Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін гаворыць пра Беларусь


Уладзімер Пуцін
Уладзімер Пуцін

Ад 7 мая Расея мае новага-старога прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. Пуцін займае найвышэйшыя пасады ў Расеі з 1999 году, апошнія чатыры гады быў прэм’ер-міністрам.

Пакуль палітолягі ў Менску разважаюць, якім будзе стаўленьне Пуціна да Беларусі пад час ягонага трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну, «Свабода» зрабіла падборку цытат, што казаў Пуцін пра Беларусь. А казаў ён ня толькі пра «мух і катлеты».

Гісторыя трэндаў расейска-беларускіх дачыненьняў у выказваньнях Уладзімера Пуціна.

Пра саюзную дзяржаву


«Ня мусіць быць юрыдычнага шалупіньня і кашы, зь якімі мы пасьля ня зможам разабрацца. Трэба, каб нашыя партнэры зразумелі для сябе, вызначыліся, чаго яны хочуць. Мы часта чуем, што хацелася б, дапусьцім, нешта накшталт Савецкага саюза. Але калі нешта накшталт Савецкага саюза, то тады навошта ў праекце Канстытуцыйнага акту пісаць, што гэта будзе суверэнная дзяржава, тэрытарыяльная цэласнасьць, права вета на ўсе рашэньні і так далей? Ня будзем забывацца, што эканоміка Беларусі — гэта 3 працэнты эканомікі Расеі. Так, магчыма права вета, калі народ так хоча, кіраўніцтва так вызначылася, ну, добра, значыць, нельга навязваць іншае рашэньне. Але тады права вета мусіць быць і ў нас. Ня мусіць быць так, што з аднаго боку права вета на ўсё, але і патрабаваньні на ўсё. У нас таксама права вета мусіць быць тады. Але тады гэта ўжо ня нешта накшталт Савецкага саюза, гэта зусім іншае. І трэба зразумець, чаго мы хочам, чаго хочуць нашы партнэры. Катлеты асобна, музі асобна мусяць быць».
Ліпень 2006

Пра малочныя войны зь Беларусьсю


«Хто як абзываецца, той так і называецца»
15 чэрвеня 2009


Пра інфармацыйныя войны


«Якія ж гэта войны, калі няма ахвяраў. Ну зьявіліся нейкія вострыя матэрыялы, ну што ж цяпер?»
Жнівень 2010


Пра наезды Лукашэнкі

«А можа гэта каханьне?»
Сьнежань 2009

«Я шчыра кажучы, ужо не памятаю, што ён там пра мяне казаў! Спрабаваў неяк „цапаць“, але я неяк на гэта не затачыўся. У мяне ўнутранага пратэсту ў дачыненьні да яго на гэтым конт ня ўзьнікла».
Жнівень 2010


Пра ўзаемны гандаль

«Як звычайна, вы як заўжды нас „аб’ягорылі“: расейскі экспарт вырас на 8%, а беларускі аж на 46 зь лішкам».
Сакавік 2011


Пра адзіную дзяржаву

«Мы гатовыя пайсьці так далёка, як гэтага хочуць нашыя беларускія партнёры. Мы навязваць нічога не зьбіраемся».
Люты 2008

«Гэта „а“ — магчыма, „б“ — вельмі пажадана, і „в“ — цалкам, на 100% залежыць ад волевыяўленьня беларускага народу... У Беларусі ёсьць розныя людзі з рознымі падыходамі да інтэграцыйных працэсаў».
Жнівень 2011 году


Пра інтэграцыю

«Проста пара ўжо спыніць жаваць жуйку 10 гадоў і павінны вызначыць: хочам мы ці не хочам, і чаго хочам, гэта павінна быць ясная, зразумелая, юрыдычная тэхніка, выкананая на практыцы».
Чэрвень 2002

«Мушу сказаць, што нягледзячы на спрэчкі, якія час ад часу ўзьнікаюць зь беларускімі калегамі і сябрамі і зь беларускім кіраўніцтвам, беларускае кіраўніцтва і Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч зьяўляюцца паьслядоўнымі прыхільнікамі інтэграцыі. І мы гэта высока цэнім.. Расея гатовая да самых глыбокіх формаў інтэграцыі зь Беларусьсю».
Студзень 2012


Пра адзіную валюту

«Мы пакуль да такога ўзроўню інтэграцыі (як у Эўразьвязу) не дабраліся, але мы гаворым пра магчымасьці ў будучым, пасьля запуску Адзінай эканамічнай прасторы, перайсьці да фармаваньня Эўразыйскага саюзу. Я думаю, што ў нейкай ступені ў выніку перамоўнага працэсу і дасягненьня кампрамісу, мы, канечне, дойдзем і да гэтага. Спадзяюся, і да адзінай валюты і да ўзгадненьня макраэканамічнай палітыкі».
Сьнежань 2011

«Я лічу, што мяч усё адно на іхным баку. Мы ня можам мець два эмісыйныя цэнтры, то бок банкі, якія друкуюць грошы і там і там».
Студзень 2012


Пра кошты на газ і продаж Белтрансгазу

«Вечнае пытаньне ў стасунках з нашымі суседзямі — гэта пастаўка нашых энэрганосьбітаў. Беларусь атрымае так званую „інтэграцыйную скідку“ ... На наступны год пры сярэдняй плянуемай цане ў 400 даляраў для эўрапэйскіх спажыўцоў, Беларусь будзе плаціць нам у першым квартале 164 даляры з тысячы кубоў. Гэта істотная скідка для нашых беларускіх партнэраў і сяброў, якая дазволіць у сярэднім пакінуць у беларускай эканоміцы ня меней за два мільярды даляраў. Пры гэтым мы дамаўляемся, што расейская кампанія Газпром купляе ўсе 100% газатранспартнай сыстэмы Ўкраіны, прабачце, Беларусі...
Гэта важнае вялікае пытаньне, якое ўрэгулюе нашыя стасункі зь Беларусьсю на гады наперад, і давзоліць забясьпечыць безумоўны транзыт праз беларускую тэрыторыю нашых энэрганосьбітаў у Заходнюю Эўропу»

Лістапад 2011


Пра Эўразыйскі зьвяз

«Гэта рэальная інтэграцыя з выйсьцем на тое, каб перадаць частку функцый у наднацыянальны орган. Гэта скрайне важна. Гэта не адраджэньне Савецкага саюза, гэта захаваньне цалкам незалежнасьці гэтых дзяржаваў, палітычнай незалежнасьці, але з мэтай падвысіць нашую канкрэнтаздольнасьць у сусьветнай эканоміцы, прыдаць новы імпульс разьвіцьцю, забяспечыць больш высокі ўзровень жыцьця нашых грамадзянаў, мы, канечне, ідзем і будзем ісьці па гэтым шляху... Вельмі важна, што і Лукашэнка, і Назарбаеў, які зьяўляецца галоўным рухавіком і маторам, і менавіта ён гэтую ідэю падтрымаў і рэалізуе».
Сьнежань 2011


Пра эўрасанкцыі супраць Беларусі

«Што тычыцца санкцый, вы ведаеце нашае агульнае стаўленьне да ўсялякіх санкцый. Як правіла, яны, як мінімум, неэфектыўныя. Санкцыі Эўразьвязу не зьяўляюцца замахам на Мытны саюз...Гэта чыста ўзаемаадносіны палітычнага характару паміж Эўразьвязам і Беларусьсю».
Люты 2012



Ці зьменіцца рыторыка Пуціна на адрас Беларусі пад час новага прэзыдэнцкага тэрміну? Меркаваньне аналітыка Кірыла Коктыша

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш
«Насамрэч ня шмат чаго зьменіцца, бо з боку Пуціна ўжо ўсе словы выказаныя, усе адносіны прадэманстраваныя. Зразумела, што Расея будзе падтрымліваць Эўразыйскі зьвяз. Яна ня будзе падтрымліваць беларускую канфрантацыю з Эўропай, бо яна супярэчыць як раз інтарэсам Эўразыйскага зьвязу. Ён жа плянуецца як буйнейшы гандлёвы партнер. Можна прагназаваць так ці інакш працяг сёньняшняга вэктара, які будзе наступствам зьнішчэньня магчымасьці манёўра паміж Захадам і Ўсходам для беларускай улады. Відавочна, што гэты манэўр будзе звужацца. На два гады Беларусь мае трывалую фінансавую, і ня толькі, падтрымку Расеі. Але за два гады яна мусіць інфраструктурна падрыхтавацца да Эўразыйскага зьвязу, бо ён павінен запрацаваць як транзытны калідор паміж Азіяй і Эўропай.

Пуцін ад самага пачатку свайго прыходу да ўлады імкнуўся прагматызаваць адносіны Расеі з постсавецкімі краінамі, і зь Беларусьсю ў прыватнасьці. Падвесьці пад гэта трывалы эканамічны падмурак. Першая спроба была няўдалая. Яна скончылася нафтагазавымі войнамі, Расея пачала будаваць абхнадныя нафтагазавыя провады вакол Беларусі. Але адначасова распачаўся Эўраазыйскі праэкт, які ізноў прапануе Беларусі транзытную гульню. Ён прапануе папрацаваць транзытным калідорам для тых тавараў, якія будуць ісьці з Азыі ў Эўропу, на гэтым зарабляць. Гэта трансфармацыя транзытнага патэнцыяла і праграматычная праграма для супрацоўніцтва, якая можа спрацуе, а можа не спрацуе, але пакуль можна сказаць, што Пуцін застаецца верным сабе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG