Працяг аналізу супярэчлівых момантаў з матэрыялаў справы
Ад аўтара
Тое, што асобаў у цывільным было некалькі, засьведчыла відэа вочнай стаўкі. Таксама яно засьведчыла зьнешнюю абстаноўку: сьветлыя сьцены пакойчыка, простую казённую мэблю і абвінавачаных у тэрарызьме, апранутых у сьмешныя піжамы. Канавалаў быў у бірузовай, Кавалёў — у нейкай ружовай. На той момант абодвух абсьледавалі лепшыя псыхіятры, каб вызначыць, ці былі яны здаровыя. Але вонкава гэта і без экспэртызы было зразумела па паводзінах. Канавалаў на допыце быў, як заўсёды, стрыманы, толькі ледзь усьміхаўся ды на пытаньні адказваў не сьпяшаючыся, але і без зацягнутых, як раней, паўзаў. Відаць, адышоў ад стрэсу першых дзён арышту. Нават твар крыху паружавеў і пакруглеў. Яшчэ Канавалаў, як звычайна, сутуліўся і глядзеў крыху спадылба.
Кавалёў, наадварот, сядзеў проста, выпрастаўшы сьпіну і амаль задраўшы галаву — у сваёй звычайнай манеры. І глядзеў дакладна ў вочы таму, хто задаваў пытаньне. Але адказваў менш упэўнена, чым Канавалаў. І выглядаў больш стомленым у параўнаньні зь першымі допытамі. Але, збольшага, абодва трымаліся спакойна і выглядалі цалкам адэкватнымі.
Вочная стаўка дзеля таго і праводзіцца, каб удакладняць ранейшыя паказаньні аднаго абвінавачанага адносна другога і наадварот. Тое самае было і тут. Кавалёў расказваў, што ведаў пра ўчыненыя Канавалавым выбухі ў 2005 годзе ў Віцебску, што той навучыўся вырабляць трыперакіс ацэтону, спрабаваў вырабляць выбуховае рэчыва аманал. Пра намер узарваць бомбу ў Менску ў 2008 годзе Канавалаў нібыта паведаміў яму за месяц да тэракту. Згадаў, як той тэлефанаваў з войска і распавядаў, што яму ўдалося пазьбегнуць дактыляскапіі. 9 красавіка пазваніў і распавёў, што да яго прыходзілі браць адбіткі пальцаў, што прыедзе ў Менск. Прыехаў, паведаміў пра бомбу ў торбе. Потым на кватэры яшчэ раз прадэманстраваў бомбу і паказаў пульт, з дапамогай якога зьбіраўся ўзарваць бомбу у мэтро.
А што на гэта сказаў Канавалаў? Той пацьвердзіў пачутае ад Кавалёва толькі пачынаючы з 2008 году і не пацьвердзіў, што казаў Кавалёву пра выбухі 2008 году ў Менску і 2005 году ў Віцебску. Выбухі 2005 году і ранейшыя эпізоды Канавалаў адмаўляў, прычым настойваў на сваіх паказаньнях.
Потым Кавалёў распавёў пра падвал Канавалава і сказаў, што бомбы той навучыўся рабіць са школьных гадоў. «Зь якой мэтай ён гэта рабіў?» — запытаў сьледчы меркаваньне Кавалёва. Уладзіслаў адказаў, што «павінна было пацярпець як мага болей людзей». Канавалаў зноў запярэчыў — «Не пацьвярджаю».
Высьвятлялі супярэчнасьці эпізоду 2008 году. Канавалаў зноў распавёў, як пераносіў бомбы, замаскаваныя пад пакеты з сокам. Што нёс іх не ў руках, а паклаўшы ў поліэтыленавы пакунак. Ахоўнікі на вуліцы не задавалі ніякіх пытаньняў і яго прапускалі. Удакладніў і тое, што прыносіў бомбы па чарзе, а ня дзьве адразу.
Кавалёў, калі яго спыталі пра мэту выбуху 2008 году, сказаў, што выбух ніяк ня быў зьвязаны з палітыкай. Канавалаў запярэчыў: «Не пацьвярджаю. Мэтай была дэстабілізацыя грамадзка-палітычнай сытуацыі».
Празь дзень, 29 красавіка, адбылася яшчэ адна вочная стаўка Канавалава з Кавалёвым, але ўжо з удзелам Яны Пачыцкай. Канавалаў пацьвердзіў паказаньні Пачыцкай, што 10-га ўвечары ён папярэджваў пра неабходнасьць заўтра, 11 красавіка, пасьля 17-й на гадзіну некуды адысьці. А вось успамін сьведкі пра тое, што яна бачыла, як за шырмай Канавалаў і Кавалёў корпаліся з торбай, Канавалаў не пацьвердзіў. Сказаў, што яна не магла гэтага бачыць, таму што была на кухні, дый Кавалёва зь ім не было, ён адзін корпаўся з бомбай, калі прыводзіў яе ў гатоўнасьць перад тым, як рушыць у мэтро.
Пачыцкая: «Каля 19-й гадзіны Канавалаў вярнуўся, мы з Уладам глядзелі тэлевізар. Здаецца, ён нічога з сабой не прынёс. Сказаў: „Зараз будзем піць далей“. А да таго ён піў няшмат — усяго 2–3 кілішкі выпіў за дзень».
Сьледчы запытаў Канавалава: «Гэта пацьвярджаеце?» Адказ быў: «Пацьвярджаю».
Пасьля гэтага Яна Пачыцкая паведаміла, што далей яны пілі «доўга і шмат» і абмяркоўвалі навіны па тэлевізары, дзе ўжо паказвалі рэпартажы пра тэракт. Як камэнтавалі здарэньне Канавалаў і Кавалёў, яна ня памятае. Але згадала словы Канавалава: «Нармальна ўсё будзе».
Вочная стаўка скончылася. Пярэчаньняў і пытаньняў яе ўдзельнікі адзін да аднаго больш ня мелі, пазначылі сьледчыя.
Што пра гэта можна сказаць? У першую чаргу кідаецца ў вочы несупадзеньне ў трактоўцы матыву тэракту з боку Канавалава і Кавалёва. Першы настойвае на тым, што спрабаваў дэстабілізаваць сытуацыю, другі гэтаму настойліва пярэчыць. Магчыма, сапраўды ўпершыню чуе пра палітычны характар дзеяньняў сябра, магчыма, ня ведае, што Канавалаў ужо пагадзіўся з гэтай вэрсіяй. Яшчэ варыянт — Кавалёў адмаўляе палітычны матыў, спрабуючы абараніць на будучыню і сябе, бо палітычны характар справы лічыць больш небясьпечным.
Тое, што Канавалаў не пацьвердзіў паказаньні Пачыцкай, згодна зь якімі Кавалёў нібыта быў разам зь ім за шырмай, калі ён скручваў драты і закрываў торбу, можа сьведчыць ужо пра спробу Канавалава абараніць сябра. Ён наўпрост кажа, што быў за шырмай адзін, без Кавалёва, а Пачыцкая і не магла нічога бачыць, бо знаходзілася на кухні. У такіх паказаньнях ёсьць і той падтэкст, што Пачыцкая свае паказаньні дае пад ціскам.
Магчыма, і пад ціскам, паколькі паказаньні Пачыцкай усіх задаволілі. Акрамя толькі Кавалёва. Канавалава яны задавальняюць, бо ён ужо ўзяў на сябе адказнасьць за тэракт. Сьледчых задавальняюць, бо выкрываюць злачынцаў і асабліва Кавалёва, які пад цяжарам такога доказу будзе больш згаворлівы. Нарэшце — Пачыцкую, якая быццам і бачыла Канавалава з Кавалёвым над торбай, але што было ў торбе, ня бачыла, а значыць, абвінавачаньне ў неданясеньні ёй не пагражае. У выніку гэтак і атрымалася — дзяўчына фігуравала ў справе толькі як сьведка, хоць з пачатку сьледзтва яўна была ў статусе падазронай. Ва ўсякім разе, на відэа гэтай вочнай стаўкі Пачыцкая выглядала не такой упэўненай і спакойнай, як на допыце ў судзе. Між тым слаба верыцца, што за цэлы дзень яна трапіла за шырму якраз у тую сэкунду, калі торба закрывалася. Дзіўнае супадзеньне.
Кавалёў у выніку таксама пацьвердзіў, што быў з Канавалавым за шырмай, а калі на судзе ад гэтага адмовіўся, для яго было ўжо запозна.
Меркаваньне
Кацярына Барысевіч: «Чаму Канавалаў так нічога і не патлумачыў?»
Карэспандэнт «Комсомольской правды» в Беларуси" Кацярына Барысевіч стала працавала на працэсе па справе аб тэракце. Вось як журналістка адказала на пытаньне пра найбольш уражальныя моманты працэсу.
«Суд быў дастаткова эмацыйны і для журналістаў, і для публікі, і было некалькі момантаў, якія асабліва запомніліся. Мне больш за ўсё запомнілася, гэты было ў апошнія дні суду, калі на працэс прыехалі бацькі Канавалава. Іх прыезду чакалі ўсе, усе чакалі, што яны скажуць і ўвогуле ці будуць што казаць. Як сябе павядзе маці, ці будзе яна глядзець на сына. І вось у момант, калі яны зьявіліся ў судзе — маці, бацька і брат — утварыліся літаральна мёртвая цішыня. Калі ўвайшла маці, я спрабавала адначасова сачыць і за ёй, і за тым, як рэагуе Дзіма. Дык вось, я ня ўбачыла ўвогуле ніякай рэакцыі. Ён безуважна падняў вочы, потым апусьціў. Мне падалося, што яму было цалкам абыякава, што адбываецца, у яго на твары нічога не зварухнулася ад яе прыезду. А вось ёй, я пабачыла, было вельмі-вельмі цяжка. Яна прыехала зь нейкай торбай, відаць, прывезла яму нейкія рэчы ды харчы, нейкую перадачу. Тое, як яна адмаўлялася ад дачы паказаньняў — яна гаварыла з такім надрывам у голасе, што ня будзе даваць паказаньні! Было бачна, што гэтае рашэньне ёй далося нялёгка. Зараз шмат хто кажа, што яна адмовілася ад сына ці не адмовілася... Яна адмовілася ад кантактаў з журналістамі, і таму мы ня ведаем, ці езьдзіла яна да яго. Хутчэй за ўсё, езьдзіла, хутчэй за ўсё, яны сустракаліся.
А потым увайшоў бацька Канавалава. Раней з паказаньняў у судзе ўсе ведалі, што ў Дзімы і бацькі былі вельмі складаныя адносіны. Калі Дзіма быў падлеткам, здаецца, яны больш за год не размаўлялі і нават не віталіся, калі жылі ў адной кватэры. Бацька нібыта сыходзіў у іншую сям’ю, і сын яму ня мог гэтага дараваць. І тут усе думалі, што далей будзе рабіць бацька? Бо яны ж былі і разам арыштаваныя, Дзіма, яго брат Саша і тата...А калі ён сыходзіў з залі, я бачыла, што вось-вось зараз нешта скажа, але ён моўчкі завярнуўся і сышоў. Мы, журналісты, некалькі хвілін сядзелі моўчкі, ня ведалі, што сказаць, пераварвалі ўбачанае. Таму што было бачна, наколькі яму было складана, наколькі цяжка яму далося адмовіцца ад паказаньняў, нічога не сказаць... Магчыма, гэта быў самы эмацыйны момант.
Я ня бачыла, каб Канавалаў атрымліваў маральнае задавальненьне ад суду, як казалі псыхолягі, што ён атрымлівае задавальненьне ад пакутаўКацярына Барысевіч
Яшчэ такі эмацыйны момант — вынясеньне прысуду. А да таго ўжо было зразумела, што Дзіма сам ідзе на расстрэльны артыкул, за жыцьцё не чапляецца, паказаньняў не дае і ўвогуле да ўсяго абыякавы. Зь ім было збольшага ўсё зразумела. Але ўсе чакалі: што будзе з Уладзіславам Кавалёвым? Гэта будзе пажыцьцёвае, ці колькі дадуць гадоў...Ніхто ня верыў, што будзе сьмяротная кара, нехта казаў пра 25 гадоў. І вось, калі выносілі аднаму і другому сьмяротны прысуд, у Кавалёва, калі ён пачуў пра такі прысуд, як мне падалося, зьявіліся сьлёзы, і ён адвярнуў твар. Здаецца, у яго быў шок. А Дзіма вельмі спакойна да ўсяго паставіўся. Але мяне нават ня гэта ўразіла, а тое, што калі яго выводзілі з клеткі, то з залі крычалі яму: «Дзіма, скажа хоць нешта!» Бо падчас суду ён не сказаў нічога, толькі тое, што прызнае сваю віну ў тэракце ў мэтро і ў 2008 годзе. Усе чакалі, што ён патлумачыць неяк свой учынак, скажа хоць нешта. Але ён нічога не сказаў, і яго вывелі з клеткі. Мяне гэта ўзрушыла, бо самі пацярпелыя прасілі яго нешта сказаць, каб яны разумелі, навошта ён гэта зрабіў.
Для мяне Канавалаў дагэтуль застаецца загадкай. Назіраючы яго падчас суду, я ўсё ж не разумела гэтую афіцыйную фармулёўку, што ён зрабіў выбух дзеля «дэстабілізацыі абстаноўкі». У судзе казалі пра тое, што ён да дзір зачытваў Крымінальны кодэкс, асабліва артыкул пра тэрарызм, што зьбіраў зьвесткі пра выбухі ў Маскве, увогуле пра выбухі. З паказаньняў у судзе выходзіла, што ён атрымліваў нейкае маральнае задавальненьне ад таго, што адбывалася. Але вось на судзе гэтага не было заўважна, бо ў яго была такая пазыцыя, што ён не хапаўся за жыцьцё, нічога не казаў. Хоць я потым пыталася ў сьледчых, і мне казалі, што гэткая пазыцыя бывае ў падсьледных, так, яны могуць маўчаць, але вельмі рэдка абвінавачаны маўчыць у судзе. Нават калі ён маўчыць, то ў апошнім слове на судзе можа хоць нешта сказаць. Але Канавалаў і тут нічога не сказаў.
Я ня бачыла, каб Канавалаў атрымліваў маральнае задавальненьне ад суду, як казалі псыхолягі, што ён атрымлівае задавальненьне ад пакутаў... Хоць у залі сядзелі пацярпелыя...Але, па-першае, ён не глядзеў у залю, а па-другое, ягоныя паводзіны мне нагадвалі паводзіны троечніка, які хоча, каб гэты ўрок хутчэй скончыўся, каб хутчэй сысьці. Ён часта глядзеў у падлогу, падпіраў твар рукой, уздыхаў, але больш ніякіх эмоцыяў у яго ўвогуле не было. Калі ён атрымліваў маральнае задавальненьне, то мусіла б быць хаця б усьмешка. Хоць нешта, хоць пагарда да чагосьці... Нічога.
А вось Кавалёў эмоцыі выказваў. Пачаць з таго, што кожны дзень цягам двух месяцаў адносіны Кавалёва з маці выяўляліся на кожным паседжаньні. Калі зьяўлялася маці, яна займала адно і тое ж месца, і ўсе ведалі, дзе яна сядзіць. А калі прыводзілі Кавалёва, у іх ужо склалася звычка, што ён падымаў вочы, знаходзіў яе, ківаў ёй, усьміхаўся. Яна яму ківала ў адказ ці, бывала, махала рукой.
Ён хаця б ня быў абыякавы да таго, што адбывалася, абараняў сябе да апошняга, задаваў пытаньні, рабіў нататкі. Абараняўся ён дастаткова пераканаўча, але... да таго часу, пакуль яму не пачалі задаваць пытаньні. Калі пайшлі пытаньні, ён усё ж заблытаўся. Складана пра яго, канечне, гаварыць, бо на сьледзтве ён даваў адны паказаньні, на судзе іншыя, а ад тых адмовіўся, але ён хаця б не маўчаў. А вось Канавалаў так і не сказаў, навошта яму гэта спатрэбілася«.
Працяг — будзе.
Папярэднія разьдзелы кнігі
Частка 2
Экспэрымэнт, якога не было
Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?
Іван Шыла пра Канавалава: «Ён мог зрабіць гэты выбух»
Чытач: «Асноўнае відэа — высокапрафэсійная падробка»
Адбіткі пальцаў і біялягічнае рэчыва
Працяг дзіўнага экспэрымэнту
Хто са сьведак пэўна апазнаў Канавалава?
Ахоўнікі
Тэрарыст адзін, бомбы дзьве?
Усё ж: «пілі» ці «білі»?
Лішнія пальцы і сім-картка
Частка 1
Уступ
Вэрсіі добрая і дрэнная
Прызнаньне — каралева доказаў
Як нараджаюцца новыя вэрсіі
Відэа: чалавек з торбай
Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры
Сьляды на адзеньні
Чорная торба з надпісам «Vest»
Забойчы доказ
Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?
Бомбы
Што было ў падвале Канавалава?
Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»
Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты
Навошта?
«Яму заўсёды падабаліся выбухі»
Ці здаровы Канавалаў псыхічна?
Схільны да самагубства?
Судзьдзі і сакратаркі
Як Канавалаў сабраў бомбу
Ханжанкоў: Беларускі сындром
Пульт і паражальныя элемэнты
Пракуроры
Роля Ўладзіслава Кавалёва
З допыту Кавалёва ад 29 красавіка
Лёс рэчавых доказаў
Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер
Пацярпелыя і публіка