанесеная расейскаму бюджэту за вываз зь Беларусі ў Латвію і Літву бэнзіну, мазуты і дызэльнага паліва, ад якога ня сплачаны экспартныя мыты, склала каля 1 мільярда даляраў».

Яшчэ былы кандыдат у прэзыдэнты даводзіць, што «за 18 гадоў многія заводы не мадэрнізаваліся і пераўтварыліся ў неканкурэнтаздольныя, тэхналягічна адсталыя вытворчасьці. Сёньня бачны сумны вынік праўленьня клану Лукашэнкі — каля 1 млн 300 тысяч грамадзянаў краіны працуюць у Расеі».

Прыканцы свайго звароту да Пуціна Дзьмітрый Вус хадайнічае за вызваленьне беларускіх палітвязьняў:

«У Лукашэнкі да гэтага часу знаходзіцца ў турме ў закладніках самы галоўны супернік, які атрымаў 6 гадоў калёніі строгага рэжыму, — Мікалай Статкевіч — і іншыя палітвязьні. Мікалай Статкевіч — афіцэр, інтэлігентны, разумны, адважны і мужны чалавек, сапраўдны патрыёт Беларусі.

Вельмі прашу Вас дапамагчы ў вызваленьні і поўнай рэабілітацыі Мікалая Статкевіча і іншых палітвязьняў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG