Гомельшчына
Пасьля цяперашняй дабаўкі да пэнсіяў многія вяскоўцы рэгіёну перайшлі ў разрад «мільянэраў»: памер іхняй пэнсіі пераваліў за мільён беларускіх рублёў.
Такой «мільянэркай» стала нядаўна й 73-гадовая спадарыня Антаніна зь вёскі Раманавічы Гомельскага раёну:
«Пэнсія ўся — адзін мільён 130 тысяч. Дабавілі той пэнсіі, але ж цэны растуць. Ніякай выгады няма. Аказваецца, ніякай. Цэны — жах! І хлеб дарагі, і ўсё іншае. Зойдзеш у краму, грошы аддасі і з пустой сумкай дадому ідзеш. Я так думаю, што лепей бы пэнсіі не дабаўлялі, а цэны былі такія, як раней. Было б добра».
Кабета кажа, што й жывёлу цяпер ня надта выгадна трымаць, асабліва калі застаесься адна. Нават парсюкоў трымаць выракаецца:
«Камбікорм купляй па 100 тысяч і кармі яго? Не, я нічога не трымаю. Усяго толькі 5 курачак трымаю».
Яшчэ адзін вясковы «мільянэр», спадар Пятро зь вёскі Даўгалесьсе:
«А што толку? Я пайшоў у краму, купіў 2 боханы хлеба, пачак масла і бутэльку піва — і 50 тысяч няма».
Выручае 69-гадовага вяскоўца ня столькі «пэнсійны мільён», колькі свая гаспадарка:
«Хоць нам з жонкай па 69 год, але мы трымаем 12 курэй, 4 трусікі, апрацоўваем 20 сотак зямлі. У нас бульба свая, морква, агуркі. Увосень было памідораў каля паўтары тоны. Гэта й ратуе».
Вясковец дзівіцца, што сельгаспрадпрыемства «Сож», якое месьціцца на тутэйшых землях, прадае сваё малако ў горадзе за адну цану, а ў вёсцы — амаль у 2 разы даражэй. Адну дзясятую тлустасьці дадасьць — і ўжо новая высокая цана:
Трэба ж варушыцца, чаго тут сядзець? Я й парасятка выгадавала — адно і другое. Трэба ж працаваць.
«Была ж пастанова пра сацыяльныя прадукты 27 найменьняў. Дык да нас наагул нічога з тых найменьняў не завозяць. Ёсьць тут саўгас „Сож“, ён на нашых землях кукурузу вырошчвае, людзі нашы ў ім працуюць. Вязе малако ў Гомель тлустасьцю 3,5 працэнты і прадае па 2 тысячы 300, а мы купляем такое ж малако ў пакетах амаль па 5 тысяч».
63-гадовая пэнсіянэрка Ніна зь вёскі Запясочча Жыткавіцкага раёну лічыць, што мільён пэнсіі — добра, калі сам яшчэ заробіш мільёнаў пару:
«Я, дзякуй богу, сала прадала амаль на 2 мільёны. У мяне свая бульба, у мяне ўсё сваё. Я насеньне да зімы купіла. І дзеці мне прывезьлі. Расаду ўсё саджаю на гурочкі ў парніку. Трэба ж варушыцца, чаго тут сядзець? Я й парасятка выгадавала — адно і другое. Трэба ж працаваць. Сядзець ня будзеш і пазіраць, каб зь неба ўпала».
Гарадзеншчына
Вясковыя пэнсіянэры на Гарадзеншчыне сьцьвярджаюць, што грошай у іх, нават пасьля падвышэньня пэнсіяў, нестае на самыя неабходныя рэчы. Рост пэнсіяў, кажуць яны, не пасьпявае за ростам цэнаў.
Жыхарка вёскі Казяняты Івейскага раёну Браніслава Федаровіч напярэдадні 8 сакавіка атрымала пэнсію на 100 тысяч меншую, чым за папярэдні месяц: замест 975 тысяч — толькі 860 тысяч. Прычынаў гэтага ёй ніхто не патлумачыў.
Жанчыне ў гэтым месяцы спаўняецца 80 гадоў, стаж працы ў яе — амаль 30 гадоў. Пасьля гэтага здарэньня яна перахвалявалася:
«Сто тысяч украсьці ад пэнсіі — гэта ня жартачкі. Мне зараз 80 гадоў, маю 27 гадоў стажу. А ў калгасе была такая пякельная праца, ламамі білі гэтую зямлю, і жалі, і ўсё рабілі...»
У райсабесе высьветлілася, што ў мінулым месяцы спадарыня Браніслава атрымала дадатак да пэнсіі за два месяцы, і таму цяпер ёй разам з дадаткам, але за адзін месяц выплацілі толькі 860 тысяч. А без дадатку яе пэнсія наагул складае 708 тысяч рублёў. Пытаюся ў спадарыні — ці стае гэтых грошай на тое, каб пражыць?
Гэтай пэнсіі на два дні толькі хапае. Што ты зь яе пажывеш, калі ўсё такое дарагое? Гэта ня пэнсія, а пакута.
Федаровіч: «Гэтай пэнсіі на два дні толькі хапае. Што ты зь яе пажывеш, калі ўсё такое дарагое? Гэта ня пэнсія, а пакута. Я дровы купляла, то за машыну пілаваных калодак заплаціла 550 тысяч. Дый не спадзяюся я на „савецкія“ грошы, бо „саветы“ як накормяць, то і ногі выцягнеш».
Спадар Лявон жыве ў вёсцы Лунна, мае агульнага стажу 44 гады і больш за 30 зь іх — пэдагагічнага. Пасьля ўсіх падвышэньняў атрымлівае пэнсію — мільён 300. Ён кажа, што грошы ідуць толькі на ежу і каб дапамагчы ўнуку вучыцца. Разам з жонкай ніводнага разу не дазволілі сабе нават выехаць на адпачынак:
«Машынай сваёй я не выяжджаю ўжо амаль год, бо паліва купіць не магу — дорага. Піва таксама даўно ня п’ю, бо дарагое. Нават кніжку ня кожную магу сабе дазволіць, бо проста нестае грошай».
Віцебшчына
Лічыцца, што ў пэнсіянэркі і грамадзкай актывісткі з Шаркоўшчынскага раёну Ады Райчонак пэнсія вялікая. Яна атрымлівае даплату, бо была малалетнім вязьнем фашысцкіх канцлягераў. Але спадарыня Ада мусіць трымаць вялікую гаспадарку, бо цяжка хварэе сын і грошай не хапае.
Яны з мужам трымаюць каня, карову, быка. Сьвіньня гэтымі днямі якраз парасілася, і парсючкоў вырашылі гадаваць, каб мець або мяса, або якую капейчыну да пэнсіі, кажа Ада Элеўна:
«А што рабіць? Трэба гадаваць...А ёсьць жа такія, старэйшыя за нас, нямоглыя, якія ўжо ня ў стане, ім хаця б сабе есьці наварыць. Вёска ж састарэла. А за сьвятло заплаці, за тэлефон заплаці, і на лекі колькі грошай сыходзіць! Цяпер падвысілі пэнсію. Ня ведаю, на колькі, можа, на 130 тысяч... Як цэны растуць, дык прыбаўкі гэтай і не відаць! Ня трэба было пэнсіі падымаць і ня трэба было цэны падвышаць! Калі ўжо грошай у дзяржавы няма, дык гэта ўжо не падтрымка пэнсіянэраў!»
У сям’і Галіны Літоўкі з Аршаншчыны таксама гадуюць сьвіней. Парсючкоў прадаюць, бо на пэнсію, хоць і з надбаўкамі, пражыць цяжка:
Зараз во ехаць у бальніцу трэба — зноў трэба грошы аддаць.
«На 24% мне паднялі пэнсію. Я атрымлівала 717 тысяч, а стала — амаль 900, бяз двух рублёў. Малавата, я лічу. Але мяне гаспадарка падтрымлівае! Мы парсючка прадамо — па 450 тысяч. Дык я ж і лекаў на 500 тысяч купіла. „Актавегін“, 5 ампул — 140 тысяч! Гэта для сасудаў і для сэрца. „Лазартан“ — таблеткі купляла, дык 33 тысячы ўпакоўка. Гэта — ад ціску. А ціск во два дні трымаецца! Зараз во ехаць у бальніцу трэба — зноў трэба грошы аддаць!»
Выходзіць, што заробленыя ў гаспадарцы грошы пераважна трацяцца на лекі. Бо ня маючы здароўя, не пацягнеш тую гаспадарку, а безь яе не пражывеш, кажа спадарыня Галіна:
«Гаспадарка выручае, канечне. Безь яе прапалі б! А так во ўжо курачка нейкая нясецца, потым гародзік свой будзе... Так што ў вёсцы, дзе хоць курыца ў гаспадарцы ёсьць, яшчэ неяк пражыць можна! А вось у горадзе, я думаю, пэнсіянэрам яшчэ цяжэй, чым тут у вёсцы!»
Слухачка «Свабоды» Тацьцяна Зялко, старшыня аргкамітэту па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня беларускіх пэнсіянэраў «Наша пакаленьне»:
«У шараговых беларусаў імкліва згасаюць надзеі на лепшае ў гэтым жыцьці, — падкрэсьлівае Тацьцяна Зялко. Па яе словах, людзі абураныя як ніколі. «Іх пажаданьні кіраўніцтву краіны — зьедлівыя і нядобрыя».
Тацьцяна Зялко кажа, што ў цяперашняй няпростай эканамічнай сытуацыі сталыя людзі не разумеюць, чаму больш за пяць гадоў улада не дае зарэгістраваць грамадзкае аб’яднаньне беларускіх пэнсіянэраў «Наша пакаленьне». У сувязі з гэтым Тацьцяна Зялко паведаміла:
«У гэтым месяцы ці наступным зьбіраемся правесьці сход. Цяпер мы актыўна рыхтуемся. Ён для нас будзе чарговым і адначасова ўстаноўчым».
Пытаюся ў суразмоўцы: наколькі прадстаўнічым будзе зьезд беларускіх пэнсіянэраў?
Зялко: «Мы спадзяемся сабраць з рэгіёнаў амаль 100 дэлегатаў. У нас нядаўна адбылося паседжаньне праўленьня аб’яднаньня „Наша пакаленьне“, дзе і была ўсталяваная такая квота: па 10 чалавек ад рэгіёну».
Даведка
Паводле афіцыйнай статыстыкі, на 1 студзеня 2012 году ў Беларусі налічвалася амаль 2,5 мільёна атрымальнікаў розных відаў пэнсій. У параўнаньні з 2011-м годам гэтая лічба павялічылася на 18 тысяч чалавек. Цяпер у сярэднім на адну тысячу працоўных у Беларусі прыпадае 630 пэнсіянэраў. Экспэрты прагназуюць, што пры захаваньні цяперашніх тэндэнцыяў да 2030 году іх будзе каля 840.
На 1 студзеня 2012 году ў Беларусі працягвалі працаваць 22% атрымальнікаў пэнсіяў. Працавалі нават 413 жанчын і 543 мужчыны ва ўзросьце 80–89 гадоў і трое жанчын і трое мужчын, якія перакрочылі 90-гадовы рубеж.