Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як глядзяць у Ізраілі на заявы пасла Шагала ў Менску?


Ёсіф Шагал
Ёсіф Шагал

20 лютага новы пасол Ізраіля ў Беларусі Ёсіф Шагал ўручыў даверчыя граматы прэзыдэнту краіны Аляксандру Лукашэнку. Перад гэтым, 15 лютага Шагал правёў прэсавую канфэрэнцыю ў Менску, і адзін з адказаў пасла выклікаў рэзкую рэакцыю беларускай апазыцыі. На пытаньне пра палітвязьняў у Беларусі Шагал адказаў літаральна наступнае: «Я — грамадзянін Ізраілю, у нас няма палітвязьняў. Што тычыцца Беларусі, то я не ведаю, мне трэба пачытаць газэты». Гэта было расцэнена як выказваньне падтрымкі рэжыму Лукашэнкі і выклікала шэраг рэзкіх публікацый у Беларусі. Рэакцыю дасьледавалі карэспандэнт Свабоды ў Ізраілі Эла Котлер і наш аглядальнік Юры Дракахруст.

У Ізраілі гэта падзея прайшла практычна незаўважанай, калі не лічыць інтэрвію Шагала радыёстанцыі «Рэшэт Бэт», у якім ён патлумачыў, што яго словы былі няправільна зразуметыя.

У МЗС Ізраілю ніяк афіцыйна не камэнтуюць тое, што адбылося. Аднак крыніцы ў ведамстве адзначаюць, што згодна з 41-м параграфам Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных зносінах пасол не мае права ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны, у якой ён выконвае свае абавязкі. Задача пасла, паводле ізраільскай дыпляматычнай дактрыны, выкладзенай на сайце ведамства — падтрымліваць «дружалюбныя і ўзаемавыгадныя сувязі на прынцыпах добрасуседзтва, узаемаразуменьня, супрацоўніцтва і неўмяшаньня ва ўнутраныя справы. Асаблівая ўвага ізраільская дыпляматыя надае разьвіцьцю эканамічных і культурных сувязяў, зьнешнепалітычнаму дыялёгу, ўвекавечаньню памяці ахвяр Галакосту і барацьбе з праявамі антысэмітызму».

Журналіст-аналітык парталу IzRus, які займаецца пытаньнямі сувязяў Ізраілю з пост-савецкім прасторай Аляксандар Коган пракамэнтаваў сытуацыю наступным чынам:

«Тут ёсьць цэлы шэраг складанасьцяў: па-першае, я не разумею, як можна задаваць амбасадару пытаньне, на якое ён не мае права адказваць. Гэта не яго справа — займацца пытаньнямі ўнутранай палітыкі Беларусі. І на гэтае пытаньне, зададзены дыплямату, па сутнасьці не існуе правільнага адказу. Паслу, безумоўна, варта было б ўстрымацца ад адказу наогул.

Па-другое, я пачытаў дыскусію ў беларускім інтэрнэце з нагоды прэсавай канфэрэнцыі пасла, і мяне вельмі абразілі параўнаньні з Галакостам, якія праводзяцца прадстаўнікамі апазыцыі. Зьнішчэньне 6 мільёнаў чалавек і адседка у КДБ — гэта ніяк не супастаўныя рэчы.

Таксама хацелася б, каб прадстаўнікі беларускай апазыцыі пры згадваньні Галакоста хоць бы вывучылі лічбы: яўрэяў загінула не дзесяткі мільёнаў, а шэсьць мільёнаў, гэта досыць вялікая лічба. Нас на той момант у сьвеце было усяго 13 мільёнаў, і казаць пра дзясяткі мільёнаў забітых — толькі нагнятаньне гістэрыі.

Яшчэ адна дэталь, якая мяне вельмі зьдзівіла — гэта тое, што ў Сеціве пры абмеркаваньні выказваньняў пасла ўзьнімаецца тэма таго, што мясцовым габрэям зараз прыйдзецца адказваць перад апазыцыяй за словы Ёсіфа Шагала, і згадкі пра магчымыя антыгабрэйскія выступленьні і ўспышкі антысэмітызму з боку апазыцыі. Гэта вельмі цікавая апазыцыя, якая гатовая вымяшчаць сваю незадаволенасьць на недатычных і якая чакае, што Ёсіф Шагал будзе займацца не прадстаўленьнем інтарэсаў дзяржавы, грамадзянiнам якой ён зьяўляецца і якая прызначыла яго амбасадарам, а прадстаўленьнем інтарэсаў беларускай апазыцыі».

Ёсіф Шагал раней не выступаў у ролі дыплямата і ўжо адзначыў з нагоды свайго прызначэньня, што ў сувязі са сваёй новай пасадай яму давядзецца вучыцца мастацтву сыходу ад прамых адказаў. Заявы пасла Шагала мы папрасілі пракамэнтаваць яго папярэдніка, першага пасла Ізраілю ў Беларусі Эліягу Валка.

Валк: Бурная рэакцыя, якую выклікала прэсавая канфэрэнцыя пасла Ізраіля Ёсіфа Шагала, спараджае ў мяне супярэчлівыя пачуцьці.

З аднаго боку, як чалавек, які таксама прыехаў у свой час у Беларусь паслом, я разумеў, што перад гэтым трэба азнаёміцца з краінай, у якую едзеш. Гэта было справядліва і ў 1993 годзе, і ў 2012 годзе. Я мяркую, што спадар Шагал таксама знаёміўся з сытуацыяй у Беларусі. І заявіць, што ён ня ведае, ці ёсьць у Беларусі палітзьняволеныя, калі гэта сакрэт Палішынэля для ўсяго сьвету — гэта дзіўна.

Зь іншага боку, я магу зразумець пасла, які толькі прыехаў. І любы пасол у такім статусе ня можа і не павінны адразу абрынацца з крытыкай ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў краіне.

Можна і варта выказаць сваё стаўленьне да парушэньняў правоў чалавека наагул, у любой краіне. Можна сказаць, што калі даведаюся, скажу больш, але і зараз асуджаю падобныя парушэньні. Ёсьць шмат спосабаў выказаць меркаваньне.

Зразумела, што Ёсіф Шагал абраў ня лепшыя фармулёўкі на сваёй прэсавай канфэрэнцыі.

З тае пары, як я пакінуў Беларусь, прайшло ўжо больш за 12 гадоў, Беларусь прасунулася ў бок пашырэньня палітычнага перасьледу, але не лібэралізацыі рэжыму. Я сустракаўся з рэктарам БДУ Казуліным, з міністрам гандлю Марынічам, які потым быў паслом у Латвіі, а потым яны сталі палітзьняволенымі. Міжволі напрошваецца выснова наконт расправы з палітычнымі праціўнікамі. Калі я ведаю, што Саньнікаў выстаўляў сваю кандыдатуру і зараз ён палітзьняволены, то тут камэнтары лішнія.

Карэспандэнт: А што бы Вы адказалі на пытаньне наконт палітзьняволеных, калі б Вы прыехалі паслом у Менск зараз?

Валк: Я б не казаў, што мне трэба паўгоду, каб даведацца. Але таксама сказаў бы, што мне трэба вывучыць сытуацыю лепш, даведацца меркаваньні не толькі тых, хто гаворыць пра перасьлед беларускіх палітзьняволеных ва ўсім сьвеце, але і афіцыйны пункт гледжаньня. Аднак пры гэтым я б асудзіў пазбаўленьне людзей права выказваць сваё меркаваньне. Тут у нас у Ізраілі кожны гаворыць, што хоча, нават калі гэта наносіць прамую шкоду краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG