Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель. Абласны суд адмовіўся рэабілітаваць актывіста


Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых

15 лютага судзьдзя Гомельскага абласнога суду Аляксандар Сужаеў адхіліў скаргу грамадзкага актывіста Ўладзімера Няпомняшчых на пастанову Цэнтральнага раённага суду пра дробнае хуліганцтва.

Актывіста ў Цэнтральным судзе штрафавалі двойчы: за расклейку налепак да Народнага сходу і за дробнае хуліганцтва. Расклейку налепак спадар Няпомняшчых не адмаўляў, а вось лаянку позна ўвечары на пустым праспэкце й 105-тысячны штраф за гэта — аспрэчыў.

У судзе супрацоўнік Цэнтральнага РАУС, маёр Амельчанка, які напісаў рапарт супраць актывіста, блытаўся ў паказаньнях і цьвердзіў стандартнае абвінавачваньне: Няпомняшчых нібыта пры затрыманьні размахваў рукамі й брыдка лаяўся. Ніхто іншы, апрача Амельчанкі, гэтую лаянку ня чуў — ні міліцэйскі кіроўца, ні экспэрт, ні дазнаўца.

Раённы судзьдзя Алена Цалкова спыніла адміністрацыйную справу пра дробнае хуліганцтва «за недаказанасьцю віны». Аднак Няпомняшчых аспрэчыў пастанову ў абласны суд, патрабуючы, каб суд прызнаў у яго дзеяньнях адсутнасьць праванарушэньня — так, як і было на самай справе.

Абласны судзьдзя Суджаеў, адхіляючы скаргу актывіста, заявіў, што ня можа перакваліфікаваць справу, бо гэта ня робіцца ў касацыйнай інстанцыі. Ня можа таксама адмяніць яе й накіраваць на новы разгляд, паколькі ў скарзе Няпомняшчых пра гэта не прасіў.

«Я буду надалей аспрэчваць пастанову старшыні абласнога суду, калі спатрэбіцца, то і ў Вярхоўным судзе. На мяне ўзьвялі паклёп, я адсядзеў амаль трое сутак да суду ні за што. А цяпер спыняюць справу супраць мяне „за недаказанасьцю віны“ — гэта поўны абсурд», — лічыць Уладзімер Няпомняшчых, былы афіцэр міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG