Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Мікалая Статкевіча атрымала ад яго «валянцінку»


Мікалай Статкевіч даслаў жонцы «валянцінку». Для праваабаронцы Алеся Бяляцкага ў Жодзінскім СІЗА прынялі харчовую перадачу, але папярэдзілі, каб больш не прыносілі. Віцебскія праваабаронцы сочаць за станам здароўя Сяргея Каваленкі, які працягвае галадоўку. Зьмітру Бандарэнку не дазволілі пазваніць дамоў.

Марына Адамовіч атрымала на дзень сьвятога Валянціна паштоўку ад Мікалая Статкевіча. Тэкст «валянцінкі» жонка Статкевіча не раскрывае, а зьмест — зразумелы.

«Даруйце, гэта абсалютна інтымная рэч, што там напісана. Ішла паштоўка ажно тыдзень, хаця штэмпэль магілёўскі і менскі супадаюць. То бок яны максымальна пратрымалі гэтую паштоўку, але ўсё ж трапіла ў тэрмін».

Паводле Марыны Адамовіч, пра сябе, пра свае справы ці здароўе Мікалай Статкевіч не напісаў нічога. Новых лістоў ад яго таксама не было, а званіць экс-кандыдату на прэзыдэнта з Магілёўскай крытай турмы не дазваляюць.

Ліст ад Андрэя Саньнікава атрымала ягоная маці. Ала Ўладзімераўна Саньнікава заўважае, што пэўнай інфармацыі ў лісьце няма.

«Піша ні пра што, пра прыроду, пра надвор’е. Ліст кароткі. Знак, што жывы. Але больш нічога, нават пра здароўе».

Ала Саньнікава мяркуе, што гэта дзейнічае папярэджаньне з боку адміністрацыі калёніі «Віцьба-3» не пісаць нічога пра калёнію і палітыку, інакш лісты ўвогуле ня будуць даходзіць. Меркаваньне пра тое, што такое папярэджаньне існуе, раней выказвала і жонка Саньнікава Ірына Халіп.

14 лютага Алесь Бяляцкі яшчэ знаходзіўся ў Жодзінскім СІЗА. Гэта паведамілі праваабаронцу Дзьмітрыю Салаўёву, які прывозіў Бяляцкаму ў Жодзінскі ізалятар перадачу.

«Сказалі, што гэтая перадача будзе апошняй. Ён пакуль тут, але перадач для яго больш тут прымаць ня будуць».

Алеся Бяляцкага ў любы дзень могуць перавезьці з Жодзіна ў іншую калёнію для адбыцьця пакараньня паводле прысуду, які ўступіў у дзеяньне. Кіраўніку праваабарончага цэнтру «Вясна» прысудзілі 4,5 года зьняволеньня паводле артыкула аб утойваньні асабліва вялікіх прыбыткаў.

На гэтым тыдні ад Зьмітра Бандарэнкі не было заплянаванага тэлефоннага званка дамоў, няма ад яго і лістоў. Жонка палітвязьня Вольга Бандарэнка непакоіцца за стан здароўя мужа, у якога зноў абвастрылася захворваньне хрыбетніка.

Ці працягвае галадоўку вязень віцебскага сьледчага ізалятара Сяргей Каваленка? На маё пытаньне наконт гэтага дзяжурны ізалятара нешта пэўнае паведаміць адмовіўся.

«Свабода?» Такой інфармацыі мы не даем праз тэлефон. Калі да нас прыйдуць сваякі, то ім мы паведамім, а вы ўжо ў іх даведаецеся«.

Сёньня віцебскі праваабаронца Павал Левінаў спрабаваў у ізалятары даведацца пра стан здароўя Сяргея Каваленкі. У ізалятары пра Сяргея Каваленку нічога ня кажуць.

«Начальніка мэдычнай часткі ізалятара не было, а выканаўца ягоных абавязкаў адмовіўся нешта казаць. У канцылярыі жанчына сказала, што з Каваленкам усё добра і ён даўно есьць. Але мне гэта нагадвае інфармацыю з „Савецкай Беларусі“ ці зь беларускага тэлебачаньня».

Павал Левінаў нагадаў, што, паводле апошняй інфармацыі адваката, Сяргей Каваленка працягвае галадоўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG