Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі Шлях дазволены

абноўлена

Аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» правёў прэсавую канфэрэнцыю на тэму падрыхтоўкі да гэтай традыцыйнай масавай акцыі, прымеркаванай да ўгодкаў чарнобыльскай катастрофы.

Заяўнікі паведамілі, што Менгарвыканкам даў дазвол на правядзеньне шэсьця 26 красавіка з 18:30 да 19:30 ад прэзыдыюму Акадэміі навук па вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, дзе адбудзецца жалобны мітынг.

У аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» сёлета ўвайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ, руху «За свабоду», Беларускага руху, АГП, «Гавары праўду», «Маладога фронту», партыі «Справядлівы сьвет», «Эўрапейскай Беларусі», грамадзкага аб’яднаньня «Экадом». Заяўнікі «Чарнобыльскага шляху» правялі прэсавую канфэрэнцыю неўзабаве пасьля адмысловай сустрэчы ў Менгарвыканкаме. Гаворыць старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

«Гарвыканкам задаволіў нашу заяўку па маршруце цалкам. Не дазволілі шэсьце па праежджай частцы. Аднак важным я лічу, што ёсьць афіцыйна дазволенае месца збору і таксама маршрут шэсьця. Такім чынам, ёсьць вельмі добрая падстава для людзей прыйсьці і выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю».

Таксама Менгарвыканкам ня даў заяўнікам аніякай гарантыі, што гукаўзмацняльную апаратуру не затрымаюць, як гэта здарылася 25 сакавіка, на Дзень Волі. Аргкамітэт плянуе, што на «Чарнобыльскі шлях» прыйдзе больш за тысячу чалавек, не зважаючы на малую рэкляму акцыі. Гаворыць намесьнік старшыні «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка:

«Сапраўды, няма ніякай друкаванай рэклямы. Але гэта ўжо практыка ўсіх апошніх мерапрыемстваў, калі мы не асабліва рызыкуем выходзіць на вуліцы і наклейваць улёткі перад акцыяй. Асноўная рэкляма адбываецца ў інтэрнэце, і людзі далучаюцца — тэндэнцыя росту ёсьць».

Аргкамітэт заяўляе, што сымболіку і лёзунгі ня будуць абмяжоўваць чарнобыльскай тэматыкай. Сярод галоўных патрабаваньняў акцыі — адмова ад будаўніцтва Астравецкай АЭС, а таксама вызваленьне палітвязьняў. Гаворыць намесьнік старшыні партыі БХД Дзяніс Садоўскі:

«Акцыя традыцыйна будзе закранаць чарнобыльскія пытаньні, пытаньні экалягічнай абароны, а таксама палітычныя, у тым ліку — свабоды палітычных вязьняў і свабоды выбараў... Што тычыцца асаблівасьцяў, то сам факт удзелу большасьці палітычных партый у аргкамітэце — ад крайне правых да крайне левых — і ёсьць асаблівасьцю ў сёньняшніх умовах».

«Чарнобыльскі Шлях-2012» завершыцца ўскладаньнем кветак да праваслаўнай капліцы побач з паркам Бангалор у памяць усіх ахвяраў Чарнобылю.

У аргкамітэт ЧШ сёлета ўвайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ, Руху «За Свабоду», Беларускага Руху, АГП, «Гавары праўду», Маладога Фронту, партыі «Справядлівы Сьвет», Эўрапейскай Беларусі, грамадзкага аб’яднаьння «Экадом». Старшыня аргкамітэту — Юры Хадыка.



Глядзець вялікую мапу

Чаму за пяць дзён да акцыі няма ніякай агітацыі? Арганізатарам зададуць гэтае пытаньне сёньняшняй прэсавай-канфэрэнцыі. Рэпартаж на сайце і ў эфіры пазьней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG