Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? Частка 3. Прысуд выкананы


Пасьведчаньне пра сьмерць Уладзіслава Кавалёва
Пасьведчаньне пра сьмерць Уладзіслава Кавалёва

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

Апошні раз Любоў Кавалёва бачыла сына на спатканьні ў «амэрыканцы» (гэтак у народзе называюць СІЗА КДБ) 11 сакавіка 2012 году. На спатканьні была таксама сястра Кавалёва Тацяна.

«Спатканьне адбывалася пад пільным наглядам супрацоўнікаў установы, за сьпінай маці сядзеў намесьнік начальніка СІЗА», — паведамляў на сайце «Свабоды» журналіст Алесь Дашчынскі. Маці і сястру Кавалёва строга папярэдзілі, што размаўляць яны мусяць толькі на «жыцьцёвыя» тэмы — пра сям’ю, пра сяброў. На здароўе Ўлад Кавалёў ня скардзіўся, але і ўсяго, што хацеў, распавесьці ня змог.

Любоў Кавалёва: «Яго апярэдзіў намесьнік начальніка СІЗА, які мне сказаў, што ў яго нібыта і ціск у норме, і ўсё добра. Спатканьне адбывалася пад наглядам: супрацоўнік сядзеў і з нашага боку, і з боку Ўлада. Наша размова кантралявалася. Канечне, і мы былі рады, і рады быў Улад нашаму спатканьню. Тым больш што ў лютым нам не далі спатканьня, чым былі парушаныя нашы правы».

Тацяна Кавалёва
Тацяна Кавалёва
Тацяна Кавалёва: «Выглядае ён разгубленым, спужаным. Магчыма, нават пачынае здавацца. Стомлены. Стараецца, канечне, не паказваць гэтага, але бачна, што яму там цяжка. На гэты раз кайданкі яму зьнялі. Рукі яго ляжалі на стале, на віду. Сьляды на руках ёсьць, ён увесь час у кайданках, пацёртасьці ёсьць, бачна, што нешта ўвесь час трэ рукі. Але, як ён сказаў, ужо прывык. Як звычайна, быў у робе. Пад вачыма зьявіліся цёмныя зморшчыны».

Уладзіслаў Кавалёў гэтак і ня змог нічога распавесьці пра ўмовы ўтрыманьня ў «амэрыканцы».

Тацяна Кавалёва:"Папрасіў ён толькі кнігі. Распавёў, што чытае кнігу, разгадвае сканворды. Ён пастаянна сядзіць у памяшканьні, на прагулкі яму выходзіць не дазваляюць. Хоць кажуць, што праветрываюць гэтае памяшканьне. Ён адзін у гэтай невялікай камэры«.

У той жа дзень,11 сакавіка, Любоў Кавалёва паслала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў зварот.

Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва: «Я папрасіла кожнага дэпутата, каб яны са свайго боку нам дапамаглі. Каб яны зьвярнуліся да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, бо віна хлопцаў у судзе не была даказаная і нельга выносіць такі вырак. І тым больш выконваць такі прысуд. Каб дэпутаты хоць нешта зрабілі, што ім па сілах, каб Улада і Дзіму памілавалі».

Адносна Дзьмітрыя Канавалава ніякай інфармацыі зноў не было.

Літаральна праз чатыры дні, увечары 14 сакавіка, з паведамленьня па беларускім дзяржаўным тэлебачаньні стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка не памілаваў Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. Маці Кавалёва, якая ў той момант знаходзілася ў Віцебску, даведалася пра гэта ад карэспандэнта Радыё Свабода Ўладзімера Глода.

Любоў Кавалёва: «Я на працы, я не магла чуць тэлебачаньне. А што здарылася? А-а-а-а-а. Адмовіў абодвум? Лукашэнка сёньня разгледзеў?» Пасьля ў слухаўцы загучалі гудкі.


Ужо раніцай 15 сакавіка Любоў Кавалёва была ў Менску і паспрабавала дамагчыся спатканьня з сынам у СІЗА КДБ. Але спатканьня ёй не дазволілі. Не пусьцілі ў «амэрыканку» на сустрэчу з падабаронным і адваката Кавалёва Станіслава Абразея. Пры канцы дня адвакату паведамілі, што Ўладзіслава Кавалёва з «амэрыканкі» перавялі, але куды, не сказалі. У СІЗА на Валадарскага, дзе выконваюцца сьмяротныя прысуды, Любові Кавалёвай і адвакату заявілі, што там Уладзіслава Кавалёва няма.

Зьвесткі пра тое, што сваякі Дзьмітрыя Канавалава спрабуюць высьветліць ягоны лёс, у мэдыі ў той дзень ня трапілі.

Тым часам інтэрнэт і эфір поўніліся камэнтарамі наконт рашэньня Лукашэнкі. Адны тлумачылі ўсё асобай гэтага чалавека, другія адзначалі памылкі тых, хто спрабаваў паўплываць на ягонае рашэньне.


Уладзімер Барадач
Уладзімер Барадач
(Радыё Свабода. 15.03.2012) Былы палкоўнік вайсковага спэцназу Ўладзімер Барадач: «Паводле маіх дадзеных, больш за 60% насельніцтва ня вераць у стопрацэнтовую датычнасьць дадзеных людзей да гэтага тэракту. Яны падазраюць, што датычныя да яго іншыя людзі. У такіх умовах Лукашэнку трэба было прызначыць новае расьсьледаваньне, прызначыць новую сьледчую групу. Але на гэта ён не рашыўся, бо разумеў, што зьявяцца новыя сьведкі гэтага злачынства — гэта сьледчыя. Акрамя таго, стануць вядомымі працэсуальныя парушэньні, выявяцца асобы, якіх прымушалі выбіваць ілжывыя паказаньні ў Кавалёва і Канавалава. А таксама могуць выявіцца асобы, якія давалі сьледчым такія злачынныя загады, ад якіх можна было б выйсьці на непасрэдных заказчыкаў тэракту».

(Эўрарадыё. 15.03.2012) Журналіст Сяргей Сацук: «Ёсьць такое слова „дыпляматыя“, і яно азначае, што перад тым, як пачаць вайну, трэба паспрабаваць іншыя рычагі ўплыву. А ў дадзеным выпадку адразу пасьля абвяшчэньня прысуду была фактычна абвешчана вайна рэжыму, пачаліся баявыя дзеяньні за жыцьцё Ўладзіслава Кавалёва. І, адпаведна, трэба было чакаць у адказ
Сяргей Сацук
Сяргей Сацук
жорсткай рэакцыі прэзыдэнта. На месцы маці Кавалёва я б як зрабіў? Я б падаў прашэньне аб памілаваньні, і далей трэба было пратрымаць паўзу да рашэньня прэзыдэнта, а ўжо пасьля, калі б было рашэньне прэзыдэнта, памілаваў бы ці не, пачынаць нейкія актыўныя баявыя дзеяньні з далучэньнем усіх мэдыяў і эўрапейскіх інстытутаў для выратаваньня сына. (...) А праваабаронцам трэба было напісаць нармальны зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта, толькі не пісаць, што матэрыялы справы сфальшаваныя, не аспрэчваць прысуд — такі зварот бы ніхто не разглядаў. Трэба было, ня ставячы пад сумнеў вынікі сьледзтва, не адштурхоўваючы ўладу, указаць на агульначалавечыя каштоўнасьці, на тое, што памілаваньне — найбольш дзейсны сродак як прафіляктыкі злачынстваў, гэтак і падняцьця прэстыжу самой улады. Гэта трэба было цывілізавана патлумачыць уладзе. Наша ўлада дастаткова жорсткая, яна гэтага яшчэ не разумее. Але гэтага ўвогуле не рабілася, нават спробаў гэта зрабіць не было. А трэба было хаця б паспрабаваць».

З камэнтароў наведнікаў сайту газэты «Наша ніва».

— Канцы ў ваду...

— У выніку тэракту 11.04.11 у Менску забіта 17 чалавек...

— «Канавалаў прашэньня аб памілаваньні не падаваў»
Навошта тады пісаць, што Лукашэнка адмовіўся памілаваць Канавалава?
p.s. Усё ж такі ёсьць справядлівасьць у сьвеце.

— На жаль, будуць забітыя невінаватыя. А вінаватыя дагэтуль ходзяць па беларускай зямлі і псуюць беларускае паветра.

16 сакавіка стала вядома, што Ўладзіслава Кавалёва расстралялі. Пра гэта маці пакаранага сьмерцю даведалася зь ліста, які прыйшоў зь Вярхоўнага суду. У той жа дзень, 16 сакавіка, пра выкананьне сьмяротнага прысуду Кавалёву і Канавалаву паведамілі афіцыйныя мэдыі. Як пазьней стала вядома, у дзень расстрэлу Кавалёва беларускі МЗС пісаў у Камітэт ААН пра прыпыненьне выкананьня прысуду.

Сайт праваабарончага цэнтру «Вясна», 05.04.2012

Любоў Кавалёва, маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва, і яго сястра Тацьцяна Казяр атрымалі ліст з Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Гэты ліст быў накіраваны ва Ўпраўленьне прадстаўнікамі ўраду РБ пры аддзяленьні ААН у Жэнэве яшчэ 15 сакавіка 2012 году — у той самы дзень, калі Ўладзіслаў Кавалёў быў расстраляны.

Прадстаўнікі Беларусі праінфармавалі Камітэт па правах чалавека, што наглядная скарга Кавалёва пададзена ў Вярхоўны суд, прэзыдэнт разглядае яго прашэньне аб памілаваньні. Пакуль гэта ня будзе разгледжана, выкананьне сьмяротнага прысуду будзе прыпынена.

У лісьце зь беларускага прадстаўніцтва аспрэчвалася прымальнасьць скаргі па справе Ўладзіслава Кавалёва, а таксама сутнасьць прэтэнзіяў дадзенай скаргі.

Людміла Гразнова ў «Гарачым камэнтары»

(Тэлеканал «БелСАТ». 28.03.2012)

Людміла Гразнова
Людміла Гразнова
Афіцыйная дата расстрэлу Ўладзіслава Кавалёва — 15 сакавіка. Пасьведчаньне аб сьмерці пакаранага за «саўдзел у зьдзяйсьненьні тэракту» ў ЗАГСе Першамайскага раёну Віцебску атрымала ягоная маці. Любоў Кавалёва ня ўпэўненая, што ў дакумэнце пазначылі сапраўдны дзень.

Са сваім сынам Любоў Кавалёва апошні раз пабачылася 11 сакавіка. Пазьней да асуджанага на сьмерць наведнікаў не пускалі. З гэтай прычыны адвакату Ўладзіслава не ўдалося падаць наглядную скаргу на рашэньне Вярхоўнага суду. 14 сакавіка Аляксандар Лукашэнка пастанавіў ня мілаваць прызнаных тэрарыстамі Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава. 16 сакавіка абвясьцілі, што прысуд выканалі. Насамрэч жа выканалі днём раней — гэта стала вядома толькі сёньня.

Паводле Людмілы Гразновай, пасьпешлівае забойства абвінавачаных і недавер насельніцтва да афіцыйнай вэрсіі сьледзтва не даюць беларусам пачувацца ў бясьпецы.




Зь верасьня 2011 году, калі пачаўся працэс над Кавалёвым і Канавалавым, у Беларусі разгарнулася чарговая грамадзкая кампанія за адмену сьмяротнага пакараньня. Яе ініцыятарам была Любоў Кавалёва. Жанчыну падтрымалі беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку «Human Rights Watch». Да 15 сакавіка 2012 году, калі быў расстраляны сын Любові Кавалёвай Уладзіслаў, за адмену ў Беларусі сьмяротнай кары падпісаліся праз інтэрнэт 62 135 чалавек у краіне і сьвеце.


Папярэднія разьдзелы кнігі

Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў

Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер

Пацярпелыя і публіка



Частка 2

Экспэрымэнт, якога не было

Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?

Іван Шыла пра Канавалава: «Ён мог зрабіць гэты выбух»

Чытач: «Асноўнае відэа — высокапрафэсійная падробка»

Адбіткі пальцаў і біялягічнае рэчыва

Працяг дзіўнага экспэрымэнту

Хто са сьведак пэўна апазнаў Канавалава?

Ахоўнікі

Тэрарыст адзін, бомбы дзьве?

Усё ж: «пілі» ці «білі»?

Лішнія пальцы і сім-картка

Дзіўная спрэчка ў Навінках

Навошта спатрэбіўся дэтэктар хлусьні?

Змывы з твару, рук і адзеньня, сьляды выбухоўкі ў падвале

«Дыплёмны праект» экспэрта Клімовіча «Дыплёмны праект» экспэрта Клімовіча

Адвакаты

Заканчэньне судовых спрэчак

А што б пастанавіў суд прысяжных?

Ці вінаваты Ўладзіслаў Кавалёў?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG