Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Der Spiegel: «Лукашэнка прызнаўся, што ён дыктатар»


Інтэрнэт-вэрсія штотыднёвіка «Spiegel» зьмясьціла камэнтар пра чарговы выпад Аляксандра Лукашэнкі на адрас міністра замежных спраў Нямеччыны і віцэ-канцлера Гіда Вэстэрвэле.

4 сакавіка адказваючы на пытаньні журналістаў падчас «Менскай лыжні-2012», Лукашэнка чарговым разам абрынуўся на кіраўніка нямецкага МЗС, назваўшы яго «ці то ружовым, ці то блакітным, які там нешта крычаў пра дыктатуру».

«Я, гэта пачуўшы, падумаў — лепш быць дыктатарам, чым „блакітным“, — вядома. Але Госпад зь ім», — заявіў Лукашэнка.

Як піша нямецкае выданьне, некаторыя крыўды так ці інакш вяртаюцца да крыўдзіцеляў. Відавочна, што Лукашэнка хацеў гэтымі словамі абразіць Вэстэрвэле. Аднак справа нават ня ў гэтым: абражаючы нямецкага міністра, ён ускосна прызнаў сябе дыктатарам. Хоць увесь час публічна пазыцыянуе сябе як дэмакратычна абранага кіраўніка дзяржавы.

Высокая Лукашэнкава самаацэнка — справа выключная ягоная, адзначае «Spiegel». Але ў нядзелю ён пайшоў на новы віток канфлікту з ЭЗ, пагражаючы «моцным адказам» на магчымыя далейшыя санкцыі з боку Эўразьвязу, бо той, на думку Лукашэнкі, хоча разбурыць і стабільнасьць у Беларусі, і саму краіну.

Як адзначае Spiegel, выпад на адрас Вэстэрвэле быў далёка ня першы. Летась у лютым беларускі кіраўнік паведаміў журналістам, што падчас візыту нямецкага міністра ў Менск сказаў таму ў вочы пра сваю непрыязь да геяў і параіў весьці «нармальнае жыцьцё».

Пазьней, у кастрычніку 2011 году, на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў ён, аднак, палічыў за лепшае папрасіць прабачэньня ў міністра за свае гамафобныя выказваньні.

«Пакрыўдзіўся Вэстэрвэле, што я не прымаю гомасэксуалізм. Мне міністар напісаў, але я не дачытаў да канца гэтую даведку», — распавёў Лукашэнка, маючы на ўвазе падрыхтаваныя МЗС зьвесткі пра нямецкага віцэ-канцлера.

«Да гэтага часу раскайваюся, хто мяне за язык цягнуў?» — прызнаўся тады Лукашэнка і дадаў, што вельмі мала разумее ў аднаполых партнэрствах і не прымае «нетрадыцыйныя сэксуальныя сувязі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG