Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На наступны дзень пасьля ператрусу КДБ актывіста зьбілі


Вольга Дамаскіна і Дзьмітрый Рыжычэнка.
Вольга Дамаскіна і Дзьмітрый Рыжычэнка.

19-гадовы жыхар Наваполацку Дзьмітрый Рыжычэнка апавёў, што ў арцы каля дому на яго напалі невядомыя.

Ні грошай, ні рэчаў не забралі, толькі зьбілі. Хлопец не выключае, што прычынай нападу маглі стацца зьвесткі пра спробы вярбоўкі супрацоўнікамі КДБ, якія ён учора абнародаваў:

«Я вяртаўся дахаты, на галаве быў капюшон, у вушах навушнікі. Таму я нічога не заўважыў. Апамятаўся, калі ўжо ляжаў на зямлі, адчуў некалькі ўдараў па шыі і па нырках з абодвух бакоў. Калі ўзьняў галаву, нікога ўжо не было. Дзіўна, што ўсё гэта здарылася каля майго роднага дому, тут мяне ўсе ведаюць, нічога падобнага раней не было».

Дзьмітрый Рыжычэнка мяркуе, што прычынай нападу магло стацца тое, што ўчора ў інтэрнэце зьявіліся зьвесткі пра спробы вярбоўкі яго кадэбістамі. Дзьмітрый сам апавёў незалежным журналістам, што цягам году яму тэлефанавалі розныя людзі, якія называліся работнікамі КДБ. Яны запрашалі сустрэцца і «падзяліцца зьвесткамі» пра настроі ягоных сяброў, а таксама пра тое, чым займаецца яго маці, сябра партыі БНФ, актывістка руху «За Свабоду» Вольга Дамаскіна.

Хлопец адмаўляўся супрацоўнічаць, кажучы, што не валодае зьвесткамі, якія былі б цікавыя «ворганам». Пра спробы вярбоўкі ён таксама не расказваў да ўчорашняга дня, пакуль у кватэру, дзе ён жыве, супрацоўнікі міліцыі і КДБ не прыйшлі зь ператрусам.

У пастанове было напісана, што ён «можа мець дачыненьне» да зяўленьня графіці, якія «прапагандуюць антыграмадзкія ідэалы і антысацыяльныя каштоўнасьці, зьневажаюць чалавечую годнасьць і мараль». Справу наконт малюнкаў і надпісаў — якіх канкрэтна, хлопцу не патлумачылі — завялі яшчэ ў красавіку 2010 году. Цяпер, амаль праз два гады, з кватэры пасьля ператрусу забралі сыстэмны блёк кампутара, ноўтбук, некалькі дыскаў і балёнчык зь белай фарбай, якой бацькі зьбраліся падфарбаваць пральную машыну.

Дзьмітрый Рыжычэнка кажа, што супрацоўнікі КДБ не хавалі, што будуць ствараць яму праблемы ў політэхнічным каледжы, дзе ён навучаецца на трэцім курсе. Адміністрацыя навучальнай установы ўжо прапаноўвала яму напісаць заяву пра сыход па ўласным жаданьні, бо ў каледж прыходзілі людзі з КДБ, якія казалі, што Дзьмітрый «фашыст» і «бээнэфавец».
…сыходзіць з каледжу добраахвотна ня стаў. Тады мне сказалі, што знойдуць падставы для выключэньня.

Рыжычэнка: «Я, можна сказаць, чалавек апалітычны. Але мяне цікавіць дзейнасьць сацыяльнага кірунку. Мы зь сябрамі хадзілі ў дзіцячы прытулак, гулялі з выхаванцамі, частавалі іх цукеркамі. Каб зладзіць нешта больш грунтоўнае, у нас проста няма грошай… Таму я не лічу сябе вінаватым, і сыходзіць з каледжу добраахвотна ня стаў. Тады мне сказалі, што знойдуць падставы для выключэньня. Вось сёньня на пэднарадзе мне зацьвердзілі вымову, нібыта за пропускі заняткаў».

Каб быць адлічаным з каледжу, навучэнцу дастаткова мець дзьве вымовы. Тую, што вынесьлі ў мінулым сэмэстры, хлопцу разам з бацькамі давялося сёньня аспрэчыць. Яна ня лічыцца дзейнай, бо Дзьмітрыя зь ёй не знаёмілі і не давалі на подпіс адпаведных папераў.

Вольга Дамаскіна: «Сын скардзіцца, што ў яго баліць галава. Напэўна, будзем зьяртацца ў мэдычную ўстанову. Ужо выклікалі міліцыю проста на месца здарэньня. Яны распыталі Дзіму, але ніякіх улікаў і падазрэньняў у нас няма. Зараз едзем падаваць заяву ў пастарунак».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG