Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск застанецца без вечарыны памяці ўкраінскага пісьменьніка Одрача


Пінскія ўлады забаранілі правядзеньне літаратурнай вечарыны ў вёсцы Місяцічы, на радзіме ўкраінскага пісьменьніка Фёдара Одрача да ягонага 100-годьдзя.

Вечарыну мелася арганізаваць украінская навукова-педагагічная суполка «Берагіня». Намесьнік старшыні гэтай арганізацыі Віктар Місіюк кажа, што асноўнай прычынай адмовы сталася тое, што шанаваны ва Ўкраіне пісьменьнік быў сябрам Украінскай паўстанцкай арміі.

«З лета-восені мы рыхтаваліся да гэтага юбілею. Падалі афіцыйная дакумэнты ў найніжэйшую інстанцыю — у сельвыканкам. Папера прайшла ўсе інстанцыі і мы атрымалі адмову ў правядзеньні мерапрыемстваў на тэрыторыі сельсавету. Потым вусную адмову мы атрымалі і ў Пінску. Адна з матывацый — гэта тое, што Фёдар Одрач быў удзельнікам Украінскай паўстанцкай арміі. Хаця ён выехаў у эміграцыю яшчэ да таго, як савецка-нямецкі фронт прайшоў гэтую тэрыторыю. Таму ён ніякага ўдзелу ў збройнай барацьбе ня прымаў, ён быў выключна пісьменьнік, журналіст, гэта была вельмі адукаваная асоба. Ніякіх канкрэтных злачынстваў за ім абсалютна няма. Таму адмова безпадстаўная,» — кажа спадар Місіюк.

Віктар Місіюк дадае, што літаратурную вечарыну на радзіме пісьменьніка меркавалася праводзіць таму, што там яшчэ захавана хата, у якой нарадзіўся Фёдар Одрач.

«Той будынак у гаротным стане, дзе ён нарадзіўся. Хата ўжо, нажаль, нежылая, але ёсьць родзічы, якім яна належыць. Усё ж такі, гэта ўнікальна, што праз сто год гэтая хата стаіць. Таму мы хацелі валантэрскімі сіламі аднавіць яе. Я думаю, што гэты будынак меў бы пэную турыстычную вартасьць», — дадае Місіюк.

Украінская грамада плянавала ўсталяваць на радзіме пісьменьніка і помнік. Але спадар Місіюк кажа, што з адказу ўладаў зразумела, што і гэта забаронена.

«Мерапрыемства плянавалася на сур’ёзным узроўні, з удзелам гасьцей з Украіны, дыпляматаў. Бо яго творы выдаюцца ва Ўкраіне вялікімі накладамі, ёсьць крытыкі літаратурныя, якія займаюцца дасьледаваньнем яго творчасьці. Ёсьць школы, названыя імем Одрача. Калі так, то мы ня будзем на тэрыторыі Піншчыны сьвяткаваць гэты юбілей. Адсьвяткуем у больш вузкім коле ў Берасьці,» — рэзюмаваў Віктар Місіюк.

100-гадовы юбілей пісьменьніка Фёдара Одрача адзначаецца 13 сакавіка. Ён нарадзіўся ў шляхецкай сям’і ў Місяцічах. Ён аўтар шматлікіх аповесцяў, нарысаў і кніг успамінаў. Удзельнік украінскага нацыянальна-вызвольнага руху, выпускнік Віленскага ўнівэрсітэту, настаўнічаў на Піншчыне. Пасля Другой сусветнай жыў у Канадзе. Ён быў непрымірымым праціўнікам савецкага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG