Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі-2012: дзе і як будуць сьвяткаваць


Дзень волі. 2010 год.
Дзень волі. 2010 год.

25 сакавіка — 94-я гадавіна абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэты дзень традыцыйна ў Менску і рэгіёнах усе, хто шануе ідэалы БНР, адзначаюць разнастайнымі імпрэзамі. У сталіцы ўлады сёлета дазволілі мітынг і шэсьце. У многіх іншых гарадах, аднак, публічныя акцыі забаронены.

Гомельшчына


У Гомелі 25 сакавіка, у Дзень Волі, пройдзе трэцяя сэсія Народнага сходу, на якой будуць дэмакратычныя актывісты зьбіраюцца абмяркоўваць падрыхтоўку да кампаніі «За справядлівыя выбары». Пра гэта сёньня, 21 сакавіка, на прэсавай канфэрэнцыі заявілі мясцовыя грамадзкія актывісты.

Каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Ўладзімер Кацора:

«Гэтым разам мы вырашылі пачатак публічнай масавай кампаніі — падрыхтоўку да выбараў у Палату прадстаўнікоў — спалучыць са сьвятам. Скажам так, даць старт менавіта ў гэты дзень. Мы запрашаем усіх тых людзей, для якіх 25 сакавіка — гэта сапраўды сьвята, якія вераць яшчэ ў тое, што само слова „дэмакратыя“, „выбары“ — гэта надзея на лепшае жыцьцё, на беларускую незалежнасьць. Ня можа быць выбараў нават у Палату прадстаўнікоў у складзе адноўленай Расейскай імпэрыі. Толькі ў незалежнай Беларусі могуць быць такія выбары».

У горадзе ад імя актывістаў пачалі распаўсюджваць запрашэньні прыйсьці ў Дзень Волі а 13-й гадзіне на вуліцу Палескую, 52.

У Гомелі на Дзень Волі — Народны сход
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:18 0:00
Наўпроставы лінк


Актывіст зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Андрусь Цянюта:

«25 сакавіка будзе невялічкая ўрачыстая частка. Пасьля — спадзяюся, што будзе й прэзэнтацыя кампаніі „За справядлівыя выбары“. Цяпер мы раздаем улёткі-запрашэньні, каб грамадзяне прыйшлі на вуліцу Палескую, вызначыліся з удзелам у выбарчай кампаніі і дапамаглі ў назіраньні».

Народны сход гэтым разам актывісты вырашылі праводзіць не на плошчы, а ў офісе дэмакратычных арганізацыяў рэгіёну. Абумоўлена такое рашэньне і слабой падтрымкай апазыцыйных ініцыятываў шараговым насельніцтвам, і перашкодамі з боку сілавых структураў, якія не даюць магчымасьці грунтоўна пагутарыць зь людзьмі.
Тое, што мы праводзім свае мерапрыемствы менавіта ў Дзень Волі, носіць сымбалічны характар, бо воля — гэта ў тым ліку й сумленныя выбары.

Старшыня рэгіянальнай арганізацыі АГП Васіль Палякоў лічыць, што Дзень Волі й справядлівыя выбары — узаемазьвязаныя падзеі:

«Гэта пакуль першы крок у агульнай кампаніі „За справядлівыя выбары“, першая сустрэча, калі мы дадзім першасную інфармацыю пра тое, што неабходна рабіць, наколькі гэта важна, наколькі зацікаўленыя людзі, што трэба, каб далучыцца да кампаніі „За справядлівыя выбары“. І тое, што мы праводзім свае мерапрыемствы менавіта ў Дзень Волі, носіць сымбалічны характар, бо воля — гэта ў тым ліку й сумленныя выбары».

Берасьцейшчына


У Берасьці на Дзень Волі актывісты ўшануюць памяць дзеячаў БНР і жаўнераў генэрала Булак-Балаховіча, моладзь зладзіць гульню «БНР-Берасьце».

Берасьцейскія дэмакратычныя актывісты 25 сакавіка ўшануюць памяць дзеяча БНР Адама Трыпуса, пахаванага на Трышынскіх могілках у абласным цэнтры. Таксама адбудзецца ўскладаньне кветак да помніка ахвярам палітычных рэпрэсій. Акрамя таго, сябры Партыі БНФ і моладзевых арганізацый наведаюць Вайсковыя могілкі, дзе пахаваныя жаўнеры генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.

Кіраўнік партыі БНФ па Берасьцейшчыне Зьміцер Шыманскі распавёў, што, акрамя гэтых традыцыйных імпрэзаз, моладзь упершыню плянуе зладзіць гульню «БНР-Берасьце»:

«Маладыя людзі будуць у камандах шукаць у горадзе пэўныя гістарычныя месцы, дзе зафіксаваныя далейшыя пункты. І такім чынам першая каманда, якая прыйдзе на фінішны пункт маршруту, пераможа».

Зьміцер Шыманскі кажа, што для гульні моладзі спатрэбяцца веды па гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі.

А ў Баранавічах на Дзень Волі дэмакратычны актывіст Рыгор Грык плянаваў арганізаваць пікет супраць росту цэнаў. Але гарвыканкам не задаволіў просьбу заяўніка.

Рыгор Грык: «Сёньня я дастаў адказ. Проста напісана, што гарадзкі выканаўчы камітэт не дае дазволу на правядзеньне пікету 25 сакавіка. Я кажу: дык у чым праблема, чаму вы не дазволілі? (з ідэалягічным аддзелам гаварыў). А яны: «Падавайце ў суд, мы вам там усё патлумачым».

Спадар Грык перакананы, што пікет забаранілі найперш таму, што ён плянаваўся на Дзень Волі.

Старшыня Таварыства беларускай мовы ў Баранавічах Віктар Сырыца кажа, што Дзень Волі тут усё ж адсьвяткуюць:

«Мы традыцыйна ў гэты дзень ідзем на Русінаўскія могілкі і там ушаноўваем нашых змагароў за Беларусь. Акрамя таго, вось ужо зараз, за некалькі дзён да нашага найгалоўнейшага нацыянальнага сьвята, мы ўжо арганізавалі ў Баранавічах напісаньне лістоў, паштовак усім нашым палітзьняволеным, якія зараз за кратамі».

Гарадзеншчына


У Горадні прадстаўнікі трох партый — БНФ, АГП і БСДГ загадзя падавалі заяву ў гарвыканкам з просьбай дазволіць імпрэзу ў старым парку Жылібэра. Улада выказалася супраць.

Адзін з заяўнікаў — Уладзімір Хільмановіч, аднак, падкрэсьлівае, што адказу наконт акцыі на 25 сакавіка ўлады не далі. Замест гэтага прыйшлі міліцыянты.
Ускосна я ведаю на сёньня, што гэты мітынг забаронены, ведаю з прэвэнтыўнага папярэджаньня міліцыі.

Хільмановіч: «Дагэтуль мы, заяўнікі, афіцыйнага адказу з гарвыканкаму не атрымалі. Ускосна я ведаю на сёньня, што гэты мітынг забаронены, ведаю з прэвэнтыўнага папярэджаньня міліцыі. Учора, дваццатага сакавіка, міліцыянты тэлефанавалі да нас і прыходзілі дахаты, у тым ліку й да мяне. Папярэджвалі пра адказнасьць за правядзеньне несанкцыянаванага мерапрыемства. Такім чынам, трэба меркаваць, што мітынг забаронены, хоць дакумэнтальнага пацьверджаньня мы ня маем».

Што будуць рабіць гарадзенскія актывісты, як адзначаць 25 сакавіка?

Хільмановіч: «Што да фармату сьвяткаваньня, то, напэўна, аргкамітэт, які зьбярэцца абмеркаваць гэтую сытуацыю, закліча актывістаў, хто зможа, ехаць у Менск на дазволеную акцыю з нагоды Дня Волі. А што да тых, хто застанецца ў Горадні, то, напэўна, будзе абраны іншы фармат сьвяткаваньня, які не патрабуе ніякіх дазволаў».

Да прыкладу, гэта можа быць ускладаньне ў горадзе кветак да помнікаў і памятных знакаў, мяркуе Ўладзімір Хільмановіч.

Пяты раз Таварыства беларускай школы ў Горадні праводзіць дыктоўку. Прадстаўнік ТБШ Павал Мажэйка кажа, што яна прымеркаваная да 25-га сакавіка:

«Напярэдадні Дня Волі адбудзецца гарадзенская дыктоўка. Мы плянуем, што зьбярэцца больш за дзьвесьце чалавек. Сёлета мы падрыхтавалі такі сюрпрыз: прачытае дыктоўку Генадзь Бураўкін, мы супольна абралі твор, гэта — верш Ларысы Геніюш, які называецца гучна: «Мы — народ». І таксама заплянавалі дзьве прэзэнтацыі найноўшых кніг «Гарадзенскай бібліятэкі».

Пры канцы ўдзельнікаў дыктоўкі чакае выступ Алеся Камоцкага, зазначае Павал Мажэйка.

Нягледзячы на забароны ўладаў правесьці мітынгі ў дзень 25 сакавіка, актывісты апазыцыі на Гарадзеншчыне рыхтуюцца традыцыйна адзначыць сьвята незалежнасьці Беларусі.

У Слоніме актывісты дэмакратычнага згуртаваньня падавалі заяўку на правядзеньне мітынгу 25 сакавіка, але ўлады яе не задаволілі. Кіраўнік раённай арганізацыі БНФ Іван Шэга кажа, што такі сцэнар прадугледжвалі адразу, таму падрыхтавалі запасны варыянт.

«Паедзем у Парэчча, дзе быў маёнтак Валовічаў…»

Шэга: «Так, як і летась, паедзем у Парэчча, дзе быў маёнтак Валовічаў і ёсьць магіла паўстанцаў. Ускладзем кветкі і зробім там мітынг. Пасьля вернемся ў Слонім і плянуем у гонар гэтае даты правесьці турнір па міні-футболе сярод партыйных камандаў нашага згуртаваньня: БНФ, БХД і АГП».

Спадар Шэга дадае, што на 25 сакавіка ў некалькіх партыйцаў прыпадае дзень народзінаў — віншаваньнямі і вырашана скончыць сьвяточныя мерапрыемствы.

Зь Ліды — у Воранава на ўшанаваньне памяці генэрала Кандратовіча

У Лідзе, паводле актывіста Станіслава Судніка, заявак на мітынг не падавалі, але сьвята традыцыйна адзначаць ушанаваньнем магілы генэрала Кандратовіча, якая знаходзіцца ў Воранаве.

Суднік: «Паедзем у Воранава і ўскладзем кветкі да магілы Кандратовіча. Кандратовіч — гэта генэрал ад інфантэрыі царскага войска. Ён быў міністрам Беларускай Народнай Рэспублікі ва ўрадзе Рамана Скірмунта».

Актывісты са Сьвіслачы ўскладуць кветкі да помнікаў Віктару і Кастусю Каліноўскім і Рамуальду Траўгуту

Сьвіслацкія актывісты традыцыйна ў дзень 25 сакавіка ўскладуць кветкі на магілу Віктара Каліноўскага, да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту.

Актывісты зь іншых гарадоў і мястэчак Гарадзеншчыны ў гэты дзень, як зазвычай, едуць сьвяткаваць Дзень Волі ў Менск.

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў
Намесьнік старшыні Партыі БНФ, былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта РБ на выбарах 2010 году Рыгор Кастусёў: «Мы павінны захоўваць гэтыя традыцыі і перадаваць моладзі, бо ў школах пра Дзень Волі не выкладаюць, а на дзяржаўным узроўні не адзначаюць…

У кожным беларускім горадзе, дзе ёсьць суполкі нашай партыі альбо мясцовыя арганізацыі іншых дэмакратычных партыяў і рухаў, падзеі да Дня Волі абавязкова адбудуцца. Абавязкова!

Я дакладна ведаю, што ў некаторых гарадах адбудуцца ўрачыстыя сустрэчы, імпрэзы, ускладаньне кветак. Ужо літаральна ў кожным горадзе ўсталяваныя традыцыі да Дня Волі.

Да прыкладу, у Магілёве адбываецца ўскладаньне кветак да дома, дзе цяпер месьціцца абласны краязнаўчы музэй. У гэтым будынку ў 1918 годзе адбыўся сход актыву Магілёўскай губэрні. На гэтым сходзе было заяўлена пра падтрымку Беларускай Народнай Рэспублікі на тэрыторыі Магілёўшчыны…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG