Максімюк: Спадарыня Вуйцік, якім чынам заявы беларускага боку пра зьмены рэжыму аховы мяжы могуць паўплываць на працу вашых памежнікаў?
Вуйцік: Ніводная зь дзяржаваў, якія суседнічаюць, але належаць да розных палітычных сыстэмаў, не ўскладае надзеі на ахову мяжы выключна на суседзяў. Мы — рыхтуючыся шмат гадоў да ўступленьня ў Эўразьвяз, а потым у шэнгенскую зону ды ўсьведамляючы, што наша мяжа будзе адначасова і мяжой НАТО — з самага пачатку зыходзілі з таго, што будзем ахоўваць гэтую мяжу самастойна. Гэта значыць, што нейкія зьмены зь беларускага боку не выклікаюць зьменаў у сыстэме аховы мяжы з нашага боку і не пужаюць нас. Пакідаючы ўбаку палітычны кантэкст гэтых зьменаў і справы, якія датычаць вышэйшага ўзроўню, чым наш падляскі, я хачу сказаць, што мы выконваем сваю службу гэтак жа сама, як і раней. Мы вельмі добра падрыхтаваныя да аховы нашай часткі мяжы. На адну нашу вартоўню ў сярэднім прыпадае 20-25 кілямэтраў мяжы, і ўсе вартоўні ўкамплектаваныя функцыянэрамі да ўзроўню 80% і вышэй, так што я ня буду казаць, што нам цяпер патрэбныя нейкія зьмены.
Максімюк: У заявах зь беларускага боку падымаецца праблема нелегальных мігрантаў. Маўляў, летась беларускія памежнікі затрымалі 300 нелегальных мігрантаў, а сама праблема нелегальнай міграцыі зь Беларусі ацэньваецца на 15 тысячаў. Ці насамрэч нелегальная міграцыя і нелегальнае перасячэньне мяжы зьяўляюцца сур’ёзнымі праблемамі для вашага памежнага аддзелу?
Вуйцік: Па-першае, трэба ведаць, што нелегальнае перасячэньне мяжы ў Польшчы зьяўляецца адміністрацыйным правапарушэньнем. Але калі нелегальнае перасячэньне мяжы адбываецца арганізаваным чынам, гэта зусім іншая справа. Што тычыцца ненаўмыснага перасячэньня мяжы, калі, напрыклад, чалавек пайшоў у грыбы і перасек мяжу, дык такіх выпадкаў у нас некалькі дзясяткаў на год. А што тычыцца таго, пра што пытаеце вы, гэта значыць, міграцыі арганізаванымі групамі, дык гэта ўсяго некалькі выпадкаў на год. Гэта не ўспрымаецца намі як вялікая праблема, якой мы ня можам даць рады. Асабліва калі параўнаем нашу праблему з памежнымі праблемамі ў іншых краінах Эўразьвязу і іншых месцах шэнгенскай зоны, напрыклад, з праблемамі на турэцка-грэцкай мяжы. У нас значна меншы клопат.
Максімюк: Ці існуюць дамовы аб супольнай ахове мяжы паміж вашым памежным аддзелам і яго адпаведнікам зь беларускага боку? На якім узроўні такія дамовы заключаюцца — дзяржаўным ці паміж паасобнымі памежнымі аддзеламі? Ці вы, напрыклад, абменьваецеся інфармацыяй зь беларускімі памежнікамі, калі на мяжы ўзьнікае нейкая праблемная сытуацыя?
Вуйцік: Так, такія дамовы існуюць, але ім ужо шмат гадоў. Найбольш сур’ёзнай дамовай зьяўляецца дамова аб ахове мяжы яшчэ паміж Польскай народнай рэспублікай і СССР. Узаемадзеяньне памежнікаў на нашым мясцовым узроўні таксама вызначаецца гэтай дамовай. На мясцовым узроўні ўзаемадзеяньне адбываецца праз гэтак званага памежнага ўпаўнаважанага. Гэта значыць, камэндант Падляскага аддзелу памежнай варты зьяўляецца такім ўпаўнаважаным на беластоцкім прамежку дзяржаўнай мяжы, а ягонымі адпаведнікамі па другі бок мяжы зьяўляюцца камэнданты беларускіх памежнікаў у Горадні і Берасьці. На гэткім узроўні час ад часу адбываюцца сустрэчы, на якіх узгадняюцца некаторыя пытаньні міжнароднага супрацоўніцтва. Зразумела, што і кожны з камэндантаў вартоўняў, якія падлягаюць камэнданту памежнага аддзелу ў Беластоку, супрацоўнічае са сваім адпаведнікам па другі бок мяжы.
Больш пра праблемы аховы польска-беларускай мяжы чытайце тут.