Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэлі: Вяртаньне амбасадараў магчымае пасьля вызваленьня ўсіх палітвязьняў

абноўлена

Іэн Кэлі
Іэн Кэлі

Пасол ЗША пры АБСЭ Іэн Кэлі сёньня заявіў, што вяртаньне амбасадараў Эўразьвязу і ЗША ў Беларусь магчымае пасьля безумоўнага вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітвязьняў.

У відэаканфэрэнцыі прадстаўніка Злучаных Штатаў у АБСЭ для журналістаў незалежных беларускіх і замежных СМІ ўдзельнічаў Валер Каліноўскі.

Прэсавую канфэрэнцыю для беларускіх журналістаў пасол Іэн Кэлі пачаў з заявы, прысьвечанай апошнім беларускім падзеям:

«На жаль, падзеі апошніх некалькіх дзён паказваюць, што рэжым працягвае рухацца ў напрамку рэпрэсіяў і самаізаляцыі і яшчэ болей аддаляецца ад інтэграцыі з Эўропай і нармальных адносін з астатнім сьветам. Мы глыбока занепакоеныя тым, што спадар Лукашэнка папрасіў паслоў Эўрапейскага зьвязу і Польшчы пакінуць Менск. Мы вельмі шкадуем аб гэтых неапраўданых дзеяньнях беларускага ўраду і падтрымліваем рашэньне іншых краін Эўразьвязу адклікаць сваіх паслоў зь Менску на знак салідарнасьці».

Учора пасол Іэн Кэлі выступіў на пасяджэньні Сталай рады АБСЭ з асуджэньнем выраку апазыцыйнаму актывісту зь Віцебску Сяргею Каваленку:

«Мы выказалі ўраду Беларусі нашае крайняе расчараваньне вынесеным Сяргею Каваленку палітычна матываваным прысудам больш чым на 2 гады пазбаўленьня волі. Мы глыбока занепакоеныя яго фізычным станам, а таксама станам здароўя ўсіх палітычных вязьняў Беларусі».

Прадстаўнік ЗША заклікаў улады Беларусі «тэрмінова і безагаворачна» вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязьняў, дазволіць ім паўнапраўна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці, а таксама дазволіць адкрыць офіс АБСЭ ў Менску, які быў неабгрунтавана закрыты ў сакавіку мінулага году.

Амбасадар Кэлі таксама заявіў, што ЗША падтрымліваюць санкцыі, якія ўводзіць супраць беларускіх уладаў Эўрапейскі Зьвяз. Ён выказаў жаданьне, каб разам з эўрапейскімі пасламі ў Менск вярнуўся і амэрыканскі амбасадар, які пад ціскам ураду Лукашэнкі пакінуў Беларусь у 2008 годзе. Умовы для вяртаньня паслоў Эўразьвязу і ЗША, на думку спадара Кэлі, простыя:

«Самая важная ўмова для нармальных дыпляматычных адносін — вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных і спыненьне ўсіх рэпрэсій супраць СМІ, адвакатаў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці».

Прадстаўнік ЗША ў АБСЭ Іэн Кэлі выказаў спадзеў, што санкцыі Эўразьвязу і ЗША дапамогуць беларускім уладам зразумець, што яны ізаляваныя за парушэньне правоў чалавека і што гэта аслабляе беларускую дзяржаву:
Мы хочам паказаць уладам, што ёсьць лепшы шлях, шлях да больш эфэктыўнага супрацоўніцтва з Эўропай.

«Шлях да дабрабыту Беларусі — гэта інтэграцыя, а не самаізаляцыя. Мы хочам паказаць уладам, што ёсьць лепшы шлях, шлях да больш эфэктыўнага супрацоўніцтва з Эўропай».

Пасол Іэн Кэлі зазначыў, што размовы пра выкарыстаньне мэханізму выключэньня Беларусі з АБСЭ пакуль заўчасныя, арганізацыя будзе працягваць спробы наладжваньня дыялёгу зь менскімі ўладамі, у тым ліку і з удзелам Расеі:

«Мы, канечне, хацелі б, каб Расея ўплывала на Беларусь, імкнулася дапамагчы ёй вярнуцца ў Эўропу. Аднак Расея пакуль не далучалася да нашых супольных заяваў — Эўразьвязу і ЗША... Але я згодзен з тым, што Расея мае вялікі ўплыў на Беларусь».

Прадстаўнік амбасады ЗША ў Менску Крыстафэр Паніка нагадаў, што ў двухбаковых дачыненьнях зь Беларусьсю ЗША абапіраюцца на супольную заяву міністра Мартынава і дзяржсакратара Гілары Клінтан ад 1 сьнежня 2010 году, якая ўтрымлівае палажэньне аб тым, што цэнтральнай тэмай двухбаковых адносін ёсьць паляпшэньні ў галіне правоў чалавека і дэмакратызацыі:

«Канечне, хацелася б мець канструктыўныя адносіны зь Беларусьсю. Мы ня хочам, каб Беларусь далей вяла палітыку самаізаляцыі. Але стрыжань нашых узаемаадносін — гэта паляпшэньні ў галіне правоў чалавека. Тым болей, што гэта было ў заяве прызнана ўрадам Беларусі як жыцьцёва важная ўмова для разьвіцьця краіны».


пачакайце

No media source currently available

0:00 0:35:32 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG