Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праверка на яйцы


Сёньняшняя заява Аляксандра Лукашэнкі пра магчымыя дзеяньні афіцыйнага Менску ў адказ на эўрапейскія санкцыі – дэманстрацыя «ненахіляльнасьці», рэалізацыя прынцыпу – лепшая абарона – гэта наступ. Аднак пакуль дэманструецца адно намер, пагроза, кіраўнік Беларусі не паведаміў, дзе пралягае прыгаданая ім «чырвоная лінія», пасьля пераходу якой гэтыя пагрозы могуць спраўдзіцца.

Словы, што Беларусь будзе абараняцца, «нават калі мы застанёмся ў адзіноце, без Расеі, Кітаю, бязь іншых нашых сяброў», ускосна сьведчаць пра тое, што звароты Менску да Масквы і Астаны праявіць салідарнасьць у гэтым пытаньні засталіся, гледзячы па ўсім, без станоўчага адказу.

Тым ня менш сёе-тое Менск сапраўды можа ў адказ зрабіць. Гэта найперш зваротныя візавыя санкцыі, што дыпляматычна карэктна, але па сутнасьці сьмешна – чыноўнікі ЭЗ ня так і рвуцца ў «сінявокую».

Больш сур'ёзная мера – дэманстратыўнае ўзмацненьне жорсткасьці рэпрэсіяў супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, каб паказаць, што эфэкт санкцый супрацьлеглы чаканаму. Нарэшце, гэта эканамічныя меры ў адказ – гэта варыянт найбольш эфэктыўны, але і найбольш небясьпечны для самога афіцыйнага Менску. Вайну нэрваў можна і прайграць, асабліва з улікам несувымернасьці эканамічных патэнцыялаў.

Аднак пагрозы могуць пэўны плён і прынесьці. Час для заявы Лукашэнка абраў невыпадкова. Нядаўні візыт у Беларусь прадстаўніка зьнешнепалітычнай службы ЭЗ Гунара Віганда, заявы, зробленыя ім у Менску, паказалі, што Эўропа знаходзіцца на пэўных ростанях – працягваць ранейшую палітыку адносна Беларусі ці карэктаваць.

Віктар Марціновіч нядаўна ў сваім блогу абураўся млявым тонам эўрапейскай дыпляматыі. Аднак гэтая млявасьць можа быць абумоўленая тым, што Беларусь насамрэч мае для Эўропы, як гэта горка ні гучыць, другараднае значэньне.

Жаданьне заходніх дэмакратычных краін ісьці на рызыку ў імя абароны маральных каштоўнасьцяў вызначаецца вышынёй палёту іх бамбавікоў.
Г. Кісынджэр

Тон размоваў, скажам, з Сырыяй ці Іранам зусім іншы. У адрозьненьне ад гэтых краін, адносіны ЭЗ зь Беларусьсю не зьвязаныя з праблемамі міжнароднай бясьпекі. На Іран ціснуць не таму, што ён парушае правы чалавека (хаця і парушае), а таму што іранская атамная бомба ёсьць пагроза рэгіянальнай і сусьветнай стратэгічнай стабільнасьці. Беларусь на гэтую стабільнасьць не замахваецца, палітыка санкцый ЭЗ адносна яе мае галоўным чынам маральную матывацыю. А з нагоды гэтай матывацыі варта прыгадаць зьедлівую рэпліку Генры Кісынджэра, сказаную ў сувязі з вайной у Косаве, але ня толькі: «Жаданьне заходніх дэмакратычных краін ісьці на рызыку ў імя абароны маральных каштоўнасьцяў вызначаецца вышынёй палёту іх бамбавікоў». Сваёй заявай Лукашэнка імкнецца павысіць рызыку палітыкі каштоўнасьцяў для Эўропы, фігуральна кажучы, «зьнізіць вышыню палёту» эўрапейскіх палітычных «бамбавікоў».

Ці дасьць гэта плён? Магчыма (і нават хутчэй за ўсё) гэтыя грозныя абяцаньні Лукашэнкі – проста блеф. Пра магчымасьць дзеяньняў афіцыйнага Менску ў адказ гаварылася ня раз, як, дарэчы, неаднаразова гучалі і абяцаньні дакладна палічыць, хто і колькі каму вінны ў адносінах Беларусі і Расеі. Але дагэтуль гэтыя пагрозы ніколі ня спраўджваліся.

У міжнароднай палітыцы пагроза часам мацней за яе выкананьне. І сёньняшнія заявы Лукашэнкі заснаваныя хутчэй за ўсё на яго меркаваньні, што «ў эўрапейскіх лідэраў няма яец». Рэакцыя Эўропы будзе ў пэўнай ступені праверкай, ці мае рацыю кіраўнік Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG